«Там няма ніякага злачынства». Адвакат па «справе Ціханоўскага» распавяла падрабязнасці, як праходзіў суд


Беларуская адвакат Марыя Колесава-Гудзіліна ў інтэрв’ю Youtube-каналу «Максімальна» распавяла падрабязнасці «справы Ціханоўскага», дзе яна абараняла аднаго з абвінавачаных. Да гэтага падрабязнасцяў пра справу практычна не было, бо паседжанні суда праходзілі ў закрытым рэжыме.

Марыя Колесава-Гудзіліна. Скрыншот з відэа: Максимально / Youtube

Суд па справе Сяргея Ціханоўскага цягнуўся паўгода ў гомельскім СІЗА №3 у закрытым рэжыме. Акрамя Ціханоўскага па гэтай справе судзілі палітыка Мікалая Статкевіча, блогераў Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча, а таксама паплечніка Ціханоўскага Арцёма Сакава і грамадзяніна Расеі Дзмітрыя Папова, якога і абараняла Марыя Колесава-Гудзіліна.

Адвакат расказала, як праходзілі гэтыя паўгода, пакуль яна працавала адвакатам у справе Сяргея Ціханоўскага. Паседжанні ішлі з аўторка па пятніцу. Па словах Марыі, у панядзелак адвакатам яшчэ давалі зрабіць свае справы, напрыклад, пастаяць у чарзе ў СІЗА-1 да іншых сваіх кліентаў.

«У панядзелак я хадзіла ў СІЗА-1 у Менску і наведвала некалькі сваіх кліентаў. Я заходзіла з раніцы і сядзела да вечара, выпісвала на ўсіх ордары, і яны мне па чарзе іх прыводзілі і адводзілі. І яшчэ гадзіну чакаеш, пакуль табе зноў прывядуць – гэта значыць цэлы дзень. Звычайна ў аўторак а чацвёртай раніцы ехала ў Гомель, там я здымала кватэру на час суда. У пятніцу ехала назад дадому», – расказвае Марыя пра свой расклад жыцця падчас суда.

Перад судом яна прачытала ўсе дакументы па справе. «Так атрымалася, што разам з дзецьмі я займалася методыкай хуткачытання. Я прачытала ўсю справу, спачатку гэта было 177 тамоў, потым ужо больш за дзвесце, да канца. У томе 300 старонак».

Абаронца адзначыла, што калі адвакаты ўдзельнічаюць у судзе, яны даюць падпіску аб неразгалошванні пад пагрозай крымінальнай справы. Аднак адзначыла, што цяпер здзяйсняе злачынства з пункту гледжання заканадаўства Рэспублікі Беларусь, калі раскрывае падрабязнасці па справе. «Але я яго вельмі хачу здзейсніць. Гэта будзе трэці артыкул, які мне захочуць паставіць», – падкрэсліла Марыя.

Суд па справе Ціханоўскага ў СІЗА. Гомель, Беларусь. 24 чэрвеня 2021 года.
Фота: Людміла Гладкая / СБ – Беларусь сегодня

«Справа Ціханоўскага складаецца з нічога. З нейкага адкрытага глупства. Бо фактычна ў гэтай справе не знайшлі злачынствы, з пункту гледжання нармальнага юрыста там няма ніякага злачынства», – распавядае абаронца.

Па яе словах, у справе былі раздрукоўкі з YouTube-каналу, далучаныя відэазапісы яго канала, праслухоўванне перамоваў Ціханоўскага са штабам, праслухоўванне з іншымі дэмакратычнымі сіламі. Былі ўрыўкі справы па Горадні, калі людзей, якія дапамагалі Ціханоўскаму падчас пікету, затрымлівалі і асуджалі. Яшчэ былі як доказы ішлі прысуды людзей – нібыта гэта віна Ціханоўскага, што яны прыйшлі на пратэсты.

«Нагадваю, яго ў траўні 2020 года затрымалі! А яму ставяцца ў віну падзеі жніўня і ўсё, што там адбывалася: нібыта ён гэта ўсё спланаваў неяк з турмы – не ведаю, можа, нехта ў турме даваў ноўтбук Ігару Лосіку, і ён гэта ўсё напісаў у «Беларусь галаўнога мозгу», – іранізуе Марыя.

Таксама адвакат успамінае: «Самае цікавае, што вось яны ўсё гэта «спланавалі», надрукавалі, усё гэта яны зрабілі таму, што прачыталі кніжку Шарпа «Ад дыктатуры да дэмакратыі». І гэтую «метадычку Шарпа» далучылі да справы, гэта цэлых паўтома справы. І ў нейкі момант Ціханоўскі кажа: ды я ніколі яе не чуў. Мы: хадайніцтва, ці можна абвясціць? І мы паўдня чыталі гэтую «метадычку Шарпа».

Калі б па-добраму разглядаць гэтую справу, то мы б яе разглядалі да сённяшняга моманту. Таму што яму ставяцца ў віну ўсе відэазапісы, якія ён рабіў, увесь ягоны канал «Краіна для жыцця» – гэта тыпу злачынства адно суцэльнае. І мы глядзелі відэазапісы «Страны для жизни». І не забывайся, там жа ёсць яшчэ Уладзімір Цыгановіч (MozgOn), у яго таксама свой канал».

За што судзілі расейца Дзмітрыя Папова

Дзмітрый Папоў.
Фота: spring96.org

На судзе Марыя Колесава-Гудзіліна абараняла грамадзяніна Расеі Дзмітрыя Папова. Яго абвінавацілі нібыта ў адміністраванні сацсетак «Страны для жизни» і прыгаварылі да 16 гадоў пазбаўлення волі. Аднак, па словах адваката, ён проста адзін раз прынёс паўэрбанк Ціханоўскаму і сябраваў з ягоным аператарам.

Марыя пацвердзіла, што Зміцер Папоў раней быў звязаны з расейскай экстрэмісцкай арганізацыяй «Мужское государство», але сышоў адтуль са скандалам да таго, як там пачалі абражаць жанчын і прасоўваць ідэі патрыярхату. Пасля гэтага кіраўнік арганізацыі Уладзіслаў Пазнякоў нібы здаў Папова беларускім сілавікам.

«Пазнякоў патэлефанаваў у КДБ 4 чэрвеня 2020 года і сказаў, што ў вас тут у Беларусі Дзмітрый Папоў, ён супрацоўнічае [з Ціханоўскім]. Пазнякоў сам пра гэта пісаў у сацсетках, гэта не сакрэт. І ў той самы дзень Дзмітрый Папова затрымалі. Гэты званок быў у матэрыялах крымінальнай справы. Мусіць, як доказ віны Папова, ці я не ведаю чаго. Нейкі хер з гары патэлефанаваў у КДБ, КДБ запісала гэтую размову і пайшло затрымала Дзмітрыя Папова», – распавядае Марыя.

За час у СІЗА Дмітрый вельмі шмат чаму навучыўся: прачытаў усе міжнародныя дамовы Беларусі і ўсе свае хадайніцтвы матываваў са спасылкамі на міжнародныя акты. «У яго гаворка пастаўлена, ён казаў лепш за ўсіх астатніх, нават Сяргей Ціханоўскі гэта прызнаў», – кажа адвакат. У хлопца ў Беларусі няма ніякай падтрымкі, ніякіх сваякоў. Сам ён з Архангельскай вобласці Расеі, а яго маці памерла, калі яму было 14 гадоў. Марыя сама збірала для яго рэчы па сябрах, «таму што ў яго ўжо ўсё ў дзірах было».

Таксама Марыя распавяла, што за час суда памяняла свае адносіны да Ціханоўскага: «Ён бачыць, заўважае, калі працуе з людзьмі, можа ў кропкава задаць пытанне. Вельмі харызматычны, вельмі класны. Я ў захапленні была, сур’ёзна. Я вельмі крытычна была настроена, мне ўвогуле мала хто падабаецца, я ўвогуле людзей не люблю. А ён неяк так. Я думала, ён нейкі вельмі цвёрды і агрэсіўны, мне здавалася спачатку. Не ведала, што ад яго чакаць, а аказалася, што ён супердобры чалавек. Ніякі ён не абʼюзер, што б там ні казалі».

Па словах Марыі, такога працэсу яшчэ не было, і яго запішуць у гісторыю як адзін з самых вялікіх працэсаў па пераследзе блогераў, журналістаў і гэтак далей. Аднак, на думку адваката, яе падабаронныя хутчэй за ўсё адсядзяць свае тэрміны.

Нагадаем, у снежні 2021 года Сяргея Ціханоўскага прыгаварылі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Арцёму Сакову і Дзмітрыю Папову прысудзілі 16 гадоў пазбаўлення волі. Ігару Лосіку і Уладзіміру Цыгановічу далі 15 гадоў, Мікалаю Статкевічу – 14 гадоў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў