У сацсетках з'явілася відэа з украінскімі вайскоўцамі, якія «заехалі ў Беларусь на БТР». У Кіеве гэта абвяргаюць


У сацсетках з’явілася відэа з украінскімі вайскоўцамі, якія нібыта заехалі ў Беларусь на бронетранспарцёры. Пра гэта таксама напісалі некаторыя ўкраінскія СМІ. У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны гэтую інфармацыю «Белсату» зняпраўдзілі.

Украінскія вайскоўцы на бронетранспарцёры нібыта на тэрыторыі Беларусі. Скрыншот відэа з сацсетак

У сацсетках распаўсюдзілася відэа, знятае ўкраінскімі вайскоўцамі на мяжы з Беларуссю. Голас за кадрам кажа, што байцы «трохі памыліліся», заехалі на тэрыторыю Беларусі і ўжо вяртаюцца назад.

«Паехалі на бульбашоў паглядзець. Яны пахаваліся, … [у шоку] сядзяць, не разумеюць, што адбываецца, думалі, напад», – са смехам распавёў невядомы мужчына.

Пры гэтым у кадр трапляе дарожны знак з украінскім гербам – такія знакі звычайна ставяць пры заездзе ў краіну.

Публікацыі пра здарэнне зʼявіліся ў выданнях «Главред» і «Obozrevatel». Калі і дзе відэа было знятае, не ўдакладняецца.

Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка сказаў «Белсату», што на відэа не бачная адмысловая лінія мяжы, і паведамленні пра парушэнне вайскоўцамі беларускай мяжы – няпраўда.

«Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Ці вы бачылі на відэа лінію мяжы?» – заявіў прадстаўнік пагранічнай службы.

У Памежным камітэце Беларусі распавялі, што ў іх няма інфармацыі пра гэты інцыдэнт.

«У нас такой інфармацыі няма. Ці мала чаго публікуецца ў сацсетках? Там багата чаго цікавага і няпраўды. Што, усяму верыць?» – сказалі ў камітэце.

Там паабяцалі, што распаўсюдзяць праз свае акаўнты ў сацсетках каментар, калі ў гэтым узнікне патрэба.

Hавiны
Анатоль Лапо паскардзіўся, што ўкраінцы выставілі на мяжы з Беларуссю пудзіла ў расейскай форме
2022.10.30 22:03

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў