Палкоўнік ЗСУ ў запасе: У бліжэйшы час будзе правакацыя на мяжы Украіны і Беларусі


Ёсць інфармацыя, што ў Беларусь завезлі ўкраінскую вайсковую форму, і гэта можа быць выкарыстана для правакацыі на мяжы. У той жа час малаверагодны наступ на Украіну з Беларусі, лічыць украінскі вайсковы аналітык, палкоўнік ЗСУ ў запасе Раман Світан.

Украінска-беларуская мяжа.
Фота: dpsu.gov.ua

Ва Узброеных сілах Беларусі працягваюцца мерапрыемствы па падвышэнні ўзроўню баявой гатовасці злучэнняў і ваенных частак. Ваеннаабавязаных прызываюць на вайсковыя зборы. Адначасова ў аўторак 2 траўня Лукашэнка склікаў нараду, на якой абмяркоўваліся «сур’ёзныя мерапрыемствы на мяжы з мэтай нядопуску на тэрыторыю Беларусі рознага роду дыверсантаў».

Раман Світан не бачыць у такіх дзеяннях рэжыму Лукашэнкі прыкметаў таго, што рыхтуецца наступ з Беларусі на Украіну.

«Атрады апалчэння, якія склікаюцца, выкарыстоўваюцца толькі для абароны пэўных аб’ектаў ці для падтрымкі абароназдольнасці войскаў, – кажа аналітык. – Ніякіх наступальных дзеянняў яны адназначна выконваць не могуць, і нават падтрымліваць наступленне таксама не змогуць. То бок, можна сказаць, што акупацыйны рэжым Лукашэнкі цяпер рыхтуецца да нейкай абароны ці імітуе падрыхтоўку да абароны дзеля таго, каб не ўдзельнічаць у наступальных дзеяннях ці не адкрываць другі фронт».

Адначасова трывогу ў украінскага эксперта выклікае дэманстрацыя разгортвання сістэмаў «Паланэз» і «Кропка-У».

«Ракета С-200 – гэта 200 кіламетраў дальнасці, С-300 – 300 кіламетраў. І гэта момант, звязаны з падрыхтоўкай магчымага наступлення», – кажа спадар Раман.

Адносна мяжы Беларусі і Украіны, палкоўнік ЗСУ ў запасе лічыць, што ў бліжэйшым часе тут можа быць праведзеная правакацыя.

«Ёсць інфармацыя, што завезлі беларусам і расейцам у Беларусь «піксель» – украінскую форму. Могуць правесці нейкую правакацыю нібыта з нападам на мірныя вёскі беларускія кшталту ўкраінскіх вайскоўцаў. І каб далей на гэтай інфармацыйнай хвалі пасунуць беларусаў да нейкіх абараняльных дзеянняў«, – кажа спадар Світан.

3 траўня ўкраінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву паведамляў, што больш за 300 расейскіх вайскоўцаў плануюць здзейсніць правакацыю ў Бранскай і Курскай вобласцях, каб дыскрэдытаваць украінскую армію. З гэтай мэтай яны атрымалі ўкраінскую вайсковую форму.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў