А вагнэраўцы прыедуць? Мы патэлефанавалі ў КДБ – і нас не супакоілі, а сказалі слухаць Лукашэнку


У закінутай вайсковай частцы ў вёсцы Цэль нешта задумалі, ставяць сотні намётаў. І Лукашэнка якраз сказаў, што мяцежным баевікам групы Вагнэра прапанавалі адну з закінутых частак. «Белсат» патэлефанаваў у КДБ пад выглядам занепакоенай жыхаркі Цэлі – выйшаў дзіўны дыялог, які наўрад ці дапаможа даць рады са стрэсам ад магчымага прыезду галаварэзаў у літаральным сэнсе гэтага слова.

Сотрудник КГБ
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Супрацоўнік КДБ. Малюнак: Dall-E / Bing.com

На тэрыторыі вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну дабудавалі палявы лагер. Магчыма, там размесцяцца баевікі групы Вагнэра, якім расейская ўлада дазволіла «сысці ў Беларусь» і якім радуецца Аляксандр Лукашэнка, што нібыта запрасіў іх.

Праўда, у лагеры на тры сотні намётаў баевікоў пакуль не відаць, як не відаць і іхнага лідара Яўгенія Прыгожына (ёсць хіба што ўскосныя прыкметы: прылятаюць і вяртаюцца назад ягоныя самалёты). Магчыма, лагер будавалі не для вагнэраўцаў, а для нейкіх іншых гасцей, хаця б тых расейскіх вайскоўцаў, якія прыедуць ахоўваць ядравую зброю.

Жыхарка вёскі Цэль, з якой паразмаўляў «Белсат», распавядае: чуткі аб прыездзе вагнэраўцаў былі, «трэску» з гэтай нагоды шмат, але баевікоў яна не бачыла і не ведае, ці прыедуць яны насамрэч.

Hавiны
Як выглядае лагер пад Асіповічамі, куды могуць пераехаць вагнэраўцы
2023.07.03 19:38

Дык прыедуць ці не? Мы паспрабавалі спытаць пра гэта ва ўпраўленні Камітэту дзяржаўнай бяспекі Магілёўскай вобласці: журналістка «Белсату» назвалася занепакоенай жыхаркай вёскі Цэль.

Прадстаўнік упраўлення, які прадставіўся неразборлівым мычаннем (адно слова было падобнае на «памочнік»), запатрабаваў перад адказам персанальныя звесткі: імя, прозвішча, месца жыхарства, дату нараджэння, нумар мабільнага тэлефона. Пасля гэтых роспытаў адбыўся наступны дыялог:

– Я сёння бачыла фатаграфіі намётаў, якія стаяць у былой вайсковай частцы, каб спытаць, што наогул адбываецца. Я трохі асцерагаюся выходзіць з дому, таму што шмат усякага чула пра вагнэраўцаў. І вось хачу спытаць, наколькі бяспечна наогул выходзіць з дому.

– А дзе вы гэтыя фатаграфіі бачылі?

– У інтэрнэце.

– Ну, а на якіх крыніцах інфармацыі?

– Я не ведаю: ну мне проста выскачыла вось, я ўбачыла гэта.

– Ну вы ж зразумейце, што ў інтэрнэце могуць пісаць усё што заўгодна. Вы інфармацыю чэрпаеце з афіцыйных крыніц інфармацыі. Не каналаў экстрэмісцкіх, а афіцыйных крыніц. Правераных крыніц.

– Я тэлефанавала ў міліцыю, мне там сказалі, што вам трэба патэлефанаваць.

– У міліцыі сказалі, нам патэлефанаваць трэба?

– Ага.

– Ну вы зразумейце, што такой інфармацыяй я не маю. Дзесьці ў інтэрнэце нешта напісалі. Гэта правераная крыніца інфармацыі? Якога… дзе вы канкрэтна бачылі гэтую публікацыю?

– Я, шчыра кажучы, не ведаю.

– Не ведаеце, дзе?

– Па-мойму, гэта было нейкае расейскае СМІ.

– Але гэта ж можа быць і няпраўдай, разумееце?

– Разумею, але ўсё роўна неяк страшна, разумееце? Баюся вось таму, што ўсякія жудасныя бачыла відэа ў інтэрнэце.

– Паслухайце выступленне кіраўніка дзяржавы нашага ў частцы, якая датычная, яно было нядаўна. Там усё канкрэтна, выразна тлумачыць, растлумачвае: што, чаго, навошта і як. А намёты дзесьці – гэта любое месца можа быць, разумееце?

– Разумею, але вось як вы думаеце, вагнэраўцы – яны будуць у Беларусі?

– Ну я ж кажу, паслухайце выступленні афіцыйныя, якія на афіцыйных інфармацыйных рэсурсах, выступленні вышэйшых службовых асобаў, кіраўніка дзяржавы афіцыйныя ў гэтым пытанні. Ён усё канкрэтна тлумачыць, будуць яны там, не будуць, што, навошта і як.

– А можаце трошкі…

– Больш інфармацыі, яны ўсім валодаюць.

– Так, я разумею, а што там сказаў гэты кіраўнік дзяржавы?

– Ну паслухайце, што ён сказаў! У інтэрнэце забіце «выступ кіраўніка дзяржавы», там што… Усё выразна ён распавядаў, як было і чаму адбываецца так.

Аляксандр Лукашэнка 27 ліпеня сапраўды вельмі падрабязна распавядаў сваю версію падзеяў у Расеі, прадставіў сябе выратавальнікам расейскай дзяржавы, падзякаваў сем’ям беларускіх вайскоўцаў і сказаў міністру абароны, што няма прычынаў баяцца вагнэраўцаў, а трэба пераняць іхны досвед.

Прыгожыну ён завочна прапанаваў «нейкі час у нас перакантавацца і іншае», калі будзе трэба. Лагераў для баевікоў, як казаў Лукашэнка, у Беларусі «мы пакуль не будуем», але «калі яны захочуць, мы іх размесцім», «мы ім прапанавалі адну з закінутых частак, калі ласка, плот ёсць, усё ёсць, стаўце намёты – чым можам, дапаможам». Але гэта, падкрэсліў Лукашэнка, будзе не за грошы беларусаў, а коштам Прыгожына і ягоных баевікоў.

Гісторыі
Прыгожын – новы Курбскі? Згадваем гісторыю Маскоўскага царства
2023.07.03 13:12

ЛГ, Алесь Наваборскі / АА belsat.eu

Стужка навінаў