Усё, што трэба ведаць пра «Еўрабачанне-2023» (з Беларусі можна галасаваць!)


Чацвёрты год запар беларусы не выступаюць на спеўным конкурсе «Еўрабачанне». Але пэўны інтарэс да конкурсу ў Беларусі захоўваецца. Расказваем, хто спявае, дзе глядзець і як галасаваць.

Лагатып «Еўрабачання-2023». Выява: BBC / Eurovision.tv

Дзе і калі

Летась на «Еўрабачанні» перамаглі ўкраінцы «Kalush Orchestra» з песняю «Стефанія». Паводле правілаў конкурсу, наступны раз «Еўрабачанне» мусіла прайсці ў краіне пераможцаў. Але з прычыны вайны ва Украіне конкурс перанеслі ў Аб’яднанае Каралеўства, прадстаўнік якога заняў другое места на «Еўрабачанні-2022». Конкурс правядуць у Лівэрпуле, на «M&S Arena».

Цырымонію адкрыцця запланавалі на 7 траўня, першы паўфінал – 9 траўня, другі паўфінал – 11 траўня, фінал – 13 траўня. Паўфіналы і фінал пачнуцца а 21:00 паводле цэнтральнаеўрапейскага часу, у Беларусі гэта 22:00.

Хто бярэ ўдзел

На «Еўрабачанні-2023» будуць прадстаўнікі 37 краінаў Еўропы і Азіі, а таксама Аўстралія.

Беларусь ізноў ніхто не рэпрэзентуе: удзел Белтэлерадыёкампаніі ў Еўрапейскім трансляцыйным звязе замарозілі пасля скандалу з «Галасамі зместа» і скаргаў беларусаў, прадстаўнікоў «нелукашэнкаўскай Беларусі» на конкурс не запрашалі. Расея таксама не возьме ўдзелу – яе дыскваліфікавалі за напад на Украіну.

Ад удзелу ў конкурсе з фінансавых прычынаў адмовіліся Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Люксембург, Паўночная Македонія, Славаччына і Чарнагорыя, з іншых прычынаў – Андора, Манака, Казахстан, Косава, Ліхтэнштэйн. Турэччына не бярэ ўдзелу ў конкурсе з 2013 года, Вугоршчына – з 2019-га.

Разбор
Чаму беларусаў няма на «Еўрабачанні» і дзе могуць выступіць прадстаўнікі дэмакратычнае Беларусі?
2023.05.08 09:10

Але ў конкурсе бяруць удзел суседнія з Беларуссю краіны.

Гэтак, ад Латвіі выступіць рок-гурт «Sudden Lights» з песняй «Aijā» – гэтае слова з латышскай мовы значыць «цішэй», але сама песня па-ангельску, па-латышску там толькі два выразы: «цішэй-цішэй» і «салодкіх сноў». Латышы выступаюць у першым паўфінале.

Літву зноў рэпрэзентуе Моніка Лінкіце, яна ўжо выступала на «Еўрабачанні-2015» разам з Вайдасам Баўмілам, дуэт тады заняў 18-е месца. У другім паўфінале яна праспявае «Stay» (анг. «Застанься»).

Ад Польшчы на конкурс едзе спявачка і мадэль Блянка з англамоўнаю песняю «Solo». Яна будзе ў другім паўфінале.

Украіна аўтаматычна прайшла ў фінал, як і Аб’яднанае Каралеўства, Італія, Іспанія, Нямеччына і Францыя. Ад Украіны на конкурс едзе дуэт электроннікаў «Tvorchi» з песняю «Heart Of Steel» (анг. «Сэрца са сталі»). Песня па-англійску, але ў ёй гучаць і словы па-ўкраінску: «Незважаючи на біль, я продовжую свій бій. Світ палає, а ти дій» («Не зважаючы на боль, я працягваю свой бой. Свет палае, а ты дзей»).

Грузію, дзе цяпер нямала мігрантаў з Беларусі, рэпрэзентуе спявачка Іру. Яна выступіць у другім паўфінале з песняй «Echo» (анг. «Рэха»). Цікава, што яна ўжо перамагала на «Еўрабачанні» ў 2011 годзе, але ў дзіцячым і ў складзе гурта «Candy».

Беларусаў таксама можа зацікавіць песня гурта «Let 3» з Харватыі – «Mama ŠČ». Яна пра трактар і Армагедон, а ў кліпе спявае і катаецца на ядравай ракеце вусаты дыктатар. Харватыя выступіць у першым паўфінале.

Адметна, што сёлета на «папсовым» конкурсе параўнальна шмат року. Аўстралія пачынае лагодна і толькі аднойчы зрываецца ў жорсткі мэтал, а Нямеччына адразу цяжкая, але гламурная. З Азербайджану таксама прывязуць рок, але мякчэйшы. Азербайджанцы «TuralTuranX» выступаюць у першым паўфінале, аўстралійцы «Voyager» – апошнімі ў другім паўфінале, немцы «Lord of the Lost» – адразу ў фінале.

На каго ставяць

На конкурсе ёсць выразныя фаварыты. Найчасцей ставяць на шведскую спявачку Лёрээн. Яна перамагала на «Еўрабачанні» ў 2012 годзе з песняю «Euphoria» (анг. «Эйфарыя»), сёлета ў першым паўфінале заспявае «Tattoo» (анг. «Тату»).

У фаварытах, хай і са слабейшымі стаўкамі, таксама прадстаўнік Фінляндыі Кяэрыя. У першым паўфінале ён заспявае «Cha Cha Cha». Хоць песня завецца як кубінскі танец, яна на фінскай мове і месцамі нагадвае то «Rammstein», то «The Prodigy».

На іншых выканаўцаў ставяць вельмі мала, але пераможцы конкурсу далёка не заўсёды такія ж, як фаварыты паводле букмекераў.

Дзе паглядзець і як галасаваць

Хоць БТ адхіленае ад «Еўрабачання», беларусы могуць і паглядзець конкурс, і прагаласаваць на ім з тэрыторыі Беларусі.

Галасаванне сёлета праходзіць гэтак. У паўфіналах галасуюць толькі гледачы (праз тэлефон ці SMS або мабільныя праграмы на Android і iOS, да 20 галасоў за адну ці некалькі песень), у фінале – гледачы і журы. У абодвух выпадках упершыню галасаваць могуць і людзі з краінаў, якія не бяруць удзелу ў конкурсе: галасы можна пакідаць праз сайт ці мабільныя аплікацыі, усе такія галасы сумарна залічацца як галасы «рэшты свету» і важыць будуць як галасы ад адной «звычайнай» краіны-ўдзельніцы.

У першым паўфінале галасуюць 15 краінаў-удзельніц паўфіналу плюс Італія, Нямеччына, Францыя і «рэшта свету», у другім – 16 удзельніц плюс Аб’яднанае Каралеўства, Іспанія, Украіна і «рэшта свету». У фінале галасуюць гледачы з краінаў-удзельніц і журы краінаў-удзельніц (журы галасуюць фармальна і ў паўфіналах, але іхныя галасы не ўлічваюцца). Пры тым ад гледачоў у фінале будзе крыху больш балаў, чымся ад журы, за кошт «рэшты свету».

Глядзець «Еўрабачанне» можна на YouTube-канале конкурсу, а таксама на шэрагу тэлеканалаў. Трансляваць конкурс у Латвіі будзе LTV, у Літве – LTR, у Польшчы – TVP, ва Украіне – «Суспільне», у Грузіі – 1TV.

Агляд
Што мы слухалі ў 2022 годзе: ад «Стэфаніі» да «Rammstein»
2023.01.01 11:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў