Літва вырашыла не мяняць парадку атрымання беларусамі грамадзянства і відаў на жыхарства


У Сейме Літвы 4 красавіка разгледзелі ў трэцім чытанні законапраект XIVP-2496(2), які ўводзіць у сувязі з вайной ва Украіне шэраг абмежаванняў для грамадзянаў Беларусі і Расеі, перадае Літоўская нацыянальная тэлевізія. З законапраекту прыбралі шэраг абмежаванняў для беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сейм Літвы.
Фота: lrs.lt

За законапраект «Аб абмежавальных мерах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны» прагаласавалі 76 дэпутатаў, супраць – 13, устрымаліся – 34.

Абноўлена. Сейм Літвы апублікаваў прэс-рэліз аб гэтым законапраекце. Поўны тэкст законапраекту з ухваленымі і адхіленымі праўкамі яшчэ не публікавалі.

Падчас разгляду з законапраекту выключылі:

– абмежаванні на атрыманне грамадзянства Літвы грамадзянамі Беларусі і Расеі;

– змены парадку выдачы відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі;

– забарону на набыццё нерухомасці ў Літве грамадзянамі Беларусі.

У законапраекце пакінулі:

– заканадаўчае замацаванне дзейных візавых абмежаванняў без увядзення новых (гэта значыць, усё яшчэ можна атрымліваць гуманітарныя візы пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных справаў);

– спыненне прыёму ад грамадзянаў Беларусі заявак на атрыманне сродкаў электроннай ідэнтыфікацыі за выключэннем тых, хто мае пастаянны ці часовы від на жыхарства (але паводле звестак «Delfi», выдадзеныя электронныя подпісы грамадзянаў Беларусі і Расеі маюць спыніць дзеянне, калі толькі грамадзяне не маюць пастаяннага віду на жыхарства);

– спыненне прыёму ад грамадзянаў Расеі заявак на часовы від жыхарства за мяжою праз вонкавых пастаўнікоў паслугаў (акрамя тых, хто мае дзейную шэнгенскую або нацыянальную літоўскую візу або від на жыхарства ў краіне Еўразвязу);

– забарону грамадзянам Расеі і створаным імі кампаніям набываць нерухомасць у Літве (за выключэннем тых, хто мае від на жыхарства ў Літве або атрымаў маёмасць у спадчыну);

– забарону на ўвоз і вываз украінскіх грыўняў грамадзянамі Беларусі;

– дадатковы кантроль грамадзянаў Расеі пры перасячэнні вонкавай мяжы Еўразвязу.

Каментар
Змены для беларусаў у Літве: што са SmartID і вета прэзідэнта на законапраект аб новых абмежаваннях?
2023.04.04 15:58

Супраць законапраекту ў яго пачатковай форме выказваліся прадстаўнікі офісу выбранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай. Яны мелі прэтэнзіі ў тым ліку да абмежаванняў на электроннае рэзідэнцтва і электронны подпіс, якія ў законапраекце ўхвалілі.

Калі законапраект ухваляць на наступных узроўнях, ён будзе дзейнічаць цягам года ад набыцця моцы. Але дарадца прэзідэнта Літвы Кястуціс Будрыс заяўляе, што прэзідэнт можа накласці вета на закон, бо не варта заканадаўча замацоўваць нераўназначныя правілы для грамадзянаў Расеі і Беларусі «заяўляючы, што адна дзяржава больш агрэсіўная за іншую, або пасылаць свету нейкі іншы нядобры сігнал».

Каментар
Літоўскі Сейм разгледзіць абмежаванні для беларусаў і расейцаў. Чым гэта пагражае нашым суайчыннікам?
2023.04.03 20:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў