«Ужо ўявіла сябе ў ложку, акружаную падушкамі». Аб чым пісала Даша Чульцова ў лістах на волю


Лісты з месцаў утрымання пад вартай – адзін з асноўных спосабаў камунікацыі з навакольным светам. Гэтак родныя могуць даведацца аб настроі зняволенага, яго жыцці ў калоніі, а самі зняволеныя – аб побыце і навінах за сценамі з калючым дротам. Журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова, якая сёння, 3 верасня, выйшла на волю пасля амаль двух гадоў зняволення за сваю працу, пісала ў лістах пра тое, як намагаецца не падаць духам і не шкадуе, што ўсё так выйшла, падтрымлівала маму і блізкіх, а таксама ўяўляла, што зробіць перш за ўсё, калі выйдзе на волю. Узгадваем, пра што яшчэ Даша распавядала ў лістах з калоніі.

Дар’я Чульцова першыя хвіліны на волі, Беларусь. 3 верасня 2022 года.
Фота: Новы час

Побыт у калоніі

У лістах блізкім людзям Даша часта апісвала свой побыт у зняволенні і тое, як прызвычайвалася да новых умоваў:

«Бачыла б ты мяне ўчора, ганарылася б як ніколі, ха-ха, пасля вячэры дзень стаўся вельмі насычаным, спачатку прыбіралася ў сталоўцы, сталы працірала, падлогу мыла, а пасля яшчэ і ў калідоры памыла. Такой чысціні ўдома за мной не назіраецца, ты ж ведаеш – у мяне вечны беспарадак», – цытуе ліст мама Дашы Наталля.

У вольны ад працы час Даша пісала лісты, хоць часу на гэта было няшмат, чытала, старалася чымсьці сябе заняць. Хадзіла ў спартовую залу і наогул імкнулася весці актыўны лад жыцця.

На пачатку новага года ў лісце з-за кратаў журналістка даслала маці выразаны з газеты фотаздымак, на якім ёсць Дар’я. У калоніі адбывалася свята пад назваю «Каралева восень» і Даша таксама брала ў ім удзел.

Выразка з гомельскай газеты. Даша ўдзельнічала ў конкурсе «Міс восень». Тут некалькі палітвязняў

У тым лісце Даша пісала, што ёй пастаянна трэба што-небудзь рабіць, але яна спрабуе прывучыць сябе расслабляцца і спакойна пачувацца, калі яна нічым не занятая.

Ліст ад палітзняволенай журналісткі Дар’і Чульцовай.
Фота: асабісты архіў Наталлі Церабіленкі

Сябрам і знаёмым, сама застаючыся ў турэмных засценках, Даша дасылала на волю словы падтрымання.

«Словы падтрымання – гэта самае важнае. І калі ты іх пішаш адсюль, са свабоды, гэта адно, а калі ты дакладна такое ж атрымоўваеш у адказ і цябе падтрымліваюць і кажуць «не перажывай»… У мяне ж «хімія». І калі Даша піша: «Не перажывай, ты зможаш, у цябе ўсё атрымаецца» – і ты чытаеш і разумееш, чалавек у няволі – і ён цябе стараецца падтрымаць яшчэ мацней, чым людзі, якія вакол цябе тут, на свабодзе», – распавядае былая сукамерніца Дашы Ганна Сунгурава.

Час замёр

Даша пісала родным, як у зняволенні ўзнікае ўражанне, што пасля затрымання час наагул спыніўся, застыў у 2020 годзе.

Гэтак, пасля другога Новага года ў калоніі мама Дашы атрымала ліст ад дачкі, дзе дзяўчына пісала, як адчувае рэальнасць. Да таго ж у лютым у Дашы дзень народзінаў – споўнілася 25 гадоў, аднак, як пісала дзяўчына, яна адчувае сябе на 23 гады – столькі ёй было, калі яе пасадзілі ў турму:

«Спадзяваліся, што я не легла спаць праз паўгадзіны пасля бою курантаў? Ха-ха! Як жа кепска вы пра мяне думаеце! Я легла за 2 гадзіны да бою курантаў. Для мяне Новы год без блізкіх і родных, без тых, каго я люблю, не Новы год зусім. Плюс да ўсяго я затрымалася ў 2020 годзе, для мяне час стаіць на месцы, змянілася толькі лічба (2022), якую я пішу на заявах там, дзе ставіцца дата. У астатнім мне ўсё гэтак жа 23, а не неўзабаве 25. Гэта дзіўна і, думаю, складана зразумець, калі не адчуць на сабе… Я перакананая, што ўсё адновіцца, калі я буду дома. Проста тут не рэальны свет, час ідзе інакш. Калі я была ў СІЗА, з камеры не было бачна вуліцы, яшчэ і цёмна амаль заўсёды за акном. І мне здавалася, што акрамя гэтага будынку нічога ў свеце не існуе».

Ліст ад Дашы Чульцовай. Фота перададзенае рэдакцыі

Малюнкі з-за кратаў

У дзяцінстве Даша вельмі любіла маляваць, нават хадзіла ў мастацкую школу. «Гэта быў ейны нейкі асаблівы свет – маляванне», – узгадвае спадарыня Наталля. Маляваць дзяўчына працягвала і ў калоніі.

«Нядаўна, калі яны позна ўвечары ішлі з працы і яна ўбачыла на небе прыгожы месяц, ёй захацелася намаляваць яго і даслаць мне», – дзяліцца мама Дашы.

Малюнак Дар’і Чульцовай з калоніі. Фота прапанаванае рэдакцыі

Пасля затрымання 15 лістапада ў аўтазаку Даша пазнаёмілася з Максімам, якога таксама затрымалі на плошчы Пераменаў. Пасля гэтага яны пасябравалі, паміж імі завязалася ліставанне. Гэтак, Даша прасіла Максіма павіншаваць маму з днём нараджэння, дасылала яму малюнкі, распавядала аб кветках, якія любіць яна, і пра што марыць:

«Адказваю на пытанне аб кветках. Я люблю півоні. Я часам задумвалася пра тое, каб скокнуць з парашутам, глядзела відэа. Я і на самалёце ніколі не лётала. Не магу ўявіць сабе гэтых адчуванняў».

Малюнак Дашы Чульцовай. Фота прадастаўленае рэдакцыі
Малюнак Дашы Чульцовай. Фота прадастаўленае рэдакцыі

Што далей?

Праз год пасля затрымання журналістак «Белсату» Дашына мама распавядала, што пасля вызвалення дзяўчына хацела б вярнуцца да ўлюбёнай працы.

«Яна кажа, што спачатку адаспіцца, адмыецца, а потым будзе працаваць. Застанецца ў журналістыцы. Іншых варыянтаў не разглядае», – казала спадарыня Наталля.

Невядома толькі, дзе Дар’я будзе працаваць журналісткаю. Маці дзяўчыны кажа, што, магчыма, хацела б, каб дачка з’ехала з Беларусі, калі сітуацыя ў краіне не зменіцца, але канчатковае рашэнне будзе за самою Дашаю.

Таксама дзяўчына пісала, што на волі ўяўляе сябе ў ложку, акружаную падушкамі, віном і ежай. Будзе глядзець «Забіць Біла» і «Шалёных сабак» Кўэнтына Тарантына.

Ліст ад Дашы Чульцовай. Фота перададзенае рэдакцыі

Турма не прымусіла Дашу ўсумніцца ў сваім жыццёвым выбары. У лістах да маці яна пісала, што, калі б ведала, да чаго прывядзе яе журналісцкая праца, яна б усё роўна абрала менавіта гэты шлях. І што яна ні аб чым не шкадуе.

Hавiны
Журналістка Дар’я Чульцова выйшла на волю пасля двух гадоў калоніі
2022.09.03 11:52

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў