Сур’ёзная аварыя з гібеллю чалавека адбылася ўвечары 2 студзеня ва Уздзенскім раёне на Меншчыне. Там сутыкнуліся маршрутка і легкавы аўтамабіль.
Паводле звестак Следчага камітэту, каля 20:40 на трасе Менск – Мікашэвічы 27-гадовы кіроўца «Opel Vivaro» не справіўся з кіраваннем, выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з маршруткай «Peugeot Boxer», за стырном якой быў 24-гадовы мужчына.
У СК заяўляюць, што кіроўца «Opel’я» «не ўлічыў ускладненых умоваў надворʼя ў выглядзе галалёду».
У выніку аварыі 24-гадовая пасажырка «Opel’я» загінула на месцы здарэння. Дзяўчыне 3 студзеня павінна было споўніцца 25 гадоў.
Таксама шпіталізаваныя дзевяць пасажыраў маршруткі і абодва кіроўцы.
Па факце ДТЗ пачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 317 КК («Парушэнне Правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула праз неасцярожнасць смерць чалавека»).
Мяркуючы паводле фота з месца ДТЗ, адцінак трасы, дзе здарылася аварыя, быў абсалютна не чышчаны ад снегу.
МГ belsat.eu