Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» сабрала ўсе вядомыя ракетныя запускі з беларускай тэрыторыі, якія пачаліся з раніцы 24 лютага да 4 траўня. За гэты час з Беларусі па Украіне расейскія вайскоўцы запусцілі як мінімум 631 ракету.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» прыйшла да высновы, што да пачатку сакавіка запускаў расейскіх ракет з Беларусі па тэрыторыі Украіну было няшмат. Даследчыкі мяркуюць, што расейцы таксама чакалі нейкай рэакцыі Заходніх краінаў на бамбаванне Украіны з Беларусі. Таму ракеты запускалі ў асноўным з надыходам ночы або ва ўмовах моцнай воблачнасці. Верагодна, што рабілася гэта для ўтойвання траекторыі палёту і відаў ракет.
«Першы пік запускаў быў зафіксаваны 9 сакавіка, у той дзень было зроблена мінімум 35 ракетных пускаў. Да пачатку красавіка запускі ішлі па нарастаючай дзень за днём, а найбольшае бамбардаванне Украіны з Беларусі адбылося 1 красавіка, у той дзень ракеты запускалі ў прамым сэнсе кожныя 10 хвілін, не менш за 56 боегаловак, якія прыкрывалі адступленне УС РФ з тэрыторыі Украіны», – паведамляе маніторынгавая група.
Даследчыкі таксама звяртаюць увагу, што бамбардаванне Украіны адбывалася са згоды і падтрымання Лукашэнкі.
«Ён – вайсковы злачынца, як і Пуцін. І яго мусяць судзіць гэтак жа, як і ўсіх дыктатараў, якія падтрымліваюць забойствы мірных грамадзянаў. У вашых сілах патрабаваць увядзення санкцыяў супраць рэжыму – і спынення любых стасункаў з Лукашэнкам і яго чыноўнікамі».
«Беларускі Гаюн» таксама звяртае ўвагу, што ракеты з тэрыторыі Беларусі запускаюць на ўкраінскія гарады нават цяпер. Апошні пуск зафіксавалі 3 траўня а 11:35.