Беларусь з’яўляецца галоўным пастаўшчыком калію ў Кітай. І пастаўкі растуць


Беларусь выступае ключавым пастаўшчыком калію на кітайскі рынак. Пра гэта паведамляе MyFin са спасылкай на галоўнае мытнае ўпраўленне КНР.

Вагоны «Беларуськалію» у Клайпедскім порце ў Літве.
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

Паводле звестак кітайскага боку, у студзені – кастрычніку 2023 года сукупны аб’ём імпарту КНР па таварнай пазіцыі «Угнаенні мінеральныя або хімічныя, калійныя» склаў $ 3,97 млрд, што на $ 410 млн больш, чым за аналагічны перыяд мінулага году.

Беларусь жа за дзесяць месяцаў паставіла ў Кітай калійных угнаенняў на $ 1,32 млрд. Рост беларускіх паставак склаў амаль $ 545 млн.

Пастаўкі з іншых краінаў былі сёлета істотна меншымі. Гэтак, імпарт калію ў Кітай з Расеі склаў $ 849,4 млн, з Канады – $ 610,3 млн, з Лаосу – $ 515,3 млн, а з Іярданіі – $ 314,6 млн.

Таксама Пекін пастаўляў калійныя ўгнаенні з Ізраілю ($ 286,3 млн), Нямеччыны ($ 46,5 млн), Узбекістану ($ 6,9 млн), Вялікай Брытаніі ($ 6,7 млн), ЗША ($ 5,6 млн). Апроч таго, невялікія партыі паступалі з Бельгіі, Аўстраліі, Швецыі, Італіі, Ірландыі і іншых краінаў.

Абноўлена
Еўразвяз вырашыў не скасоўваць санкцыі адносна беларускіх угнаенняў
2023.07.18 22:40

18 ліпеня першы віцэ-прэмʼер РБ Мікалай Снапкоў прызнаў значны ўплыў санкцыяў на пастаўкі калійных угнаенняў. Так, паводле яго, шматкроць падаражэла лагістыка паставак – «ад двух да пяці разоў – тое, што датычыцца перавалкі. Адпаведна тое, што датычыцца павялічанага чыгуначнага шляху, – гэта таксама прыкладна ў 2-2,5 разы».

Апроч таго, з-за санкцыйнага ціску Беларусь страціла 5,5 млн т з 9-10 млн т ад свайго гадавога абʼёму паставак калійных угнаенняў на вонкавыя рынкі. Рэшта ў абʼёме 4,5 млн т пастаўляецца на рынкі так званых дружалюбных да рэжыму краінаў.

Не гледзячы на санкцыі, Снапкоў распавёў пра планы падвоіць экспарт калійных угнаенняў у 2023 годзе.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў