7 ліпеня – Дзень культуры Новай Беларусі


Беларусы Варшавы адсвяткавалі старажытнае народнае свята Купалле. Арганізатарам мерапрыемства выступілі Беларускі хор у Варшаве і Інстытут Беларускай Культуры. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Беларуская Рада культуры разам з офісам Святланы Ціханоўскай і Народным антыкрызісным упраўленнем абвесцілі 7 ліпеня Днём беларускай культуры, паведамляе BY_culture.

Гэты дзень абраны для таго, каб адзначыць культурны след, які ў свеце пакінуў беларускі народ. Апроч таго менавіта 7 ліпеня нарадзіліся Янка Купала, Марк Шагал і Ян Чачот – культурныя дзеячы Беларусі, вядомыя далёка за яе межамі. У ноч з 6 на 7 ліпеня шмат хто ў Беларусі адзначае самае таемнае і знітаванае з традыцыямі свята Купалле.

З 5 па 11 ліпеня аб’яўлены Міжнародны тыдзень беларускай культуры.

«Доўгія гады рэжым спрабаваў зрабіць так, каб мы ня ведалі сваіх каранёў і сваёй культуры, хацеў пазбавіць беларусаў пачуцця нацыянальнай самасвядомасці, выкрасці ў беларускага народу павагу да гістарычных і культурных каштоўнасцяў. Але яму гэта не ўдалося,» – гаворыцца ў заяве НАУ.

Арганізатары дня і тыдня беларускай культуры прапаноўваюць пачаць святкаванні з таго, каб кожны ахвочы пачытаў верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» і апублікаваў запіс з тэгам #by_culture.

А яшчэ ўскласці кветкі да помнікаў беларускіх дзеячаў культуры, узняць наш сцяг над вашымі мэрыямі ці прыватнымі дамамі (для беларусаў за межамі Беларусі), распавесці пра любімага сучаснага беларускага артыста, сплесці вянкі, адсвяткаваць Купалле: запусціць феерверкі, намаляваць уласную Папараць-кветку і загадаць галоўнае жаданне.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў