Ці будзе «БРСМ для дарослых» «калектыўным Лукашэнкам»? «Белая Русь» стала партыяй


У Беларусі ўпершыню з 2000 года зарэгістравалі новую партыю. Нечаканасцяў не адбылося – гэтая партыя праўладная, «Белая Русь». Праўда, і яе ранейшыя памкненні палітычна расці ўлады краіны спынялі. Цяпер рэжым усё ж пайшоў на такі крок. Разбіраемся, чаму гэта адбылося і як гэта паўплывае на палітычную сістэму Беларусі.

Брыфінг з удзелам кіраўніцтва партыі «Белая Русь» у Менску, Беларусь. 2 траўня 2023 года.
Фота: 1br.by

2 траўня стала вядома, што ў Беларусі афіцыйна зарэгістравалі праўладную партыю «Белая Русь». Яе заснавалі на базе аднайменнай грамадскай арганізацыі 18 сакавіка 2023 года, якая была створаная ў лістападзе 2007 года. Яе дзейнасць была нацэленая на «падтрыманне палітычнага курсу Аляксандра Лукашэнкі».

У склад найвышэйшай палітычнай рады новай партыі ўвайшоў 71 чалавек. Сярод іх – кіраўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Міністэрства сельскай гаспадаркі Аляксей Багданаў і Ігар Брыло, старшыня Беларускага саюзу журналістаў і гендырэктар інфармацыйнага агенцтва «Минск-новости» Андрэй Крывашэеў, прапагандыст СТВ Грыгорый Азаронак і іншыя. Узначальвае партыю доктар філасофскіх навук і заходнерусіст Алег Раманаў, які да таго ж засядае ў Савеце Рэспублікі.

Адказ на крызіс 2020 года

«Белая Русь» за 16 гадоў існавання неаднаразова рабіла спробы зрабіцца партыяй, але толькі цяпер атрымала такі статус. Гэта першая рэгістрацыя партыі ў Беларусі за апошнія 23 гады і першая рэгістрацыя не проста каляўладнай партыі, а наўпрост партыі наменклатуры і чыноўнікаў, адзначыў у размове з «Белсатам» Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение».

«З палітычнага гледзішча гэта, вядома, умацаванне чынавенства, не толькі лукашэнкаўскай персоны, але і ягонага атачэння. Гэта тое, чаго чыноўнікі і каляўладныя персанажы даўно хацелі – неяк аформіць свой статус, каб была асобная структура. Гэта тое, чаго шмат гадоў пазбягаў Лукашэнка», – распавёў ён.

Паводле яго, стварэнне партыі стала вынікам крызісу 2020 года, калі ўжо не толькі чыноўнікі залежаць ад Аляксандра Лукашэнкі, але і ён залежыць ад іхнай лаяльнасці. Таму, мяркуе Мажэйка, было вырашана нешта даць гэтай наменклатуры і задаволіць іх, а «не працягваць дынаміць».

Аналітыка
Сацыяльны ліфт для ябацек: распавядаем пра «Белую Русь» і яе лідара Алега Раманава
2023.03.18 13:00

Аднак палітолаг Андрэй Казакевіч пакуль не бачыць прыкметаў таго, што гэтая партыя будзе мець нейкі істотны палітычны ўплыў. Прынамсі ў кіраўніцтве арганізацыі няма «відавочна ўплывовых асобаў». Палітолаг адзначыў, што і дагэтуль большасць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў былі чальцамі грамадскай арганізацыі «Белая Русь», але істотнага палітычнага значэння яна не мела. Дый сам Лукашэнка заяўляў, што партыі ўлады ў яго не будзе.

Казакевіч адзначыў, што ідэя стварэння партыі ўлады ўзнікла падчас вострага этапу палітычнага крызісу, каб стабілізаваць сітуацыю і зацэментаваць кіроўныя эліты. Тады чыноўнікам паабяцалі стварэнне «калектыўнага Лукашэнкі» і перадачу часткі ўлады.

«Але як толькі было прынятае рашэнне будаваць палітыку ў Беларусі паводле рэпрэсіўнага сцэнару, фактычна гэтая ідэя адышла на другі план і пачала спускацца на тармазах», – заявіў ён.

Спуск на тармазах

Цяпер, напярэдадні парламенцкіх выбараў 2024 года, рэжым усё ж узяўся за партыйную рэформу, але «нейкай выразнай канцэпцыі за гэтым пакуль што няма», лічыць Казакевіч. Асноўную функцыю «Белай Русі» ён бачыць у тым, каб яны была «БРСМ для дарослых» – рыхтавала кадры, была інструментам іхнай палітычнай сацыялізацыі і, магчыма, дапамагала б выпрацоўваць праграмныя дакументы.

З тым, што Лукашэнка не зацікаўлены ў з’яўленні самастойнага палітычнага гульца, згодны і Мажэйка. Ён адзначыў, што палітычны транзіт у Беларусі ідзе не ў фармаце ўмацавання парламенту і партыйнай структуры, а ў фармаце Усебеларускага народнага сходу. І ў гэтым кантэксце «будучыня беларускай партыйнай сістэмы выглядае незразумелай, бо партыям няма куды развівацца». Тым больш, што ва УНС «Белая Русь» і так была б прадстаўленая ў якасці грамадскага аб’яднання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 1br.by

Таму, лічыць аналітык, гэта выглядае як гульня Лукашэнкі: ён дае наменклатуры тое, што яна хацела, але такім чынам, што гэта не вельмі ўзмацняе яе палітычныя пазіцыі. І хоць гэта крок да «калектыўнага Лукашэнкі», але крок больш сімвалічны, мяркуе Мажэйка.

Дый кіраўнік новай партыі, на ягоную думку, – не той чалавек, які мае моцны ўплыў унутры наменклатуры: «гэта не Галоўчанка [прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. – рэд. Belsat.eu], не Качанава [старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава. – рэд. Belsat.eu] і не Андрэйчанка [старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. – рэд. Belsat.eu]». Фактычна гэта таксама спроба ўскладніць наменклатурную сістэму, каб там былі розныя цэнтры сілы і каб яны канкуравалі паміж сабой, кажа аналітык.

Ці будзе адна кіроўная партыя?

Адначасова з рэгістрацыяй «Белай Русі» ў Беларусі абвешчаная перарэгістрацыя старых 15 партыяў. У выніку, як на думку чыноўнікаў, гэтак і нашых суразмоўцаў, застануцца толькі дзве-тры праўладныя партыі: камуністычная, ліберальна-дэмакратычная і рэспубліканская Партыя працы і справядлівасці. Праўда, Мажэйка не выключае, што на некаторы час могуць застацца і некаторыя з апазіцыйных партыяў, хоць і ў падвешаным стане. Аднак у цяперашніх умовах, на ягоную думку, варта чакаць усё ж «татальнай зачысткі і ліквідацыі ўсіх непраўладных партыяў».

А вось на стварэнне адзінай праўладнай партыі, якая б сапраўды магла зрабіцца палітычна значнай, найвышэйшае палітычнае кіраўніцтва і сам Аляксандр Лукашэнка наважыцца не могуць, заявіў Казакевіч.

«Ёсць тэндэнцыя хутчэй на кансервацыю сітуацыі – фактычна беспартыйнай палітычнай сістэмы, дзе ўся ўлада застаецца непасрэдна ў аднаго чалавека. І, напэўна, няма жадання гэтую ўладу пераразмяркоўваць», – сказаў ён.

Паводле Казакевіча, стварэнне адной партыі мела б сэнс толькі ў тым выпадку, каб адбывалася ўскладненне палітычнай сістэмы. Але ён падкрэсліў: асноўная стратэгія рэжыму адваротная – спрашчэнне сістэмы.

Аналітыка
Новыя элементы таталітарнай сістэмы, якія яе не ўратуюць. Як у Беларусі ўзяліся за партыі
2023.02.13 08:39

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў