Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт 3 лютага абвясціў аб выбары новага рэктара: з 17 кандыдатаў выбралі прафесара Кшыштафа Рыбіньскага. Выбары адбываліся непразрыста. Ці добры іх вынік? І што новаму рэктару варта змяніць у ЕГУ?
ЕГУ быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе як прыватны ўніверсітэт з 8 факультэтамі і 13 спецыяльнасцямі. У 2004 годзе беларускія ўлады анулявалі яго ліцэнзію – ЕГУ вымушана спыніў дзейнасць у Беларусі, але ў 2005 годзе аднавіў працу ў Літве з дапамогай літоўскага ўраду, Еўрапейскай камісіі, Паўночнай рады, асобных краінаў Еўропы і міжнародных фондаў. З 2006 года ўніверсітэт мае статус прыватнага літоўскага, але па-ранейшаму дэкларуе, што працуе дзеля студэнтаў найперш з Беларусі і толькі потым – з іншых краінаў рэгіёну. Ад стварэння ў 1992 годзе ЕГУ скончылі звыш 3750 чалавек.
У прэс-рэлізе пра новага рэктара ЕГУ, які заступіць на пасаду 3 красавіка, даюць такую біяграфію Кшыштафа Рыбіньскага:
«Выдатны даследчык, які атрымаў ступень доктара эканамічных навук у Варшаўскім універсітэце, а таксама дасведчаны адміністратар у акадэмічнай галіне з больш чым 20-гадовым досведам кіравання. У прыватнасці, на працягу трох гадоў прафесар узначальваў Універсітэт Нархоз у Алматы (Казахстан), а пяць гадоў з’яўляўся рэктарам Універсітэту Вістула ў Варшаве (Польшча)».
Таксама ЕГУ называе Рыбіньскага дасведчаным дасведчаным выкладчыкам курсаў для студэнтаў як ступені бакалаўра, так і магістра, згадвае пра ягонае аўтарства больш як 90 навуковых артыкулаў у эканоміцы, сотняў газетных артыкулаў і некалькіх кнігаў. У апошнія гады яго даследаванні, як піша ЕГУ былі скіраваныя на пытанні выкарыстання штучнага інтэлекту ў эканоміцы, менеджменце і вышэйшай адукацыі. Рыбіньскі мае таксама досвед працы ў дзяржаўнай палітыцы і прыватным сектары, у тым ліку ў якасці намесніка кіраўніка Нацыянальнага банку Польшчы (2004-2008), партнёра ў аўдытарскай кампаніі «Ernst & Young», галоўнага эканаміста ў «ING Barings» і іншых банках. Вольна валодае ангельскай, расейскай і польскай мовамі (аб беларускай мове ў прэс-рэлізе не пішуць).
Гэтыя выбары і сітуацыю ва ўніверсітэце «Белсату» пракаментаваў эксперт у сферы адукацыі, навукі і інавацыяў, былы выкладчык ЕГУ Андрэй Лаўрухін.
Лаўрухін прызнаецца, што раней не ведаў пра прафесара Рыбіньскага. Але цяпер паглядзеў на тое, што вядома пра яго, і прыйшоў да высновы, што «цалкам годная асоба з вялікім досведам у акадэмічнай, эканамічнай і практычнай дзейнасці». Лаўрухін адзначае, што не ведае, ці варта ганарыцца працай рэктара казахскага Наргасу, але сам факт досведу працы рэктарам кажа на карысць выбару Рыбіньскага.
Але пытанне ў тым, што гэта ўжо трэці запар рэктар, які не з’яўляецца грамадзянінам Беларусі і нават Літвы, падкрэслівае Лаўрухін. Калі лічыць Ёргена Ёргенсэна, які быў выканаўцам абавязкаў рэктара ЕГУ ў 2016-17 гадах, то нават чацвёртым запар.
«Узнікае пытанне: няўжо няма ніводнага годнага беларуса ці беларускі? У мяне ўзнікае ўражанне, што ЕГУ ператвараецца ў гэткі каланіяльны праект, – заўважае Лаўрухін. – Наколькі я разумею логіку донараў, яны выбіраюць людзей, якія як быццам бы могуць быць больш нейтральнымі, аўтарытэтнымі для беларусаў. Гэта цалкам каланіяльная логіка: вы не можаце самі сабой кіраваць, заўжды сварыцеся, таму вам трэба знайсці больш разумнага чалавека, які можа вамі кіраваць».
На мінулых выбарах кандыдаткай была Алена Карасцелева, акадэмічны досвед у якой быў не горшым за досвед Рыбіньскага, а то і больш паспяховы, дадае Лаўрухін.
Пра працэс выбараў было вядома зусім няшмат. Невядома нават, хто быў сярод 17 кандыдатаў. «Наша ніва» нават называла іх «сакрэтнымі». Мо так і трэба?
Лаўрухін адказвае: гэта залежыць ад таго, які імідж сабе хоча ЕГУ. Калі ЕГУ хоча імідж прыватнага бізнесу і закрытай установы, дык гэта нармальна. Але ЕГУ – цалкам грамадскі і публічны праект, які падтрымліваюць са сродкаў грамадзянаў Еўразвязу, нягледзячы на фармальны статус прыватнага ўніверсітэту, кажа ён. Сам ЕГУ ідэнтыфікуе сябе як грамадская і некамерцыйная арганізацыя. Таямніцы вакол выбараў супярэчаць гэтаму.
«Часткова можна зразумець гэта: каб не сеяць зноў шум у медыях… – дапускае Лаўрухін. – Але тое, як прайшлі гэтыя выбары, умацоўвае імідж ЕГУ як закрытай чорнай скрыні, у якой знікаюць не толькі грошы, але і ўсе працэдуры».
Лаўрухін расказвае, што ў ЕГУ бачыў сярод супрацоўнікаў «жах» вакол тэмы выбараў: проста збягалі ад яго, а таксама выкладчыка і экс-прадстаўніка Сенату ЕГУ Паўла Церашковіча, якога звольнілі з ЕГУ ў 2014 годзе.
Лаўрухін кажа, што ЕГУ ўжо больш за 15 гадоў прадукуе канфлікты і скандалы, а беларусаў больш раз’ядноўвае, чым аб’ядноўвае. Што ў такім разе мог бы змяніць прафесар Рыбіньскі? Эксперт адказвае: «Калі каротка, усё».
«Самае галоўнае – гэта давер да гэтай арганізацыі, – тлумачыць Лаўрухін. – Атмасферу трэба змяніць, атмасферу даверу да яго. Самі выбары расчароўваюць і, хутчэй за ўсё, кажуць нам, што інстытуцыя надалей будзе рухацца па каляіне».
Ён прапануе такія крокі:
Ці здолее адзін чалавек, нават на пасадзе рэктара, змяніць гэта, Лаўрухін сумняецца. На ягоную думку, двух мінулых рэктараў ЕГУ «паглынула сістэма». Але эксперт жадае Рыбіньскаму поспехаў у гэтай справе.
Алесь Наваборскі belsat.eu