Пад кіраўніцтвам «нашага чалавека» ва Украіне стварылі групу праграмістаў, якія распрацавалі тэхналогіі як для поля бою, гэтак і для небаявых задачаў Збройных сілаў Украіны, расказаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Сахашчык.
Каардынацыйная рада 2 жніўня праводзіла слуханні двух прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету: прадстаўніцы ў пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліны Коўшык і прадстаўніка ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерыя Сахашчыка. Пазней правядуць слуханні астатніх чатырох прадстаўнікоў. Па выніках галасавання, якія чакаюцца 6 жніўня, Рада можа рэкамендаваць абранай прэзідэнтцы Святлане Ціханоўскай працягнуць ці не працягнуць мандаты прадстаўнікоў.
Сахашчык расказваў пра сваю дзейнасць, звязаную з узброенымі сіламі, і пра бачанне «некрывавага» шляху пераменаў. Як адзін з галоўных поспехаў ён называў забеспячэнне дзейнасці 1-й асобнай дэсантна-штурмавой роты ў складзе 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады Збройных сілаў Украіны. Там, кажа Сахашчык, рыхтуецца склад будучага ваеннага спецназу.
Таксама Сахашчык расказаў пра новае падраздзяленне, задзеянае ў вайне ва Украіне, пра якое раней не згадвалі.
З ініцыятывы Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі Аб’яднанага пераходнага кабінету «наш чалавек», як сказаў Сахашчык, зарганізаваў у структуры Збройных сілаў Украіны ІТ-падраздзяленне новага тыпу, колькасць якога набліжаецца да тысячы чалавек.
Праца над падраздзяленнем вядзецца пад беспасярэднім кіраўніцтвам галоўнакамандуючага ЗСУ, генерала Валерыя Залужнага. Рэсурсы на падраздзяленне выдалі ўрад і Міністэрства абароны Украіны, а «наш чалавек» сабраў людзей, зарганізаваў працу, навучыў байцоў і «забяспечыў працэс такім, які дае вельмі сур’ёзныя вынікі». Праўда, пра гэтыя вынікі змогуць расказаць толькі па сканчэнні вайны.
Некаторыя падрабязнасці Сахашчык усё ж раскрыў. Гэтае падраздзяленне мае на мэце не толькі тэхналагічную перавагу над праціўнікам, але і выключэнне чалавечага фактару ў кіраванні войскамі і зброяй, перадачы звестак ад выведкі да сродкаў уражання. Падраздзяленне, сцвярджае ён, значна паскорыла прыняцце рашэнняў не толькі ў кіраванні боем, але і ў рэкрутынгу ў войска, прысваенні вайсковых званняў і прызначэнні на пасады, выключыла з гэтага працэсу магчымасці карупцыі.
«Маса-маса рэчаў уведзеная ў такія алгарытмы, якія ствараюць гарантыі рэалізацыі гэтага на дэмакратычных прынцыпах, сур’ёзна паскараюць і аблягчаюць, прыбіраюць любыя нагоды для карупцыі», – расказаў Сахашчык пра небаявое ўжыванне напрацовак ІТ-падраздзялення.
Гэтыя напрацоўкі, абяцаў Сахашчык, у будучыні «пяройдуць у Беларусь» ды могуць забяспечыць вызначальную перавагу і для беларускіх Узброеных сілаў (ён меў на ўвазе, відавочна, войска дэмакратычнай Беларусі).
Супраца з Украінай ускладненая недаверам Кіева да дэмакратычных сілаў, але праца ідзе, казаў Валерый Сахашчык. Пры тым між ім і палком імя Кастуся Каліноўскага, знаным падраздзяленнем беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, ёсць праблемы ў камунікацыі. Сахашчык сцвярджае, што правёў прынамсі сем сустрэчаў з прадстаўнікамі штабу каліноўцаў, размаўляў з начальнікам украінскай выведкі Кірылам Буданавым (якому падпарадкоўваецца полк Каліноўскага) трымае кантакты са звычайнымі байцамі. Ён заявіў, што праблемы з боку штабу палка Каліноўскага, які «не ідзе насустрач», сам жа ён гатовы дапамагчы, прапанаваць дапамогу як мінімум з навучаннем, а калі спатрэбіцца, і з рыштункам.
Алесь Наваборскі belsat.eu