Аляксандр Багданаў цяпер у ізалятары часовага ўтрымання. У «пакаяльным відэа» ён кажа, што нібыта кіраваў маршамі пратэсту і што пры затрыманні ў яго выявілі скрынкі, у якіх ён захоўваў наркотыкі. Аднак судзілі яго за «экстрэмісцкія матэрыялы».
Звязаны з беларускай тэлевізіяй і сілавікамі Telegram-канал «Жёлтые сливы» апублікаваў 3 верасня відэа, на якім Аляксандр Багданаў, вядомы як «Папа Бо», дае «прызнальныя» паказанні.
Паводле інфармацыі Беларускай рады культуры, Багданава затрымалі 2 верасня ў культурным цэнтры «Корпус». Разам з ім затрымалі таксама сцэнографа Максіма Крука і арганізатарку культурных імпрэзаў Лізавету Неўмяржыцкую. У Багданава канфіскавалі дыджэйскі пульт. 3 верасня іх судзілі за «Выраб, захаванне і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», але накіравалі справу на дапрацоўку. Пра «кіраванне пратэстамі» ці наркотыкі згадкі няма.
На фігурантах гэткіх «пакаяльных» відэа раней неаднаразова былі заўважныя сляды катаванняў. На твары і руках Багданава няма бачных слядоў катаванняў, аднак па руху вачэй бачна, што ён з цяжкасцю зачытвае тэкст.
Паводле гэтага каналу, Багданаў быў затрыманы байцамі ГУБАЗіК, цяпер у ізалятары часовага ўтрымання. У якім ён статусе і ці яму выставілі нейкія абвінавачванні, невядома.
Папа Бо летась выходзіў на маршы пратэсту з дыджэйскай устаноўкай, ставіў музыку для пратэстоўцаў і называў акцыю «#музыкаоружие».
Багданаў вядомы не толькі як дыджэй. Ён таксама прамоўтар беларускіх музычных гуртоў, у тым ліку папулярных «Кассиопея», «Серебряная свадьба», «Петля Пристрастия», «Аддис Абеба», «Port Mone», «Shuma». Акрамя таго, ён заснаваў менскі культурны цэнтр «Корпус» і быў яго арт-дырэктарам.
У студзені ў «Корпус» уварваўся АМАП, сілавікі зладзілі ператрус у офісе арганізацыі «Makeout». Аднак «Корпус» працягнуў працу. Вечарам 2 верасня «Корпус» закрылі, прычынаў не патлумачылі, але заклікалі прыходзіць у іншы дзень.
АА belsat.eu