Ціханоўская: Расея пры дапамозе Лукашэнкі вырашыла падставіць 9 мільёнаў беларусаў


Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская запісала зварот да так званага Дня яднання народаў Беларусі і Расеі, які адзначаюць улады дзвюх краінаў.

«Па ўсёй Беларусі зноў вісяць сцягі чужой краіны, якая распачала вайну ў цэнтры Еўропы. Якая кожны дзень забівае мірных жыхароў Украіны і пагражае нашай з вамі бяспецы і незалежнасці. Дык якое яднанне мы павінны адзначаць і навошта яно патрэбнае беларусам? Здаецца, гэтае яднанне патрэбнае Лукашэнку і Пуціну, каб пераўтварыць Беларусь у ядравае сховішча Расеі», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка.

Ціханоўская нагадала, што 25 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў аб намеры размесціць у Беларусі тактычную ядравую зброю.

«Расея пры дапамозе Лукашэнкі вырашыла падставіць 9 мільёнаў беларусаў. У Крамлі выдатна разумеюць, што ядравыя склады – гэта мішэнь для ракетаў. І таму размясціць гэтыя склады, вядома, вырашылі не побач са сваімі бункерамі і рэзідэнцыямі, а каля дамоў беларусаў. Каля вёсак і мястэчак, дзе жывуць людзі, якія заўсёды былі супраць вайны, супраць ядравай зброі, супраць дыктатараў і іх фантазіяў пра вялікую імперыю», – кажа яна.

Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь павольна паглынаецца Расеяй і гэта пачалося ўжо даўно:

«Гадамі пад выглядам так званага яднання ў Беларусі вынішчалі нашу ўнікальную культуру, пазбаўляліся ад беларускай мовы, перапісвалі падручнікі гісторыі. Быццам не было ні ВКЛ, ні Рэчы Паспалітай, ні Касцюшкі, ні Каліноўскага, ні самой Беларусі да СССР. Зараз ідэолагі і прапагандысты распавядаюць нашым дзецям, што найлепшы час для беларускага народу быў пад акупацыяй Расейскай імперыі».

Паводле Ціханоўская, Пуцін і Лукашэнка вучыцца адзін у аднога як прыгнятаць народ, яны «зверылі метадычкі катаванняў і ўзаконілі гвалт на дзяржаўным узроўні», зрабілі Беларусь палігонам для расейскай агрэсіі супраць Украіны.

«Беларусь – не ядравая сметніца Расеі. Не палігон, не губерня і не кавалачак зямлі. Беларусь – гэта суверэнная дзяржава і свабодны беларускі народ. Нам не блізкія імперскія ідэі», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка.

«Беларусам не патрэбная ні Саюзная дзяржава, ні АДКБ, якія прыводзяць да размяшчэння ядравай зброі ў нашай краіне. Свабодная Беларусь адкрые для сябе супрацу з Еўропай. Беларусь будзе далучацца і ствараць такія саюзы, якія абараняюць жыцці, бяспеку і дабрабыт беларусаў, а не ставяць пад пагрозу будучыню нашых дзяцей», – заявіла Ціханоўская.

«Галоўнае яднанне, якога беларусы дасягаюць дзякуючы такім страшным урокам гісторыі як цяпер, гэта яднанне нашай нацыі», – рэзюмавала яна.

Hавiны
Амерыканскі ISW прааналізаваў спробы Лукашэнкі выставіць Беларусь суверэннай дзяржавай
2023.04.01 09:32

Сёння, 2 красавіка, Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абмяняліся віншаваннямі з так званым Днём народнага адзінства.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў