Інстытут вывучэння вайны: Расея сама магла атакаваць Крэмль


Інстытут вывучэння вайны (ISW) апублікаваў справаздачу, у якой выказвае меркаванне, што Расея магла сама інсцэнаваць атаку дрона на Крэмль 3 траўня. Гэта магло спатрэбіцца, каб паказаць насельніцтву, што пагроза рэальна існуе, і такім чынам стварыць умовы для шырэйшай мабілізацыі на фронт.

Атака дрона на Крэмль. 3 траўня 2023 года. Фота з відэа/Тэлеграм-канал «Соседи. Якиманка-Замоскворечье»

Паводле ISW, ёсць некалькі прыкметаў таго, што ўдары былі зарганізаваныя і здзейсненыя ўнутранымі сіламі.

Гэтак, Расея нядаўна ўзмацняла сваю паветраную абарону, у тым ліку ў Маскве. Недалёка ад Масквы былі размешчаныя зенітныя ракетныя комплексы «Панцыр», каб стварыць кругі ПА вакол гораду. Таму, паводле экспертаў, малаверагодна, каб два беспілотнікі маглі прабіць яе і выбухнуць наўпрост над Крамлём ды яшчэ трапіць на камеры.

«Імгненная, паслядоўная і скаардынаваная рэакцыя Крамля на інцыдэнт сведчыць пра тое, што напад быў знутры падрыхтаваны такім чынам, каб яго імаверныя палітычныя наступствы пераважвалі здзіўленне», – гаворыцца ў справаздачы.

Эксперты Інстытуту вывучэння вайны думаюць, што калі б атака беспілотнікаў не была зарганізаваная самою Расеяй, то сталася б вельмі нечаканаю падзеяй, а рэакцыя расейскіх уладаў не выглядала б такой арганізаванай. Аналітыкі нагадваюць, што Крэмль не змог даць своечасовы і паслядоўны адказ на «іншыя вайсковыя прыніжэнні па сваёй віне».

Каментар
Прадстаўнік палка Каліноўскага: Атака дронамі Крамля – гэта правакацыя Масквы
2023.05.04 00:01

Таксама эксперты мяркуюць, што інсцэнізацыя атакі дрона была здзейсненая напярэдадні 9 траўня і святкавання Дня Перамогі, каб «паказаць вайну сваёй унутранай аўдыторыі як штосьці экзістэнцыйнае».

Адначасова гэтую атаку Масква можа выкарыстаць, каб абмежаваць святкаванне 9 Траўня. Гэта можа падмацаваць інфармацыйную працу, якую Расея ўжо вядзе, нібыта вайна ва Украіне – гэта наўпроставая пагроза магчымасці Расеі ўганараваць «паважныя гістарычныя падзеі» і агулам расейскім каштоўнасцям. Гэта нібыта павінна дапамагчы змабілізаваць насельніцтва.

Уначы 3 траўня неапазнаныя беспілотныя лятальныя апараты атакавалі Сенацкі палац Крамля. Адзін з іх выбухнуў над палацам, праз што там адбыўся пажар. Расея адразу абвінаваціла ў атаках Украіну. Дзмітрый Мядзведзеў заклікаў «фізічна зліквідаваць» Уладзіміра Зяленскага. У сваю чаргу Зяленскі адмаўляе датычнасць Украіны да інцыдэнту.

Hавiны
Зяленскі: Мы не атакавалі ні Пуціна, ні Маскву
2023.05.03 20:17

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў