Украінская выведка: Пуцін аддаў загад поўнасцю захапіць Данецкую і Луганскую вобласці да пачатку вясны


Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Чэрняк заявіў, што Пуцін загадаў сваім войскам захапіць усю тэрыторыю Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны да сакавіка, паведамляе «Kyiv Post». Ён кажа, ужо ёсць прыкметы таго, што Расея рыхтуецца да новага захопу Данбасу.

Андрэй Чэрняк. Крыніца: pravdatutnews.com

«Мы заўважылі, што расейскія акупацыйныя войскі перакідваюць на ўсход дадатковыя дэсантава-штурмавыя групы, падраздзяленні, узбраенне і вайсковую тэхніку. Паводле звестак вайсковай выведкі Украіны, Пуцін аддаў загад да сакавіка захапіць тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў», – сказаў Андрэй Чэрняк выданню «Kyiv Post».

Паводле ягоных словаў, Крэмль, які не здолеў захапіць Кіеў згодна з першапачатковым планам, радыкальна скараціў мэту сваёй вайны да захопу Данецкай і Луганскай вобласцяў, якія ён часткова акупаваў у 2014 годзе.

Раней дарадца кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Міхайла Падаляк заяўляў, што, на ягоную думку, наступ на Данбасе ўжо пачаўся і што Расея можа пачаць больш маштабныя дзеянні вясною. «Зразумела, што вясной актыўная дзейнасць будзе», – сказаў ён. «Аднак ужо сёння мы бачым такія дзеянні на Луганскім і Данецкім кірунках. То бок ідзе (расейскі) наступ».

Аднак Чэрняк сумняваецца ва ўварванні з боку Беларусі. Ён лічыць, што пакуль Расея выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для рыхтавання мабілізаваных салдатаў, у яе не будзе дастаткова сілаў і сродкаў, каб распачаць масаваны наступ на Украіну з гэтага кірунку ў найбліжэйшыя тыдні.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў