10 гадоў за відэа для «Кіберпартызанаў», знікненне зняволенай у Берасці. Рэпрэсіі за 2 кастрычніка


Больш за два гады ні дня не праходзіць без навінаў пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі: затрыманні, суды і ціск на зняволеных. «Белсат» расказвае, пра што стала вядома за адзін толькі дзень 2 кастрычніка.

Дзяніс Сальмановіч.
Фота: spring96.org

Як стала вядома 2 кастрычніка, Берасцейскі абласны суд пакараў палітвязня Дзяніса Сальмановіча 10 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам 6400 рублёў. Сілавікі называлі Сальмановіча «галоўным візуальным рэдактарам» ролікаў «Кіберпартызанаў» і руху «Супраціў». 26 чэрвеня 2022 года КДБ унёс Дзяніса ў спіс «асобаў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці». Палітвязню было выстаўленае абвінавачванне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Колішняга дэпутата Вярхоўнага савету Паўла Знаўца затрымалі ў ягонай кватэры 30 верасня і маюць судзіць у панядзелак, паведаміў хтосьці ад ягонага імя на ягонай асабістай Facebook-старонцы. Прычыны затрымання невядомыя.

Hавiны
Губазікавец уцёрся ў давер да дэмакратычнага руху. Ці зрабілі высновы дэмакратычныя сілы?
2022.10.02 22:23

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», палітзняволеная з Берасця Ірына Прыгава чатыры месяцы не выходзіць на сувязь: ад яе не прыходзіла лістоў, а лісты, што дасылаюць ёй, вяртаюцца назад. Дзе яе трымаюць цяпер, невядома, а апошняе вядомае месца зняволення – СІЗА № 7 у Берасці. Прыгаву затрымалі ў сакавіку за тое, што яна развешвала на вуліцах бел-чырвона-белыя стужкі і сцягі, пісала алоўкам і крэйдай антылукашэнкаўскія, антыпуцінскія і антываенныя надпісы. У жніўні яе асудзілі за гэта на паўтара года калоніі агульнага рэжыму.

Праект «1906» піша, што палітвязень Уладзіслаў Карэцкі амаль усё лета правёў у штрафным ізалятары, цяпер яму ў Наваполацкай папраўчай калоніі № 1 пагражаюць пераводам у турму. Маці даведалася з ліста зняволенага, што супрацоўнікі калоніі падманулі яе і мужа, каб не даць сустрэцца з сынам: сказалі, што ён у штрафным атрадзе ці ў ШІЗА, хоць ён якраз выйшаў з ШІЗА і чакаў спаткання. Карэцкі быў валанцёрам штабу Віктара Бабарыкі у час выбараў-2020, яго затрымалі 14 жніўня 2020 года, абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Каментар
Праваабаронца: Няма захадаў, каб пазбегнуць затрымання па вяртанні з-за мяжы, да гэтага можна толькі падрыхтавацца
2022.10.02 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў