У адносінах да жлобінскага палітвязня Ігара Поварава ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку ўжываюць катаванні, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Палітвязня і былога працаўніка Жлобінскага металургічнага заводу на 6 месяцаў змясцілі ў адзіночную камеру ў памяшканне камернага тыпу. Па ўмовам утрымання яго можна параўнаць з калоніяй строгага рэжыму.
Таксама ў калоніі Ігара Поварава катуюць холадам. Цяпер, у зімовае надвор’е фортачка камеры заўсёды наўмысна адчыненая, з-за гэтага тэмпература ў памяшканні амаль вулічная.
Затрымалі Поварава 23 лістапада 2020 года і змясцілі пад варту. У віну палітвязню ставілі арганізацыю забастоўкі на прадпрыемстве 17 жніўня. Ігару і яшчэ некалькім работнікам прад’явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Поварава асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Адзінай віной Ігара было тое, што з-за забастоўкі на БМЗ прадпрыемству была нанесена шкода ў выглядзе 1088 рублёў. На судзе завод не меў прэтэнзій да Ігара, бо ён усё кампенсаваў.
АД, belsat.eu