3 студзеня былому каталіцкаму мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу спаўняецца 76 гадоў. У гэты ж дзень роўна год таму Ватыкан прыняў яго адстаўку.
Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 года ў Гарадзенскім раёне. У 1970 годзе скончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут. У 1976–1981 – навучаўся ў Духоўнай семінарыі ў Коўне. 31 траўня 1981 года прыняў святарскае пасвячэнне. Служыў у Вільні і Друскеніках.
У 1989 годзе прызначаны біскупам Менскім. Праз два гады яго перавялі на епіскапскую кафедру ў Маскву. У 2007 годзе вярнуўся ў Беларусь і стаў мітрапалітам Менска-Магілёўскім. У 2015 годзе ўзначаліў Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі.
За падзеі жніўня 2020 года мітрапаліт крытыкаваў дзеянні ўладаў і сілавікоў, прыходзіў з малітвай да сценаў Акрэсціна. У выніку 31 жніўня памежнікі не прапусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча, які выехаў на некаторы час у Польшчу, у Беларусь без тлумачэння прычын. Неўзабаве МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным. Таксама Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Кандрусевіча ў тым, што той выязджаў у Польшчу «для кансультацыяў». Але 24 снежня пры пасярэдніцтве Ватыкану ўлады дазволілі Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь.
Паводле канонаў Каталіцкай царквы, у 75 гадоў біскуп мае падаць Ватыкану прашэнне аб адстаўцы, і той можа яго задаволіць.
«3 студзеня 2021-га мне споўніцца 75 гадоў. Я афіцыйна сыходжу ў адстаўку і павінен сысці на пенсію. Я ўжо напісаў прашэнне аб адстаўцы і неўзабаве перашлю яго нунцыю», – казаў арцыбіскуп.
У ягоны ж дзень народзінаў Ватыкан прыняў адстаўку Тадэвуша Кандрусевіча. Праўда, кіраваць Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі замест яго быў прызначаны яшчэ больш сталы біскуп з Гомля Казімір Велікаселец.
Праз некаторы час кіраўніком Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі быў абраны біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а на пасаду Менска-Магілёўскага арцыбіскупа быў прызначаны дапаможны біскуп Гарадзенскі Юзаф Станеўскі.
Але нават будучы на пенсіі, Тадэвуш Кандрусевіч працягвае гуляць актыўную ролю ў жыцці Каталіцкага касцёлу Беларусі.
У 2021 годзе Цэнтр беларускай салідарнасці зладзіў уручэнне прэміі «Global Belarusian Solidarity Award». У намінацыі «З верай у сэрцы» перамог каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
МГ belsat.eu