Чаму Спартовы арбітражны суд не пераймаецца справамі беларусаў?


Беларускі фонд спартовай салідарнасці яшчэ ўвосень 2021 года зрабіў даклад наконт фактаў грубага парушэння Беларускай федэрацыяй футболу Статуту УЕФА, галоўнае з якіх – умяшанне дзяржавы ў справы футболу. Даклад скіравалі ва УЕФА, але адтуль пачаліся адныя адпіскі. Таму прадстаўнікі фонду звярнуліся ў міжнародны Спартовы арбітражны суд са скаргаю ўжо на УЕФА.

Распавядаем, як выглядае справа паміж БФСС і УЕФА.

Спартовы арбітражны суд у Лазане.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Спачатку 9 заяўнікаў звярнуліся ва УЕФА са скаргаю на шматлікія факты парушэнняў у Беларускай федэрацыі футболу. Ва УЕФА не адрэагавалі на даклад фонду – і яго прадстаўнікі паскардзіліся ўжо на УЕФА ў Спартовы арбітражны суд у Лазане. Падставаю для накіравання скаргі ў суд стала адмова УЕФА правесці расследаванне паводле фактаў парушэнняў, што здзяйсняюцца Беларускай федэрацыяй футболу і зафіксаваныя ў дакладзе фонду.

6 студзеня 2022 года на рахунак Спартовага арбітражнага суда ў швейцарскай Лазане былі пераведзеныя запатрабаваныя 22 500 еўраў за разгляд справы, але выніку разгляду няма дагэтуль. Наадварот, лазанскія чыноўнікі не лічаць неабходным хоць нейкім аргументам патлумачыць такое зацягванне справы. Справа пачала разглядацца толькі 28 красавіка летась. Чаму так позна – таксама ніхто не парупіўся патлумачыць. Першае судовае паседжанне працягвалася некалькі гадзінаў, а далей – ізноў цішыня. Напярэдадні споўнілася ўжо роўна 10 месяцаў, як адтуль ані гу-гу. Нават болей, у Лазане пачалі хлусіць.

Аляксандр Апейкін, беларускі гандбаліст і выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. 26 снежня 2022 года Мінгарсуд «завочна» прысудзіў Аляксандры Герасімене і Аляксандру Апейкіну 12 гадоў пазбаўлення волі, бо абвінавачаныя знаходзіліся за мяжой з восені 2020 года. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Наш кейс з вядомым Спартовым арбітражным судом у Лазане (CAS) даволі яскрава сведчыць, наколькі за апошні год пахіснулася ўся сістэма міжнароднага права ў розных галінах», – зазначае ў сваім тэлеграм-канале кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

«Яшчэ месяц таму мы атрымалі паведамленне ад CAS, што пастанова будзе прынятая да 24 лютага. Цяпер яе перанеслі на 31 сакавіка. Калі да пачатку вайны ва Украіне некаторыя еўрапейскія функцыянеры маглі ўключыць дурня і задаваць нам пытанні накшталт «а ці звярталіся вы ў Беларускую федэрацыю футболу з гэтымі фактамі? Не? А ў гарадскі суд на месцы рэгістрацыі?», то цяпер пытанняў, што ў Беларусі «не ўсё так адназначна» з правамі чалавека, быць ужо не можа».

Пасля абяцанага CAS выніку разгляду «да 24 лютага ўключна», і 25-га, і 26-га, і 27-га БФСС заставаўся ў няведанні. Ніякіх пастановаў не агучана, ніякіх просьбаў прабачыць, або тлумачэнняў, або проста інфармацыі пра новыя даты вынясення пастановы таксама не даслалі. І вось толькі ў апошні дзень папярэдняга месяцу, нарэшце, прыйшло пісьмовае паведамленне ад намесніка старшыні Апеляцыйнага арбітражнага аддзелу CAS, што максімальны тэрмін прыняцця пастановы паводле гэтай скаргі працягнуты да 31 сакавіка 2023 года. З чым звязаны перанос, ізноў не ўдакладняецца.

«Дзеянні міжнароднага Спартовага арбітражнага суда ў такой справе выглядаюць вельмі дзіўна. Цікава, у чым складанасць? Ці сапраўды ідзе разгляд матэрыялаў справы? На жаль, даведацца мы не маем магчымасці. Але што нам застаецца, чакаем яшчэ месяц» – распавёў Аляксандр Апейкін.

Ілюстрацыйны здымак. Падрыхтоўка полю да матчу паміж Слуцкам і Мазыром.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Кіраўнік міжнароднага дэпартаменту БФСС Анатоль Котаў яшчэ напачатку 2022-га зазначаў:

«Вось паўгода ўжо, як мы перапісваемся з УЕФА ў сувязі з масавымі парушэннямі правілаў футбольнай этыкі ў Беларускай федэрацыі футболу. І ўсе гэтыя месяцы яны нам адказвалі ў такім стылі: «Мы не можам распачаць расследавання з гэтай нагоды, бо вы не выконваеце працэсуальных правілаў – спачатку вы мусіце падаць скаргу да нацыянальных, беларускіх уладаў. То бок, на Базанава спачатку трэба паскардзіцца Базанаву», – іранізаваў спадар Котаў. – Хаця УЕФА адмаўляецца звяртаць увагу на праблемы спартоўцаў, але вельмі хутка заступілася за выгнанага з Чэхіі Базанава (Уладзімір Базанаў – старшыня Беларускай федэрацыі футболу). Ягоныя правы абараняюцца ўзмоцнена, правы ж беларускіх футбалістаў – не».

Hавiны
«Не месца ў цывілізаваным свеце». Дэпартацыя Базанава як новыя рэаліі беларускага спорту і чынавенства
2021.12.01 19:48

«Відавочна, што размова ідзе выключна пра палітычную пастанову CAS у кааперацыі з УЕФА пакінуць Беларусь у «еўрапейскім вектары» футбольнага жыцця – або разам з Расеяй адправіць на азіяцкія абшары. Самі матэрыялы справы і сведчанні ўдзельнікаў працэсу наўрад ці хтосьці разглядае. У такім выпадку пастанова была б прынятая цягам месяцу», – падтрымлівае калегу Апейкін.

А тым часам кіраўніка Беларускай федэрацыі футболу працягваюць заўважаць у еўрапейскіх краінах. Хто арганізоўвае спецыяльныя візы: УЕФА – ці якая-небудзь нацыянальная федэрацыя, невядома. Але ўжо ў гэтым месяцы (прызначаная дата – 22 сакавіка) мае адбыцца справаздачна-выбарная канферэнцыя асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу». Базанаў ісці з пасады не надта хоча, сярод кандыдатаў – ізноў афіцэры, але кола канкрэтных прэтэндэнтаў на пасаду старшыні не акрэсленае. Як распавяла нам крыніца, блізкая да Беларускай федэрацыі футболу, ніхто не спяшаецца, бо не чакаецца ніякага абмеркавання кандыдатураў. Толькі фармальнае галасаванне. І, вядома ж, за таго, хто будзе прызначаны зверху.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў