Цапкала казаў пра фонд «Беларусь будучыні», які нібыта сабраў € 4 млн. «НН» пытаецца, куды знік фонд


Аказалася, у фондзе было ў 200 раз менш грошай, а ў назіральнай радзе не было ні Алексіевіч, ні Лябедзькі. Цяпер Цапкала кажа пра фонд, што «першы раз пра такі чуе».

У верасні 2020 года BBC пісала пра беларускія фонды, якія дапамагаюць пацярпелым ад гвалту сілавікоў і звольненым з палітычных прычынаў. Тады найбуйнейшым называлі фонд Валерыя Цапкалы «Беларусь будучыні», у якім было € 4 млн ($ 4,8 млн), што амаль як разам узятыя фонды «By_help» і BYSOL. «Наша ніва» даведалася, што стала з тым фондам.

Цапкала абвяшчаў аб стварэнні фонду, але цяпер адмаўляе датычнасць да яго. Яшчэ 12 жніўня Цапкала выдаў відэа, на якім казаў, што «ў Кіеве мы стварылі фонд «Беларусь будучыні», а 24 жніўня Telegram-канал Цапкалы пісаў, што фонд «аказаў дапамогу ўжо 50 перасяленцам». Але на пытанне «Нашай нівы» Цапкала адказаў спачатку так:

«У мяне няма ніякага фонду «Беларусь будучыні». Першы раз пра такі чую».

Ды пасля згадаў, што асабіста абвяшчаў аб стварэнні такога фонду: «Ну, гэта ўкраінцы стварылі, я публічна падтрымаў, але ніякага ўдзелу ў працы фонду не браў». Ён параіў: «Запытайце ўкраінцаў, хай яны вам скажуць, хто кіраваў фондам, колькі сабралі і на што выдаткавалі». Ён згадаў толькі адно імя: Надзея Бандарчук.

У фондзе аказаліся не мільёны, а пару дзясяткаў тысяч долараў. Надзея Бандарчук – дырэктарка ўкраінскага дабрачыннага фонду «Білорусь майбутнього». «Нашай ніве» ўдалося звязацца з ейным мужам Анатолем Бандарчуком, чальцом кіраўніцтва фонду. Ён паказаў фінансавую справаздачнасць за 2020 год: даход – 736,4 тысячы грыўняў (27,3 тысячы долараў паводле сярэднегадавога курсу). Бандарчук кажа, што ў 2021 годзе паступленняў амаль не было.

Ён растлумачыў, што € 4,2 млн – «гэта тое, што мы хацелі сабраць на старце, нашыя планы, каб дапамагчы максімуму людзей». Ён кажа, што не разумее, адкуль у BBC з’явілася інфармацыя, што такая сума была сабраная на ранак 15 верасня 2020 года.

Да назіральнай рады прыпісалі вядомых людзей, нават не сказаўшы ім. Бандарчук расказаў, што быў знаёмы з Цапкалам і «так выйшла, што назва нашага фонду наўпрост перагуквалася з яго пазіцыяваннем на выбарах», таму яго папрасілі зрабіцца старшынём назіральнай рады. Разам з Цапкалам у назіральнай радзе былі пазначаныя журналістка Святлана Калінкіна, эканаміст і экс-старшыня праўлення Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, пісьменніца Святлана Алексіевіч і палітык Анатоль Лябедзька.

Валерый Цапкала дае прэсавую канферэнцыю пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы 21 траўня 2020 года. На фоне – лозунг «Беларусь будущего». Фонд «Білорусь майбутнього» быў заснаваны праз два месяцы: 29 ліпеня 2020 года.
Фота: Белсат

Бандарчук прызнаў, што гэтых людзей запісалі «спехам і без іхнай згоды», «выдалі тое, чаго жадалі, за рэальнасць». Лябедзька кажа «Нашай ніве», што Цапкала ў 2020 годзе пытаў яго, ці мог бы ён увайсці ў назіральную раду, але «пасля гэтага ніякіх практычных крокаў не было».

Цяпер фонд не дзейнічае. Але кажа, што дапамог 200 людзям. Бандарчук распавядае, што агулам назбіралі каля 17–19 тысяч долараў (гэта менш за пазначаны ў справаздачы даход фонду, калі лічыць паводле курсу 2020 года) і што дапамогу атрымалі агулам каля 200 беларусаў. Падрабязнай афіцыйнай справаздачы, каб паказаць журналістам, Бандарчук «не меў пад рукою».

Бандарчук тлумачыць з’яўленне фонду так: яго адкрылі «не прафесійныя дабрачынцы», а проста група прадпрымальнікаў, якая захацела «дапамагчы людзям, каштоўнасці свабоды якіх падзяляе». Сачыць за тым, як дзейнасць фонду асвятляецца ў медыях і сярод палітыкаў «не было калі».

Цапкала тлумачыць далучэнне да фонду так: калі «ў Менску ішла вайна супраць беларусаў», ён пагадзіўся на падтрымку адной з тысячы ініцыятываў – далучыўся да ініцыятывы ў Кіеве, дзе тады быў, але праз пару дзён з’ехаў з Украіны, «з’явіліся іншыя праблемы», а што далей было з фондам, «не памятае». Але запэўнівае, што «не бачыў ніводнай капейкі ад гэтага фонду».

Hавiны
Франак Вячорка распавёў, колькі зарабляе і чаму Офіс Святланы Ціханоўскай асуджае Антона Матольку
2022.07.31 16:01

Фонды «By_help» і BYSOL тым часам працягваюць дзейнасць, збіраюць грошы на дапамогу беларусам, даюць справаздачы.

BYSOL нядаўна меў канфлікт з полкам Каліноўскага, які скончыўся тым, што фонд патлумачыў, што полк сам адмовіўся ад сабранай для іх сумы, а полк больш не каментаваў сваіх прэтэнзіяў і суму пад пытаннем, 40 тысяч еўраў. Спрэчка з байцом Ігарам Янковым (пазыўны Янкі) скончылася тым, што баец адмовіўся ад набытага для яго аўтамабіля – яму перавялі грашовы эквівалент.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў