Падчас кадравых прызначэнняў 4 студзеня Лукашэнка зрабіў некалькі гучных заяваў. Ён сказаў, што «і далей хоча быць прэзідэнтам», а новаму міністру эканомікі даручыў даказаць беларусам, што «лепшых за нас не будзе». Самаабвешчанага кіраўніка дзяржавы цытуе БелТА.
Аляксандр Лукашэнка прызначыў міністрам эканомікі 44-гадовага Юрыя Чабатара, які перад тым займаў пасаду першага намесніка міністра. Палітык сказаў, што незадаволены працаю ведамства, і даручыў новаму кіраўніку нічога не прыхарошваць і не хлусіць. Са словаў Лукашэнкі вынікае, што адыходзіць ад улады ён не плануе:
«Лёгка не будзе. Будзе цяжка, асабліва сёлета. Не таму, што цяперашні прэзідэнт хоча быць і далей прэзідэнтам. Не таму, што нехта чагосьці хоча. Мы проста людзям мусім яшчэ раз даказаць, што мы сумленна, шчыра працавалі гэтыя гады. Ну а калі атрымаецца – пераканаць людзей у тым, што лепшых за нас не будзе. Кажу адкрытым тэкстам на пачатку года. І вашае міністэрства мусіць адыграць тут істотную ролю».
Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі таксама заявіў, што будзе «казаць усё сумленна і шчыра, каб нас пад чарговыя прэзідэнцкія выбары праз год не папракалі, што мы там недзе круцілі, няпраўду казалі і ўвогуле ўлада наша ні да чаго не прыдатная, як цяпер ужо пачынаюць гэта раскручваць».
Пазней Чабатар назваў адной з галоўных задачаў Мінэканомікі развіццё інвестыцыйнага цыклу.
«Закуп абсталявання і інвеставанне ў абсталяванне сягае 140–150 %. То бок прадпрыемствы, наш рэальны сектар, сапраўды абнаўляюцца. А гэта – новыя вытворчасці, новыя працоўныя месцы, адпаведна, экспарт і развіццё тэхналогіяў», – сказаў новы лукашэнкаўскі міністр.
Сцяпан Кубік belsat.eu