Чаму хусіты далучыліся да вайны супраць Ізраілю, і хто яны такія


Еменскія хусіты абвесцілі пра баявую аперацыю на «падтрыманне палестынскага народу» і абстралялі ракетамі Ізраіль. Belsat.eu апавядае, хто такія хусіты і якія наступствы будзе мець іхнае далучэнне да канфлікту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еменскія прыхільнікі шыіцкага руху хусітаў бяруць удзел у мітынгу ў памяць пра пятую гадавіну захопу хусітамі Саны, сталіцы Емену, Емен. 21 верасня 2019 года.
Фота: Mohammed Huwais / AFP / East News

31 кастрычніка прадстаўнік хусітаў Ях’я Сары заявіў, што яны запусцілі вялікую колькасць ракетаў і беспілотнікаў па Ізраілі. Сары паабяцаў працягваць аперацыю супраць Ізраілю, каб падтрымаць «прыгнечаны палестынскі народ і ягоную барацьбу», адзначыўшы, што атак будзе больш. 1 лістапада Ях’я Сары распаўсюдзіў відэа запуску ракетаў па Ізраілі (няясна, гэта новы ці стары запуск).

Мэтай атакі хусітаў 31 кастрычніка, імаверна, быў курортны горад Эйлят на паўднёвым ускрайку Ізраілю на беразе Чырвонага мора. У Цагалі паведамілі, што запушчаныя з Емену ракеты былі збітыя сіламі паветранай абароны, а беспілотнікі – вайсковымі самалётамі. Усе паветраныя цэлі былі перахопленыя за межамі тэрыторыі Ізраілю, ніхто ў выніку гэтага нападу не пацярпеў.

Гэта была не першая атака хусітаў на Ізраіль. Сары і сам адзначыў, што гэта быў трэці выпадак. Вядома, што 19 кастрычніка эсмінец ВМС ЗША ў Чырвоным моры перахапіў тры ракеты і некалькі беспілотнікаў, запушчаных з Емену.

Аднак тады хусіты не афішавалі сваіх атак. А цяпер пра аперацыю супраць Ізраілю заявілі адкрыта, што шмат якія медыі расцанілі як афіцыйнае абвяшчэнне вайны. Раней заходнія журналісты прагназавалі, што хусіты могуць стварыць новы тэатр ваенных дзеянняў на Блізкім Усходзе.

The New York Times піша, што пашырэнне крыніцаў нападаў на Ізраіль – ключавая стратэгія іранскай «восі супраціву», разлічанай на тое, каб збянтэжыць Ізраіль і стрымаць пашырэнне наземнай аперацыі ў сектары Газа.

Хусіты і грамадзянская вайна

Хусітамі называюць вайскова-палітычную праіранскую групоўку «Ансар Алах». Хусіты – паслядоўнікі зэйдыцкай шыіцкай галіны ісламу, да якой належыць каля траціны насельніцтва краіны. Ідэалогія хусітаў – сплаў рэлігійных, нацыяналістычных і проста папулісцкіх лозунгаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына абдымае аднаго з палонных хусітаў, якіх абмянялі ў межах угоды ўраду Емену ў міжнародным аэрапорце Саны. Абмен амаль 900 палоннымі паміж двума бакамі дзевяцігадовай грамадзянскай вайны пачаўся 14 красавіка пасля таго, як дэлегацыя з Саудаўскай Аравіі правяла перамовы з паўстанцамі-хусітамі, якіх падтрымлівае Іран. Гэта самы вялікі абмен палоннымі з 2020 года. Сана, Емен. 14 красавіка 2023 года.
Фота: Mohammed Huwais / AFP / East News

Назва руху «хусіты» паходзіць ад імя яго заснавальніка Хусэйна аль-Хусі. У 2004 годзе шэйх Аль-Хусі рэзка раскрытыкаваў кіраўніцтва Емену, што, на ягоную думку, прадалося ЗША і дыскрымінуе зэйдытаў. Затым ён абвясціў сябе імамам і заявіў пра стварэнне эмірату. Еменскія ўлады арыштавалі аль-Хусі за міжканфесійную варажнечу ў 2004 годзе, што справакавала ўзброеныя выступы хусітаў. Падчас тых падзеяў аль-Хусі быў забіты.

Хусіты доўгі час вялі ўзброеную барацьбу супраць ураду Емену з рознаю ступенню інтэнсіўнасці. А ў 2014-м групоўка «Ансар Алах» распачала поўнамаштабнае паўстанне і дасягнула значных поспехаў. У пачатку 2015-га хусіты захапілі ўладу ў значнай частцы краіны, у тым ліку занялі сталіцу, а таксама прымусілі прэзідэнта Абдарабу Мансура Хадзі ўцячы за мяжу. Аднак цалкам узяць пад кантроль Емен ім не ўдалося.

Нягледзячы на розныя мірныя ініцыятывы і перыядычныя паўзы ў баявых дзеяннях, грамадзянская вайна дасюль не завершаная. За 9 гадоў канфлікт забраў жыцці ад 150 да 380 тысячаў чалавек і прывёў да глыбокага гуманітарнага крызісу. Мільёны грамадзянаў сутыкнуліся з голадам або сталіся ўцекачамі, 75 % дзяцей у Емене пакутуюць ад вострага недаядання, больш за 80 % людзей жывуць за рысаю беднасці.

Хусітаў вінавацяць у розных ваенных злачынствах: масавых забойствах, выкраданнях, катаваннях, вербаванні ў жаўнеры дзяцей. Праўда, няма сумневаў, што ваенныя злачынствы здзяйснялі ўсе бакі канфлікту ў Емене. 

У 2021 годзе ЗША залучылі «Ансар Алах» у спіс тэрарыстычных арганізацыяў. Аднак потым адпаведнае рашэнне было скасаванае, у тым ліку пад ціскам ААН, бо гэта стварала праблемы для гуманітарнай дапамогі Емену.

Хусіты і Іран

Хусіты ўваходзяць у «вось супраціву» – неафіцыйны альянс Ірану і праіранскіх груповак на Блізкім Усходзе («Хамас» і «Хізбула» таксама ў восі). Іран фінансуе і пастаўляе зброю хусітам, яны шчыльна супрацоўнічаюць на ўзроўні спецслужбаў. Часам праціўнікі хусітаў называюць іх «марыянеткамі Ірану».

У вонкавай палітыцы «Ансар Алах» капіюе Іран: яны агрэсіўна настроеныя супраць ЗША і Ізраілю, дэманізуюць і дэгуманізуюць гэтыя краіны. «Алах вялікі, смерць Амерыцы, смерць Ізраілю, праклён габрэям, перамогу ісламу» – тыповыя лозунгі хусітаў. Ізраіль яны нават не прызнаюць за дзяржаву – называюць у сваіх заявах «сіянісцкім утварэннем».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчыны едуць на матацыкле паўз рэшткі будынку, які, як паведамляюць, быў разбураны ў выніку авіяўдару кааліцыі пад кіраўніцтвам Саудаўскай Аравіі ў сталіцы Емену, якую ўтрымліваюць хусіты. Сана, Емен. 12 красавіка 2023 года.
Фота: Mohammed Huwais / AFP / East News

«Ансар Алах» падтрымаў «Хамас» пасля атакі на Ізраіль 7 кастрычніка і прыгразіў Злучаным Штатам адказам, калі тыя захочуць умяшацца ў канфлікт.

Якім вайсковым патэнцыялам валодаюць хусіты

Узброеныя атрады хусітаў, паводле некаторых ацэнак, могуць складаць да паўмільёна чалавек. Аднак праз асаблівасці геаграфічнага становішча Ізраілю наземныя сілы не страшныя: Емен і Ізраіль не мяжуюць, іх раздзяляюць 1700–2000 км.  Атакаваць Ізраіль хусіты могуць толькі дыстанцыйна – ракетамі і беспілотнікамі.

Выданне Defense Express паведамляе, што «Ансар Алах» мае ў прыватнасці балістычная ракеты «Ghadr-F» далёкасцю 2000 км і паводле ацэнак вага баявой часткі 750–800 кг пры стартавай вазе 19 т. Адну з гэтых ракетаў, імаверна, запусцілі па Ізраілі 31 кастрычніка.

Таксама хусіты маюць мясцовую версію іранскай ракеты «Rezvan» з далёкасцю 1400 км і ракету «Khaybar Shekan», найбольш дальнабойную версію (1450 км) цвердапаліўных ракетаў. Акрамя таго, у арсенале хусітаў можна знайсці ракеты «Zolfaqar» аналагічнага тыпу, але з далёкасцю толькі да 700 км.

Акрамя балістычных ракетаў, у арсенале хусітаў таксама ёсць крылатыя ракеты тыпу «Quds», што ёсць версіямі іранскіх «Soumar». У версіі «Quds 3» і «»Quds 4» для яе задэклараваная далёкасць 2000 км, чаго цалкам дастаткова для запускаў па Ізраілі.

Нарэшце хусіты маюць іранскія беспілотнікі-камікадзэ «Shahed 136», якія Расея цяпер актыўна выкарыстоўвае для нападаў на ўкраінскія гарады. Іх афіцыйная далёкасць – да 2500 км.

Такім чынам, хусіты валодаюць зброяй, здольнай біць па Ізраілі дыстанцыйна. «The New York Times» канстатуе, што нават пагроза нападу хусітаў на поўдзень Ізраілю азначае, што Цагаль цяпер павінен вылучыць для абароны гэтага кірунку рэсурсы, якія ў адваротным выпадку былі б выкарыстаныя ў іншых месцах. Разам з тым пакуль цяжка сказаць, якім арсеналам дальнабойных ракетаў і беспілотнікаў цяпер валодаюць хусіты і ці здольныя яны будуць пагражаць Ізраілю масаванымі атакамі.

Фактар Саудаўскай Аравіі

Запускаць ракеты і беспілотнікі па Ізраілі хусітам давядзецца праз тэрыторыю Саудаўскай Аравіі, іхнага галоўнага ворага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тысячы грамадзянаў Емену ладзяць дэманстрацыю на падтрыманне «Хамасу» і палестынскага супраціву ў Сане, Емен. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mohammed Hamoud / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Саудаўская Аравія падтрымлівае праўрадавыя сілы ў грамадзянскай вайне ў Емене і ў 2015 годзе ўзначаліла кааліцыю арабскіх дзяржаваў для барацьбы з хусітамі. Арабскую кааліцыю ў ААН абвінавачвалі ў ваенных злачынстваў падчас аперацыі ў Емене – у прыватнасці, бамбаванні цывільных аб’ектаў, што прыводзіла да шматлікіх смерцяў дзяцей. «Ансар Алах» у сваю чаргу нападае на тэрыторыю Саудаўскай Аравіі і Аб’яднаных арабскіх Эміратаў (саюзнікі саўдытаў з кааліцыі).

Емен фактычна пераўтварыўся ў поле бою «халоднай» або «гібрыднай» вайны паміж суніцкаю Саудаўскай Аравіяй і шыіцкім Іранам. Апошнім часам пераважала тэндэнцыя да дээскалацыі гэтага канфлікту. Напрыклад, увесну 2023 года адбыўся маштабны абмен палоннымі, а Тэгеран і Эр-Рыяд аднавілі дыпламатычныя стасункі дзякуючы пасярэдніцтву Кітаю. На фоне гэтых падзеяў пасланнік ААН канстатаваў, што ўпершыню за 8 гадоў у Емене зʼявілася надзея на мір.

Падобна на тое, што ізраільска-палестынская вайна можа прывесці да новага вітку абвастрэння канфлікту паміж Саудаўскай Аравіяй, Іранам і хусітамі, бо любыя атакі «Ансар Алаху» па Ізраілі будуць закранаць тэрыторыю Саудаўскай Аравіі.

Паводле медыяў, абвастрэнне ўжо адбываецца. На гэтым тыдні чацвёра саудаўскіх салдатаў загінулі ў баі з хусітамі ў горнай паўднёва-заходняй правінцыі Джызан на мяжы з Еменам. За апошнія некалькі тыдняў войска Саудаўскай Аравіі таксама перахапіла выпушчаную хусітамі ракету над сваёй тэрыторыяй. Bloomberg паведамляе, што 31 кастрычніка армію саўдытаў прывялі ў павышаную баявую гатовасць.

Reuters са спасылкаю на меркаванне саудаўскага аналітыка адзначае: Эр-Рыяд вельмі занепакоены тым, што можа быць супраць волі ўцягнуты ў цяперашнюю эскалацыю.

Hавiны
Прэзідэнт Ірану заявіў, што Ізраіль перасек «чырвоную лінію»
2023.10.29 09:09

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў