Хэпі-энду для Беларусі не будзе? Чаму КНДР і сям'я Кімаў дасюль «жывейшая за ўсіх жывых»


Шмат хто з беларусаў так ці інакш спадзяецца на адносна хуткае заканчэнне дыктатуры ў Беларусі і пераход краіны на дэмакратычныя рэйкі. Аднак у свеце хапае краінаў, дзе, не зважаючы ні на што, трывае дыктатура, а ўлада часта нават перадаецца ад бацькі сыну. Адна з іх – Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, якая дэ-факта не народная, не дэмакратычная і не рэспубліка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тэлетрансляцыя вайсковага параду ў Пхеньяне, дзе прысутнічае паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын з дачкою, на чыгуначнай станцыі ў Сеуле, Паўднёвая Карэя. 9 лютага 2023 года.
Фота: Kim Jae-Hwan / Zuma Press / Forum

КНДР была ўтвораная 75 гадоў таму – 9 верасня 1948-га. З моманту заснавання краінаю кіруе адна сямейна-камуністычная дынастыя: да 1994 года гэта быў Кім Ір Сэн, затым да 2011 года – Кім Чэн Ір, з таго часу месца на «троне» займае Кім Чэн Ын. Улада Кімаў утрымалася нават нягледзячы на распад СССР, які вызваліў шмат якія краіны савецкага блоку. Не перашкодзілі ёй ні эканамічныя праблемы, ні перыядычны масавы голад, які, як кажуць, забірае жыцці ў краіне і цяпер.

Адначасова ўлады Паўночнай Карэі не саромеюцца пагражаць суседзям, у тым ліку ядраваю зброяй, праводзячы рэгулярныя запускі ракетаў. Акрамя таго, як заяўляецца, Пхеньян можа пастаўляць узбраенне Расеі для яе вайны з Украінаю.

І ўсё гэта тады, калі побач існуе іншая Карэя – у разы больш дэмакратычная і празаходняя, якая ў эканамічным развіцці апярэджвае большасць краінаў Азіі, не гаворачы ўжо пра свайго ваяўнічага суседа, які ўпэўнена пляцецца ў канцы розных сусветных рэйтынгаў.

Пра сакрэты выжывальнасці і перспектывы КНДР «Белсат» пагутарыў з Алінаю Грыцэнкаю, галоўнаю кансультанткай Нацыянальнага інстытуту стратэгічных даследаванняў (Украіна).

Буфер на ўтрыманні ў суседзяў

Паводле Грыцэнкі, КНДР існуе за кошт дружалюбных дзяржаў, як Кітай і Расея, якія працягваюць весці з ёю гандаль і пастаўляюць крытычна важныя матэрыялы. І гэта пры тым, што «даволі паранаідальная» паўночнакарэйская эліта «з падазрэннем ставіцца абсалютна да ўсіх, нават да кітайцаў».

«Кітайцаў, мне здаецца, проста ўспрымаюць як неабходны раздражняльны факт, без якога ім не выжыць. А Кітаю КНДР патрэбная як буфер паміж ім і Паўднёваю Карэяй, дзе прысутнічаюць амерыканцы, дзе размешчаныя сістэмы супрацьракетнай абароны, скіраваныя не толькі на КНДР, але і на Кітай», – адзначыла экспертка.

Пры гэтым, паводле суразмоўцы, менавіта амерыканская прысутнасць у Рэспубліцы Карэя, а не аўтарытарная або камуністычная блізкасць матывуе Пекін працягваць супрацоўнічаць з Пхеньянам.

Hавiны
Экспарт беларускай прадукцыі ў Расею вырас у 1,4 разу, у Кітай – амаль у 2 разы
2023.01.23 08:54

«Бо ў Паўднёвай Карэі, акрамя таго, што там прысутнічаюць «US Korea Forces», маецца дамоўленасць пра тое, што Рэспубліка Карэя не кіруе ўласнымі ўзброенымі сіламі ў перыяд канфлікту. Гэта значыць, Сеул кіруе войскамі ў перыяд мірнага часу, але ў выпадку, калі ўзнікне нейкая эскалацыя, канфлікт з той жа КНДР, кіраванне войскамі пераходзіць да амерыканцаў», – падкрэсліла суразмоўца.

Менавіта таму Кітай забяспечвае КНДР мінімальнымі неабходнымі рэчамі, заявіла Грыцэнка, пагатоў:

«Шчыра кажучы, паўночнакарэйцам шмат не трэба, бо яны жывуць у жудасных умовах і нічога лепшага не бачылі. Ніякай альтэрнатывы яны сабе нават не ўяўляюць».

Ядравы шантаж

Пры гэтым нават Кітай не кантралюе ў поўнай меры КНДР і яе ядравых выпрабаванняў, што ёсць праблемай і для Пекіну, бо «Кім Чэн Ын і паўночнакарэйская эліта абсалютна непрадказальныя». А ўварванне Расеі ва Украіну толькі абвастрыла страхі ў Пхеньяне, які ў сакавіку 2022-га зняў уведзены за 4 гады да гэтага мараторый на ракетныя выпрабаванні і цяпер актыўна рыхтуецца да ядравых.

«Яны паглядзелі на Украіну, якая падпісала Будапэшцкі мемарандум, які нічым добрым не скончыўся, і спалохаліся, што ў выпадку перамоваў пра дэнуклеарызацыю ЗША ў канчатковым выніку абрыне кіроўную дынастыю Кімаў. Паўночнакарэйскія друк і эліта вельмі часта спасылаюцца на кейсы Лівіі ды Іраку. Яны вельмі баяцца вонкавай інтэрвенцыі, таму для іх ядравая зброя – гэта шчыт, якім яны прыкрываюцца і спадзяюцца, што ён будзе стрымлівальным фактарам: не толькі для Штатаў, але і для Кітаю», – разважае экспертка.

Hавiны
Лукашэнка пагражае «без вагання» выкарыстаць ядравую зброю, якой яму ніхто не перадае
2023.06.13 13:25

Тым не менш, паводле Аліны Грыцэнкі, Кітаю было б выгадна зрынуць Кімаў і паставіць больш лаяльную да Пекіну ўладу, «якая была б кантраляванай і кіраванай». Аднак пакуль Пекін працягвае забяспечваць Пхеньян усім неабходным, «забяспечвае выжывальнасць». Аналагічна робіць і Расея, бо «наяўнасць КНДР у якасці шэрай зоны – гэта досыць важна».

На сёння ў КНДР, паводле папярэдніх ацэнак, налічваецца каля 10 боегаловак, якія ў тым ліку могуць даляцець і да мацерыковай тэрыторыі ЗША.

«Таму ядравая зброя – гэта козыр для кіроўнай эліты», – адзначыла Грыцэнка.

Лідар, які перыядычна памірае

Разам з тым, заявіла экспертка, сітуацыя ў КНДР «развіваецца трошкі непрадказальна». Гэтак, паўднёвакарэйская выведка, напрыклад, перыядычна перадае ў медыі звесткі аб праблемах са здароўем Кім Чэн Ына, пра тое, што ён доўга адсутнічае на публіцы. А ягонае з’яўленне разам з дачкою спарадзіла размовы пра тое, што яе рыхтуюць у пераемніцы.

Каментар
Лукашэнка зноў не памёр. Чаму ягонае здароўе выклікае столькі чутак?
2023.05.29 17:23

Пры гэтым У Кім Чэн Ына ёсць сястра Кім Ё Чонг, адказная за прапаганду. Менавіта яна ў 2014 годзе выконвала абавязкі свайго брата, які больш за месяц не з’яўляўся на публіцы.

«Тады пайшлі развагі пра тое, што Кім Ё Чонг узурпуе ўладу і станецца пераемніцай. У такім выпадку можа паўстаць унутрыэлітны канфлікт за паноўныя пазіцыі ва ўладзе. Кім Ё Чонг, мяркуючы з ейнай рыторыкі пра паўднёвакарэйскага прэзідэнта, пра ЗША, – жанчына вельмі жорсткая. Калі здарыцца так, што Кім Ё Чонг прыйдзе да ўлады, то гэта будзе яшчэ большаю праблемаю для ўсяго свету», – мяркуе суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На экране тэлевізара паказваюцца кадры запуску паўночнакарэйскай ракеты падчас праграмы навінаў на чыгуначнай станцыі ў Сеуле, Паўднёвая Карэя. 19 сакавіка 2023 года.
Фота: Kim Jae-Hwan / Zuma Press / Forum

Новыя перамовы

Не зважаючы на тое, што КНДР прапісала на заканадаўчым узроўні тое, што ніколі не адмовіцца ад ядравай зброі, прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль нядаўна выступіў з чарговай ініцыятывай надання эканамічнай дапамогі Пхеньяну ў абмен на яго адмову ад ядравай зброі.

«Але праблема ў тым, што цяпер Штаты не надаюць паўночнакарэйскаму пытанню столькі ўвагі, як тое варта было б, бо ўсе намаганні канцэнтруюцца на Расеі і на Кітаі. А КНДР – вельмі ўскоснае пытаннем для Штатаў, і гэта не вельмі правільна», – адзначыла Грыцэнка.

На думку эксперткі, дыялог з КНДР, хутчэй за ўсё, весці неабходна, бо там найбліжэйшым часам можа адбыцца ўнутрыэлітны раскол паміж Кімамі. Іншых жа рычагоў ціску вонкавых гульцоў на палітыку Пхеньяну, у тым ліку пры дапамозе санкцыяў, суразмоўніца не бачыць.

Аналітыка
Хэпі-энд для Беларусі. Чаму беларусаў можа навучыць досвед Курдыстану?
2023.06.08 11:45

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў