Сусветная федэрацыя тэквандо дазволіла беларусам і расейцам удзельнічаць у спаборніцтвах


Сусветная федэрацыя тэквандо 3 красавіка прыняла рашэнне дапусціць беларускіх і расейскіх спартоўцаў і дапаможны персанал з гэтых краінаў на спаборніцтвы, але толькі ў нейтральным статусе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: sports.ru

«Рашэнне аб удзеле індывідуальных спартоўцаў і дапаможнага персаналу з расейскімі і беларускімі пашпартамі ў нейтральным статусе ў мерапрыемствах, якія праходзяць не пад эгідай Сусветнай федэрацыі тэквандо, будзе прынятае пасля чэмпіянату свету», – гаворыцца ў паведамленні арганізацыі.

Федэрацыя разгледзела рэкамендацыі выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) і дапусціла да спаборніцтваў спартоўцаў і персанал, пачынаючы з чэмпіянату свету ў Баку ў канцы траўня.

Таксама будзе створаны адмысловы камітэт для правярання «строгага нейтралітэту» спартоўцаў, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, і дапаможнага персаналу.

Нагадаем, раней МАК рэкамендаваў міжнародным федэрацыям дапускаць да стартаў беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якія не падтрымалі вайны, і толькі ў нейтральным статусе. Таксама арганізацыя заклікала не дапускаць да турніраў спартоўцаў, звязаных з узброенымі сіламі і органамі бяспекі Беларусі і Расеі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў