МАК выказаўся аб магчымым удзеле спартсменаў з Беларусі і Расеі ў Алімпіядзе-2024


Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) на сваім сайце паспрабаваў высветліць сітуацыю з допускам спартсменаў з Беларусі і Расеі ў нейтральным статусе на міжнародную арэну.

Алімпійскі сцяг.
Фота: olympics.com

У МАК спаслаліся на меркаванне экспертаў ААН пра тое, што «спартоўцы не павінны падвяргацца дыскрымінацыі паводле нацыянальнай прыкметы». Таксама ў арганізацыі заявілі, што тлумачэнні МАК наконт магчымасці допуску беларускіх і расейскіх атлетаў «пераважнай большасцю падтрымліваюць у міжнародных федэрацыях, іх аб’яднаўчай арганізацыі (Асацыяцыі летніх алімпійскіх відаў спорту), Нацыянальных алімпійскіх камітэтах, уключаючы ўсе пяць кантынентальных асацыяцыяў (Афрыка, Еўропа, Азія, Акіянія і Панама), а таксама Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, якая абʼядноўвае ўсе 206 Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў».

Hавiны
Эксперты ААН заклікалі дапусціць да Алімпійскіх гульняў усіх спартоўцаў з Беларусі і Расеі
2023.02.02 16:29

Пры гэтым у МАК выказалі шкадаванне праз тое, што дыскусія пра пагрозу байкоту Алімпійскіх гульняў 2024 года «вылілася ўжо на такой ранняй стадыі». Адпрэчыўшы як «паклёпніцкія» абвінавачванні ўкраінскага боку пра тое, што арганізацыя «прапагандуе вайну, забойствы і разбурэнні», у МАК заявілі, што пакуль «заўчасна» казаць «пра ўдзел спартоўцаў з расейскімі ці беларускімі пашпартамі на Алімпіядзе-2024 у Парыжы». Пакуль толькі абмяркоўваецца іх удзел на міжнародных турнірах у Азіі ў летнім сезоне.

«Мы кажам не пра расейскіх або беларускіх спартсменаў – мы кажам пра нейтральных спартсменаў, якія выконваюць строгія ўмовы, якія мы ўстанавілі, уключаючы адсутнасць якой бы там ні было ідэнтыфікацыі са сваёй краінай і НАК, а таксама поўнае выкананне антыдопінгавых правіл», – адзначылі ў арганізацыі.

Там таксама паведамілі, што цяпер «праводзіцца вывучэнне першаснай канцэпцыі ўмоў удзелу».

Між тым міністр спорту і турызму Польшчы Каміль Бартнічук паведаміў РАР, што чатыры дзясяткі краін прымуць сумесную заяву па ўдзеле беларускіх і расейскіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях. Сустрэча іх міністраў спорту адбудзецца 10 лютага. Паводле Бартнічука, у сустрэчы павінны ўзяць удзел краіны ЕЗ, а таксама Вялікая Брытанія, Аўстралія, Канада, Паўднёвая Карэя і Японія.

Hавiны
Стануць азіятамі. Для спартоўцаў з Беларусі і Расеі прыдумалі схему адбору на Алімпіяду
2023.01.29 19:34

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў