Расследаванне «Белсату»: як і чаму Злы Дальнабой аказаўся на «Чорнай мапе акупантаў»


Блогер, прадпрымальнік, дальнабойнік Максім Кузняцоў, вядомы таксама як блогер Злы Дальнабой, аказаўся агентам ГУБАЗіК, за што трапіў на «Чорную мапу акупантаў». «Белсат» правёў сваё расследаванне, якое паказала, што Кузняцоў вельмі імкнуўся схаваць сваё мінулае, выкарыстоўваючы пры гэтым вельмі грубыя сродкі. Не абышлося і без нечаканасцяў…   

З чаго ўсё пачалося

25 верасня рэдакцыя «Белсату» згадала пра інтэрв’ю, якое даў выданню «Мост» прадпрымальнік з Горадні Максім Кузняцоў, пра створаную ім праграму «AntiBAG Тахограф».

Гэтая праграма дапамагае дальнабойнікам у тым, каб правільна разлічваць час для адпачынку і не плаціць за дапушчаныя памылкі вялікія штрафы. Нагодай для публікацыі стаў выхад гэтай праграма па-беларуску. Годная справа, якая прыцягнула ўвагу і да асобы самога стваральніка.

Але неўзабаве ў рэдакцыю напісаў адзін з нашых чытачоў, які звярнуў увагу на тое, што Максім, вядомы як блогер Злы Дальнабой, вельмі падобны да чалавека, які знаходзіцца ў базе карнікаў Беларусі.

Сапраўды, пры параўнанні фотаздымкаў падабенства было выразным, супадалі таксама імя і паходжанне – Горадня.

Фота Максіма Кузняцова, апублікаванае ў выданні «Мост» (злева), і фота з «Чорнай мапы» (справа). Калаж: Белсат

У апісанні, якое прыводзіцца на «Чорнай мапе акупантаў», маецца наступная характарыстыка Кузняцова: «Сакрэтны супрацоўнік, які працуе пад прыкрыццём, таемны інфарматар. Ягоная праца – сачэнне за прыхільнікамі пераменаў, праслухоўванне іхных тэлефонаў ды іншыя формы сачэння і кантролю за іншадумцамі». Пазначалася, што на момант публікацыі звестак на «Чорнай мапе» працаваў на 9-е ўпраўленне ГУБАЗіК па Гарадзенскай вобласці ў палітычных справах.

Рэдакцыя «Белсату» апублікавала ў сваім тэлеграм-канале заўвагу чытача, але пры гэтым пазначыла, што не валодае доказамі таго, што гэта адзін і той жа чалавек.

І вось у каментары пад пастом прыйшоў Максім Кузняцоў пад псеўданімам Злы Дальнабой, які пачаў пісаць пра тое, што рэдакцыя публікуе «ўкіды»:

«Няма мяне ні ўякіх базах і ніколі не было. Мае бязглуздыя хэйтары паездзілі вам па вушах гэтым фоташопам, а вы ўзяліся. Цяпер друкуеце абразы на мой адрас. Я магу такі паклёп на любога чалавека зрабіць за 5 хвілін… Мы ўжо паўтара года таму абсцябалі на ўсіх пляцоўках з маімі падпісальнікамі гэты фоташоп. Ужо неактуальна. Чакаю ад вас просьбаў прабачыць, як мінімум».

Акрамя таго, у адрас супрацоўнікаў «Белсату» пасыпаліся пагрозы з патрабаваннем выдаліць апублікаваную інфармацыю.

Уся гэтая сітуацыя вымусіла нас правесці сваё расследаванне, каб разабрацца, ці сапраўды інфармацыя пра супрацоўніцтва Максіма Кузняцова з сілавікамі непраўдзівая і ці мусім мы прасіць прабачэння.

Што гавораць факты

Падчас правярання ўскрыліся некалькі фактаў, пацвярджэнне якім было атрымана з некалькіх крыніцаў, што гаворыць аб тым, што ў гэтай справе ёсць шмат «незразумелых момантаў».

Факт першы. Фота з дакумента, якое блогер называе «зробленаю за пяць хвілін падробкаю». Такога фота няма ў сеціве ў адкрытым доступе. Гэта здымак на пашпарт, які можа быць толькі ў базе звестак МУС і, уласна, у пашпарце ягонага гаспадара.

Разбор
Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?
2023.10.03 15:41

Для пэўнасці рэдакцыя папрасіла «Кіберпартызанаў» параўнаць фота з «Чорнай мапы акупантаў» з некалькімі фотаздымкамі Злога Дальнабоя з дапамогай праграмы па распазнанні твараў. Выявілася, што верагоднасць таго, што на параўнаных здымках адна і тая ж асоба, роўная 99,99 %.

Факт другі. Нягледзячы на тое, што сваім падпісантам Злы Дальнабой расказваў аб тым, што ягонага імя няма на «Чорнай мапе акупантаў», дзе пазначаюцца адрасы даносчыкаў і датычных да рэпрэсіяў сілавікоў, высветлілася, што ў базе Кіберпартызанаў Максім Кузняцоў застаецца па-ранейшаму, толькі не на ўсіх праектах, якія публікуюць звесткі з яе.

Сапраўды, калі праводзілася расследаванне «Белсату», на «Чорнай мапе» над домам Максіма Кузняцова ў Горадні па адрасе Сацыялістычная, 49 не было ніякіх пазнак. Але, як высветлілася, картку Максіма Кузняцова адключылі, але не выдалілі (як гэта было зроблена ў іншых выпадках пры з’яўленні доказаў аб недатычнасці да рэпрэсіяў тых ці іншых асоб).

Падчас расследавання мы звярнулі ўвагу на тое, што Максім Кузняцоў у сваіх стрымах на YouTube у агрэсіўнай форме патрабаваў ад «Кіберпартызанаў» і «ByPol» выдаліць з сеціва кампраметуючую яго інфармацыю.

Факт трэці. Сярод месцаў працы Максіма Кузняцова, пазначаных у звестках на «Чорнай мапе акупантаў», фігуруе праца на кампанію «Ларыскор». Як было агучана ў леташнім расследаванні «ByPol», гэта фэйкавая арганізацыя, пад прыкрыццём якой працаўладкаваная абсалютна ўся платная агентура органаў унутраных справаў дыктатара. Усе, хто ўваходзіў у гэтую арганізацыю, паводле заяваў «ByPol», з’яўляліся агентамі сілавых структураў і атрымлівалі грошы за перадачу звестак, якая цікавіла сілавікоў.

Аб’ектыў
«ByPol» працягвае зрываць маскі з прыслужнікаў крывавага рэжыму дыктатара
2022.05.20 23:55

Факт чацвёрты. Пра тое, што Максім Кузняцоў супрацоўнічаў з фірмай «Ларыскор» на карысць дыктатарскага рэжыму, сведчаць ягоныя выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (з указаннем імя, прозвішча, пашпартных звестак).

Выплаты Максіма Кузняцова ў ФСЗН.
Фота: скрыншот з відэа

Акрамя Кузняцова яшчэ больш за паўтысячы супрацоўнікаў фірмы «Ларыскор» таксама трапілі на «Чорную мапу акупантаў». Гэта ўсё былі людзі, на якіх сілавыя органы мелі рычагі ўплыву, каб прымушаць выконваць агентурныя заданні. Меліся такія рычагі і на Кузняцова.

Факт пяты. Пра адзін з такіх рычагоў «Белсату» паведаміла адна з ананімных крыніц падчас размовы. Яна сцвярджае, што ў органаў была магчымасць завербаваць Кузняцова ў сувязі з крымінальнай справай аб махлярстве. Так, у лістападзе – снежні 2007 года Максім Кузняцоў пад выглядам набыцця завалодаў кватэраю Варанцова О.В. (ініцыялы дадзены па-расейску) 1960 года нараджэння, якая прадавалася за 30 тысячаў долараў, па вуліцы Сацыялістычная, 49–26. Вядома, што справа спачатку была заведзеная, але потым прыпыненая. А ў 2016 годзе ёй зноў далі ход.

Факт шосты. На «Чорнай мапе акупантаў» маецца яшчэ адно сведчанне, якое гаворыць зусім не на карысць Максіма Кузняцова: у мужчыны было шэсць ліпавых дакументаў, якія, як правіла,  выкарыстоўваюцца ў органах для распрацоўкі ці аператыўнай работы.

Так, разам з сапраўдным пашпартам, у яго былі яшчэ дакументы на прозвішчы Навальны, Васільеў, Навумаў, Занеўскі, Беражноў. Першыя тры пашпарты былі выдадзеныя ў адзін дзень – 26 снежня 2012 года, а па пашпарце на прозвішча Занеўскага ён перасякаў літоўскую мяжу 26 красавіка 2011 года.

Факт сёмы. Пасля публікацыі звестак пра імаверную супрацу Кузняцова з ГУБАЗіКам ананімныя крыніцы падзяліліся з «Белсатам» падрабязнасцямі яго службы, аб чым у рэдакцыі маюцца пацверджанні.

Так, напрыклад, сцвярджаецца, што Максім Кузняцоў знаходзіўся пад куратарствам супрацоўніка ГУБАЗ Наваграна Сяргея Іванавіча, які з 2021 года ўзначальваў 3-ці аддзел 9-га ўпраўлення па Гарадзенскай вобласці. Навагран быў звольнены ў 2019 годзе паводле дыскрэдытуючых абставінаў (стан алкагольнага ап’янення). Таксама паведамлялася, што Сяргей Навагран быў звязаны з кантрабандай цыгарэт праз мяжу, а пасля звальнення пайшоў працаваць у дальнабойнікі.

Вядома таксама, што дарогі Кузняцова і Наваграна не разыходзяцца, а былі супольнымі здаўна. Так, у траўні 2017 года яны разам з супрацоўнікам ГУБАЗ і падначаленым Наваграна Іванам Саковічам, а таксама з ячшэ адной асобай, датычнай да кантрабанды цыгарэт, на машыне Кузняцова перасякалі польскую мяжу, а пасля ў той жа дзень вярталіся назад. Прычым такія паездкі былі неаднаразовымі.

Кузняцова просяць выдаліць з базаў

Але нягледзячы на тое, што доказаў пра агентурнае мінулае Кузняцова і працу на ГУБАЗ сапраўды нямала, знаходзяцца людзі, якія просяць выдаліць яго з базы супрацоўнікаў рэжыму.

У чэрвені 2022 года ў чат-бот праекта «Чорная кніга Беларусі» прыйшло паведамленне з просьбай выдаліць з базаў прозвішча Максіма Кузняцова са спасылкай на «Штаб». Пры гэтым прыводзіліся пацвярджэнні, што нібыта Кузняцоў – «наш». Аказалася, што у «Чорную кнігу Беларусі», «Чорную мапу» і да «Кіберпартызанаў» звяртаўся гарадзенец Сяргей Вялічка, сям’я якога прайшла праз палітычны пераслед. Ён таксама спасылаўся ў сваіх просьбах на працаўніцу Офісу Святланы Ціханоўскай – Святлану Бабінцаву.

Як адзначае афіцыйная прадстаўніца беларускіх «Кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец, у яе склалася ўражанне, што Вялічка і Кузняцоў былі вельмі добрымі сябрамі, менавіта таму Вялічка так актыўна выступаў за выдаленне Кузняцова і казаў, што мае да яго давер.

Як паведаміў Сяргей Вялічка ў прыватнай размове з «Белсатам», ён хацеў правасуддзя ў гэтым кейсе.

Атака Злога Дальнабоя

Пасля таго як «Кіберпартызаны» і «ByPol» вырашылі, што Максім Кузняцоў мусіць застацца на ўсіх «дошках гонару», блогер Злы Дальнабой пайшоў у атаку.

На сваім канале блогер пачаў у абразлівай форме казаць пра тое, што «будзе гасіць» апазіцыянераў безупынку і выкопваць на іх кампраметуючыя звесткі, бо сяброў у яго, як ён адзначыў, у Беларусі засталося шмат, «у тым ліку і ў праваахоўных органах». А далей перайшоў у наўпроставыя пагрозы ў адрас кіраўніка «ByPol» Аляксандра Азарава з абяцаннямі апублікаваць кампрамат.

Вось што расказаў пра гэты выпадак сам Азараў:

«Мы з ім заключылі такое пагадненне: ён выдаляе гэтыя ролікі непраўдзівыя, у гэтых роліках была хлусня пра мяне, яна была зроблена, як ён сам прызнаўся, толькі каб адпомсціць. Ён гэта ўсё выдаляе, а я, са свайго боку, папрашу «Кіберпартызанаў», каб яны маглі выдаліць яго», – сказаў кіраўнік «ByPol».

Пры гэтым ніхто не ведае, ці Максім Кузняцоў ужо былы супрацоўнік, ці, можа, яшчэ дзейсны, бо, падобна, што дадатковых праверак наконт яго, кшталту праверкі на паліграфе, пакуль ніхто не праводзіў.

Рэдакцыя «Белсата» звярталася да Максіма Кузняцова з просьбамі прадставіць свой погляд на ўсю гэтую гісторыю, але ў адказ атрымала хамства і пагрозы ў адрас журналістаў.

РШ belsat.eu

Стужка навінаў