«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 3 жніўня.
Суддзя Мікалай Доля, які раней вынес прысуд у «справе Ціханоўскага», прысудзіў журналістцы Ірыне Слаўнікавай 5 гадоў калоніі. Пры гэтым дзяржаўны абвінаваўца прасіў на год менш.
Праўладныя тэлеграм-канал паведамляюць пра затрыманне Міхаіла Тарлоўскага. Яны называюць хлопца анархістам і пішуць, што падчас Viva Braslav ён хадзіў без майкі, таму міліцыянеры і заўважылі «экстрэмісцкія» татуіроўкі.
70-гадоваму жыхару Нясвіжа Васілю Дземідовічу пагражае вялікі тэрмін зняволення за падрыхтоўку да арганізацыі масавых беспарадкаў і абразы службовых асоб. Па меркаванню следчых, спадар за непрацяглы час здзейсніў каля 60 фактаў злачыннай дзейнасці.
У Слоніме 2 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК і байцы АМАП затрымалі Дзяніса Ваўчка па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння. Адзін з праўладных каналаў паспяшаўся напісаць пра затрыманне неверагоднага, які ў 2020 годзе адправіўся рабіць рэвалюцыю ў Менску.
Справу «рэйкавага партызана» Сяргея Глебкі пачнуць разглядаць праз тыдзень. Менскі раённы суд 11 жніўня пачне разглядаць справу палітзняволенага Глебкі. Судовы працэс будзе весці суддзя Антон Колабаў.
У Магілёве затрыманы работнік «Магілёўліфтмаша» Сяргей Балашэнка. Супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ палічылі, што Балашэнка распаўсюджваў матэрыялы, прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Сёння стала вядома, што 28 ліпеня Паўла Вінаградава перавялі ў аршанскую Папраўчую калонію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў.
57 крымінальных спраў па «справе Зельцэра» ўжо накіравалі ў пракуратуру. Пра гэта паведамляе прэс-служба Следчага камітэту. Па версіі ведамства, абвінавачаныя «выкарыстоўваючы ў якасці інфанагоды навіны аб гібелі супрацоўніка КДБ, размясцілі паведамленні, якія заклікаюць да варожасці ў адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў».
Палітвязню Яўгену Юшкевічу не перадалі ніводнага ліста з віншаваннямі да Дня народзінаў.
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні, якія ўчора адбыліся ў Пінску – вядома пра як мінімум 5 затрыманых. Не менш за 5 чалавек, сярод якіх тыя, каго раней ужо неаднаразова затрымлівалі: Алесь Рамановіч ды Дзяніс Сядых. У людзей зладзілі вобшукі. Аднаму, мажліва, пагражае крымінальны артыкул за «распальванне варожасці». Два тыдні таму «зачысткі» праходзілі ў Іванаве, Драгічыне і Мазыры.
Марыя Мурашка belsat.eu