Працаваў у Нацбанку Польшчы і ўзначальваў два ўніверсітэты. ЕГУ абраў новага рэктара


3 лютага на сустрэчы ў корпусе Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (ЕГУ) у Вільні старшыня Кіроўнай рады ЕГУ Андрус Кубілюс абвесціў пра абранне прафесара Кшыштафа Рыбіньскага наступным рэктарам ЕГУ. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў прэс-службе ўніверсітэту.

Кшыштаф Рыбіньскі.
Фота: ЕГУ

Прафесар Рыбіньскі атрымаў ступень доктара эканамічных навук у Варшаўскім універсітэце. Аўтар больш як 90 навуковых артыкулаў у сферы эканомікі, соцень газетных артыкулаў і некалькіх кніг. Апошнія гады ягоныя даследаванні былі скіраваныя на пытанні выкарыстання штучнага інтэлекту ў эканоміцы, менеджменце і вышэйшай адукацыі.

Таксама прафесар мае больш як 20-гадовы досвед кіравання. Гэтак, тры гады ён узначальваў Універсітэт Нархоз у Алматы (Казахстан), пяць гадоў быў рэктарам Універсітэту Вістула ў Варшаве (Польшча). У дадатак да акадэмічнай дзейнасці ён мае шырокі досвед працы ў дзяржаўнай палітыцы і прыватным сектары, у тым ліку ў якасці намесніка кіраўніка Нацыянальнага банку Польшчы, партнёра ў «Ernst & Young» і галоўнага эканаміста ў ING Barings ды іншых банках. Вольна валодае англійскай, расейскай і польскай мовамі.

Паводле Кубілюса, «надзвычай пашанцавала, што навуковец і адміністратар такога ўзроўню, як прафесар Рыбіньскі, узначальвае ЕГУ ў час асаблівых выклікаў і паскораных зменаў для ўніверсітэту і рэгіёну».

Прафесар афіцыйна прыступіць да выканання абавязкаў рэктара 3 красавіка 2023 года.

«З нецярплівасцю чакаю супрацы з усёй супольнасцю ЕГУ – студэнтамі, выкладчыкамі, супрацоўнікамі, донарамі і партнёрамі – падчас перыяду перадачы паўнамоцтваў. Перакананы, што праз супольныя дзеянні мы зможам вырашаць надзённыя праблемы, якія стаяць перад універсітэтам, і ўмацоўваць статус ЕГУ як вядучай установы для навучання і грамадзянскага ўдзелу ў Беларусі ды рэгіёне ў цэлым», – заявіў будучы рэктар.

Па ўступленні на пасаду рэктара прафесар Рыбіньскі засяродзіцца на падаўжэнні акрэдытацыі ЕГУ, забеспячэнні шпаркага росту колькасці студэнтаў, пашырэнні даследчых магчымасцяў ЕГУ і развіцці перспектыўнага партнёрства з EPAM Systems – Школай лічбавай інжынерыі.

Прафесар Рыбіньскі зменіць рэктара Сяргея Ігнатава, які далучыўся да ЕГУ ў 2018 годзе.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў