Новае правяранне боегатовасці арміі. Навошта яно Лукашэнку


У Беларусі 3 красавіка пачалі правяранне арміі. Афіцыйна ніхто не хавае, што гаворка вядзецца пра адпрацоўванне прывядзення частак і падраздзяленняў у найвышэйшую ступень боегатовасці. Паглядзелі з экспертам, навошта Лукашэнку бясконцыя правяранні ў арміі.

Кіраўніцтва Міністэрства абароны РБ падчас атрымання задачаў для правярання боегатовасці войскаў. 3 красавіка 2023 года.
Фота: прэсавая служба Мінабароны / Telegram / modmilby

Вучэнні і правяранні боегатовасці беларускага войска праводзіліся рэгулярна і раней, але пасля лютага 2022 года вайскоўцаў муштруюць без перапынку. Паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», з 29 красавіка 2022 года на ўсіх палігонах беларускага войска пачалося супольнае вучэнне войскаў РБ і РФ, якое шматкроць падаўжалася і станам на 3 красавіка 2023 года цягнулася ўжо 48 тыдняў.

Апроч таго, на тэрыторыі Беларусі вядуцца дзеянні для разгортвання супольнай групоўкі, для чаго ў краіну прыехалі некалькі тысячаў расейскіх вайскоўцаў. А на беларускіх вайсковых аэрадромах базуюцца шматмэтавыя расейскія самалёты, на ўзбраенне беларускага войска ўвесь год прыбывала зброя з Расеі: зенітна-ракетныя комплексы, ракетна-артылерыйскія сістэмы, бранятэхніка.

Адбываюцца пэўныя структурныя змены ў войску. Зʼявілася трэцяе буйное армейскае абʼяднанне – Паўднёвае аператыўнае камандаванне, у складзе якога ўпершыню за шмат гадоў ствараюцца новыя часткі і падраздзяленні. У прыватнасці, нядаўна створаны новы зенітна-ракетны полк.

З восені ў ваенкаматах прайшло маштабнае правяранне вайскоўцаў запасу. Проста цяпер пад Барысавам адбываецца трэнаванне ў разгортванні падраздзялення тэрытарыяльнай абароны. Апроч таго, войска не перастае вучыцца адпаведна гадавому плану вучэбна-баявой падрыхтоўкі. Гучаць заявы пра магчымае размяшчэнне ў Беларусі ядравай зброі. І гэта што тычыцца толькі ўласна арміі. Адбылося ўзмацненне Памежных войскаў, у буйных гарадах краіны ствараюцца новыя батальёны спецназу ўнутраных войскаў, ствараюцца таксама парамілітарныя фармаванні кшталту прыватных вайсковых кампаніяў.

Такім чынам, і без таго насычаны мілітарысцкі кантэкст у РБ 3 красавіка папоўніўся словазлучэннем «найвышэйшая ступень боегатовасці». «Белсат» запытаўся ў палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, што можа азначаць новае правяранне боегатовасці і навошта Аляксандру Лукашэнку ўсё гэта трэба?

Паводле Цыганкова, у гэтага правярання ёсць стратэгічная і тактычная задачы. Стратэгічная задача заключаецца ў тым, што «ёсць агульны настрой на далейшую мілітарызацыю грамадства», і яна ідзе на ўсіх кірунках: мілітарызацыя грамадскай прасторы; мілітарызацыя ў адукацыі, дзе ўведзены курс пачатковай вайсковай падрыхтоўкі; правядзенне лагераў для падлеткаў і моладзі. З мілітарызацыяй эксперт звязвае і правяранні прыпіснога складу ў ваенкаматах, якія «не нясуць нічога канкрэтнага, каб рабіць вялікія высновы пра ўвядзенне ваеннага становішча». Аднак правяранні запаснікоў, як лічыць эксперт, развязваюць і лакальную задачу – навесці парадак у сістэме ваенкаматаў, бо «там быў бардак».

«Многія пісалі ў сацсетках, што трыццаць гадоў пасля службы ў войску іх ваенкамат ніколі не вызываў. Такі там стан працы. Вось яны цяпер наводзяць парадак. Аднак агульнае нагнятанне мілітарызацыі ў грамадстве – гэта тое, чаго хоча ўлада», – зазначыў Віталь Цыганкоў.

Агульны курс на мілітарызацыю, як кажа суразмоўца, ёсць фонам для пэўных тактычных палітычных задачаў, якія спрабуе развязаць Лукашэнка. Гэтых тактычных задачаў «мы можам да канца і не ведаць, бо яны адкрыта не называюцца». «Дзеянні Лукашэнкі з усёй гэтай праверкай мы можам ацэньваць як досыць абстрактныя, пры гэтым можам не ведаць, што рашаецца нейкая канкрэтная задача і Беларусь можа сапраўды рыхтавацца ўступіць у нейкія ваенныя дзеянні супраць Украіны», – кажа Віталь Цыганкоў.

«Безумоўна, гэта максімальна непатрэбнае Лукашэнку дзеянне. Яно ёсць для яго палітычнай катастрофай і палітычным мінусам. Аднак мы бачым, што ўжо далёка не ўсе дзеянні, якія адбываюцца ў Беларусі, нясуць яму нейкі палітычны плюс, – зазначыў Цыганкоў. – З вынікаў сацапытанняў вядома, што больш за 80 % беларускіх грамадзянаў не падтрымліваюць увядзення ў Беларусі ядравай зброі. Але абвешчана, што яна ў Беларусі будзе. Будзе ці не будзе – на самой справе мы не ведаем, бо дзейсны рэжым не адрозніваецца празрыстасцю сваіх дзеянняў. Так і тут. Нягледзячы на тое, што ўвесь год пасля пачатку вайны Лукашэнка шмат заяўляў, што беларускія войскі не пойдуць ва Украіну… Нягледзячы на тое, што ўсе, хто здольны мысліць рацыянальна, кажуць, што ўступленне ў вайну безумоўна прынясе для Лукашэнкі вялізныя страты – палітычныя, сацыялагічныя, матэрыяльна-эканамічныя – і гэта для яго максімальна нявыгадна… Нягледзячы на ўсё гэта, ніхто не можа выключыць, што гэтага не адбудзецца на самой справе. Калі Крэмль яму загадае, то яму прыйдзецца».

Інтэрв’ю
«Мы не думалі пра Беларусь стратэгічна». Колішняя кіраўніца дыпламатыі ЕЗ – пра дачыненні з Менскам
2023.04.03 18:18

Нагадаем, што правяранне войска праводзіцца на даручэнне Лукашэнкі. Вядома, што гэта комплексная падзея, якая павінна «вызначыць здольнасць камандзіраў кіраваць падпарадкаванымі вайсковымі часткамі і падраздзяленнямі пры іх прывядзенні ў найвышэйшую ступень баявой гатовасці» і праверыць гатовасць вайсковых частак выконваць «задачы паводле прызначэння ва ўстаноўленыя тэрміны». Агульнае кіраўніцтва правяраннем ускладзенае на Савет бяспекі РБ. Яго кіраўнік Аляксандр Вальфовіч палічыў неабходным асобна падкрэсліць, што правяранне «носіць выключна планавы характар», пры гэтым сказаўшы, што правяранне праводзіцца знянацку.

«Правяранне будзе ўключаць поўны комплекс дзеянняў, звязаных з пераводам злучэння з мірнага на ваенны час, наборам вайсковаабавязаных, дастаўкай узбраення, выхадам злучэння на палігоны для выканання задачаў паводле прызначэння», – заявіў Вальфовіч. Ён таксама падкрэсліў, што правяранне не звязанае з усеагульнай мабілізацыяй. Пры гэтым задзейнічаныя ў правяранні вайсковыя злучэнні адпрацуюць у тым ліку выхад да дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Таксама кіраўнік Саўбезу падкрэсліў, што правяранне будзе працяглым і закране розныя палігоны і ўчасткі мясцовасці. Запланаванае перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, магчымае часовае абмежаванне руху цывільнага транспарту на дарогах агульнага карыстання і ўчастках мясцовасці.

Hавiны
Пяскоў патлумачыў, хто будзе кантраляваць ядравую зброю ў Беларусі
2023.04.03 17:35

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў