Беларусы змогуць атрымаць «электронны» тэхагляд. Калі?


Генеральны дырэктар прадпрыемства «Белтэхагляд» Юрый Лянчэўскі расказаў пра электронныя дазволы аб праходжанні тэхагляду беларускімі кіроўцамі са студзеня 2024 года.

техосмотр, тэхагляд
Здымак мае ілюстрацыйны характар.

Лянчэўскі паведаміў парталу av.by, што зараз завяршаецца распрацоўка неабходнага праграмнага забеспячэння. Паслуга будзе даступна на «Адзіным партале электронных паслуг». Уладальніку машыны трэба будзе праз асабісты кабінет запоўніць простую заяву. Пры неабходнасці – прыкласці копію тэхпашпарта. Пасля аплаціць.

Лянчэўскі дадаў, што для гэтай працы таксама патрэбная адпаведная прававая аснова, і што праца вядзецца на вышэйшым узроўні. Ён удакладніў, што органам-рэгулятарам (Міністэрствам транспарту і камунікацый) павінны быць падрыхтаваны і ўнесены неабходныя дапаўненні і змяненні ў нарматыўныя акты.

Гендырэктар сказаў, што электронныя дазволы аб праходжанні тэхагляду пачнуць выдаваць беларускім аўтаўладальнікам ужо са студзеня 2024 года.

Лянчэўскі распавёў і аб іншых навацыях:

«Асноўныя нашы намаганні, вядома ж, сканцэнтраваны на пераводзе дазволу ў электронны фармат. Тутака ж можна адзначыць наша мабільнае прыкладанне для смартфонаў: у ім ёсць асабісты кабінет з магчымасцю прывязаць транспартны сродак і адсочваць тэрміны дзеяння дазволу, онлайн-запіс на дзяржтэхагляд з картай станцый і іншыя функцыі. Статыстыка па спампоўваннях прыкладання на дадзены момант такая: Android – 3585 запамповак, iOS – 1274 ».

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў