Доступ да сайту баранавіцкай газеты Intex-press заблакаваны па патрабаванні пракурора Берасцейскай вобласці, піша Reform.by.
Пракуратура тлумачыць блакаванне тым, што выданне нібыта парушала закон аб СМІ.
«На ўказаным партале неаднаразова публікавалася інфармацыя, якая яўна негатыўна характарызавала грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля завяршэння выбарчай кампаніі і дыскрэдытавала дзейнасць дзяржаўных і праваахоўных органаў», – гаворыцца ў паведамленні службы інфармацыі пракуратуры Берасцейскай вобласці.
29 красавіка сайт і сацсеткі выдання Intex-press былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.
15 лютага гэтага года, у рэдакцыі адбыўся вобшук. Падчас агляду супрацоўнікі МУС забралі сістэмныя блокі, фотаапарат, ноўтбукі журналістаў Intex-press, а таксама камп’ютарную тэхніку бухгалтэрыі і рэкламнага аддзелу. Паводле пастановы, былі разгледжаныя «матэрыялы праверак па факце парушэння заканадаўства аб СМІ». Якія менавіта парушэнні – у дакуменце не ўдакладнялася.
Марыя Міхалевіч belsat.eu