«Некаму патрэбная правакацыя». Палітолаг пра польскі верталёт у беларускай паветранай прасторы


Беларускія памежнікі 1 верасня заявілі пра парушэнне польскім верталётам беларускай паветранай прасторы. Вайсковы гелікоптэр, нібыта, заляцеў углыб тэрыторыі Беларусі на адзін кіламетр у Бераставіцкім раёне Гарадзенскай вобласці. Польшча называе гэтыя абвінавачванні хлуснёй. Белсат запытаўся ў палітолага Дзмітрыя Балкунца, ці можна меркаваць, што верталёт усё ж быў, і як гэты інцыдэнт можа змяніць польска-беларускія дачыненні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі верталёт Мі-24. Крыніца: Polsat

Дзмітрый Балкунец зазначае, што, каб рабіць нейкія адназначныя высновы, інфармацыі пра верталёт на сённяшні дзень вельмі мала, і няма ніякіх звестак, чый ён быў – ён мог быць у тым ліку беларускім.

«Гэты верталёт быў зняты з вельмі цікавага ракурсу – нібы хтосьці рыхтаваўся, каб запісаць відэа, – кажа палітолаг. – Таму тут шмат пытанняў. Верагодней за ўсё, некаму патрэбная правакацыя. Гэты верталёт мог цалкам быць беларускім, улічваючы, што ў Беларусі вучэнні праводзяцца на мяжы. Лукашэнка – майстар правакацыяў».

Лукашэнка ўжо не раз спрабаваў ладзіць правакацыі на беларуска-польскай мяжы, зазначае Балкунец, і прыгадвае вучэнні ўздоўж нейтральнай паласы ў 2020 годзе, а таксама міграцыйны крызіс, які распачаўся ў 2021 годзе.

«Лукашэнка, відаць, хоча прымусіць заходнія краіны, у прыватнасці, Польшчу, да канфлікту, потым будзе ядравай бомбай пагражаць. Лукашэнка ненавідзіць Польшчу з савецкага дзяцінства», – кажа эксперт.

Сам па сабе пралёт верталёту над тэрыторыяй іншай дзяржавы на невялікую глыбіню нават да некалькіх дзясяткаў кіламетраў – цалкам звычайная справа шмат у якіх краінах, і ніхто не робіць з гэтага нейкіх надзвычайных здарэнняў, падкрэслівае эксперт.

«Верталёт бачыць адлегласці інакш, і нейкія тэхнічныя параметры маглі збіцца, – кажа Дзмітрый Балкунец. – Таму я б не ацэньваў адразу гэта як штосьці сенсацыйнае. Але камусьці можа быць патрэбная такая правакацыя, магчыма, каб уцягнуць у ваенны канфлікт».

У беларуска-польскіх дачыненнях інцыдэнт з верталётам, нават калі ён быў, наўрад ці штосьці зменіць, лічыць палітолаг:

«Беларуска-польскія адносіны знаходзяцца ў глыбокім крызісе, як і ўвогуле беларуска-еўрапейскія адносіны. <…>. Камусьці трэба раздуць гэты інфармацыйны скандал на мяжы. У Польшчы ідуць выбары, магчыма, гэта выгадна і для Польшчы, для нейкіх палітычных сіл. Але я сур’ёзнай пагрозы не бачу. Я бачу пагрозу ў тым, што краіны ЕЗ маглі б заняць жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Лукашэнкі, але яны гэтага не робяць, таму што шмат для якіх краінаў ЕЗ Лукашэнка – выгадны партнёр. І Беларусь як задворкі Еўропы, з якой бягуць людзі, некаторым таксама выгадная. Калі б ім была патрэбная моцная Беларусь, яны б праводзілі іншую палітыку».

Польшча не закрые цалкам межы ў адказ на магчымыя правакацыі з боку Беларусі, бо ёй выгадна захоўваць магчымасць гандлю праз Беларусь, лічыць Балкунец.

«А што яшчэ можна мяняць у беларуска-польскіх дачыненнях? Калі толькі цалкам амбасады закрыць, але наўрад ці хтосьці на гэта пойдзе. А сутнасна змяняць там ужо даўно няма чаго. Штосьці змяняць можна будзе толькі пасля сыходу Лукашэнкі і перазагрузкі ўсёй палітычнай сістэмы ў краіне, – кажа палітолаг. – А да гэтага часу мы пастаянна будзем сведкамі падобных правакацыяў на мяжы. Лукашэнка і тэракты нейкія можа правесці ў Еўропе, калі спатрэбіцца, тым больш што ён ужо засылаў туды сваіх ганцоў, якія былі затрыманыя пэўны час таму».

Абноўлена
Памежны камітэт: Польскі вайсковы верталёт парушыў мяжу з Беларуссю
2023.09.01 21:15

1 верасня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што быў зафіксаваны пралёт польскага вайсковага верталёту Мі-24 углыб беларускай тэрыторыі на 1200 метраў, пасля чаго верталёт вярнуўся назад у Польшчу. Прадстаўнік аператыўнага камандавання Узброеных сілаў Польшчы Яцэк Гарышэўскі ў адказ заявіў, што парушэння паветранай мяжы вайсковым верталётам «дакладна не было» і што афіцыйныя беларускія ўлады хлусяць.

У МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы, ад якога запатрабавалі тлумачэнняў і расследавання інцыдэнту.

1 жніўня 2023 года Варшава абвінаваціла Менск у парушэнні паветранай прасторы двума гелікоптарамі. Тады часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў МЗС Польшчы. У Менску парушэнне адмаўлялі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў