1 лістапада былі затрыманыя кіраўнікі галоўных дзяржаўных малаказаводаў па ўсёй Беларусі. Дэталяў вобмаль, але можна меркаваць, што сэнс амаль ідэнтычны ранейшай «цукровай справе» – карупцыя і махінацыі пры продажы малака ў Расею.
Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкаю на тры не звязаныя між сабою крыніцы.
Вядома пра затрыманні на Лепельскім малочным камбінаце, а таксама ў структурах магілёўскай «Бабушкінай крынкі» – фармальна прыватнага прадпрыемства, дзе абсалютная большасць акцыяў належыць дзяржаве.
Адбыліся затрыманні і ў іншых гарадах, але адносна іх «Наша Ніва» не мае дакладнай інфармацыі. Пакуль невядомы і сэнс прэтэнзіяў.
Імаверна, гаворка ідзе пра абвінавачванні ў «адкатах» ад дылераў за продаж таннай прадукцыі, як гэта было, напрыклад, у «цукровай справе», у межах якой затрымлівалі дырэктараў цукровых заводаў. Там адным з магістральных абвінавачванняў было тое, што пасля стварэння «Беларускай цукровай кампаніі», якая мелася рэалізоўваць цукар, яе кіраўніцтва выбірала контрагентаў паводле карупцыйных схемаў, а ўзяць тавар без «адкату» нібыта было немагчыма.
Што датычыць малака, то Беларусь вырабляе яго ў разы больш, чым спажывае ўнутраны рынак. Асноўныя гульцы на рынку перапрацоўвання малака – дзяржаўныя заводы. Сваю прадукцыю яны прадаюць у асноўным на расейскім рынку, адзначае «Наша Ніва».
Глеб Нержын belsat.eu