З пачатку вайны ва Украіне былі разбураныя 370 помнікаў культурніцкай спадчыны


За 100 дзён вайны ва Украіне былі разбураныя 370 помнікаў культурніцкай спадчыны. Пра гэта распавёў міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі краіны Аляксандр Ткачэнка, перадае «Укрінформ».

Статуя, якую абгарадзілі для бяспекі праз магчымыя абстрэлы. Львоў, Украіна. 20 сакавіка 2022 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

«Мы вядзем улік тых помнікаў культуры, якія атрымалі пашкоджанні ці былі разбураныя падчас вайны. На сайце міністэрства верыфікуем гэтыя звесткі. Таксама вылічваем, як мы зможам дакладна ўсталяваць, якія страты фактычна ў грошах азначае разбурэнне нашых помнікаў.

Хацеў бы сказаць, што сярод гэтых 370 помнікаў культуры амаль палова – гэта цэрквы розных канфесіяў. Фактычна, калі расейцы руйнуюць украінскую спадчыну, яны не адрозніваюцца, гэта іхныя скрэпы ці не іхныя, яны іх руйнуюць», – сказаў Ткачэнка.

У якасці прыкладу кіраўнік Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі (МКІП) прывёў выпадак, калі 7 траўня расейскія войскі ўдарылі ракетай у Нацыянальны літаратурна-мемарыяльны музей Грыгорыя Скаварады ў Скаварадзінаўцы. «Сам музей стаіць паміж палямі. Там інфраструктура такая, што трэба было вельмі моцна хацець, каб патрапіць у гэтае невялікае збудаванне. Музей разбураны», – сказаў Ткачэнка.

Паводле міністра, усяго за гэтыя 100 дзён расейскага ўварвання МКІП засяродзіла сваю працу на тым, каб інфармаваць свет пра вайну ва Украіне, на захаванні культурніцкай спадчыны, якая аказалася пад пагрозай, а таксама на падтрыманні дзеячаў культуры і мастацтва падчас вайны, бо яны працягваюць працаваць на сваім фронце.

Аналітыка
Вайна на знясіленне замест бліцкрыгу. Галоўныя вынікі 100 дзён вайны
2022.06.03 08:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў