Шэнгенскія візы хочуць зрабіць лічбавымі, а падавацца на іх можна будзе онлайн


З 2026 года Еўразвяз плануе перайсці на лічбавыя шэнгенскія візы, а падаваць дакументы на іх можна будзе онлайн. Такую прапанову Еўракамісіі прыняў Еўрапарламент, паведамляе «Shengenvisa News».

Французская віза.
Фота: Белсат

Законапраект аб поўным лічбаванні шэнгенскіх візаў прапанаваў славенскі дэпутат Мат’яж Нэмэц. Праект прадугледжвае стварэнне адзінай онлайн-платформы для падачы заяваў на візы, а таксама замену візавай папяровай налепкі ў пашпарце на лічбавыя дадзеныя.

Дэпутат растлумачыў сваю ініцыятыву тым, што для паездкі ў ЕЗ грамадзянам больш чым 100 краінаў патрэбная кароткатэрміновая віза, а працэс яе атрымання «не такі просты, як мог бы быць». Дыгіталізацыя візавых працэдураў мае зрабіць падачу дакументаў прасцейшай і зручнейшай для заяўнікаў, а з другога боку, знізіць рызыкі падробкі і махлярства, звязаныя з фізічнымі візамі.

Мат’яж Нэмэц. Крыніца: siol.net

Мяркуецца, што ў большасці выпадкаў заяўніку давядзецца толькі адзін раз асабіста прыйсці ў консульства або візавы цэнтр для збору біяметрычных звестак і правярання дакументаў. Падача анкетаў будзе ажыццяўляцца на адзінай онлайн-платформе, што дазволіць заяўнікам даведацца, якая краіна атрымае іхны запыт.

Меркавана, шэнгенская віза будзе выдавацца ў выглядзе 2D-штрых-коду, крыптаграфічна падпісанага органам сертыфікацыі подпісаў краіны (CSCA).

Дэпутаты Еўрапарламенту ўхвалілі законапраект, але прапанавалі яго дапрацаваць, напрыклад, зрабіць будучую лічбавую візавую платформу максімальна шматмоўнай. Акрамя таго, трэба гарантаваць доступ да падачы заяваў на візу для асобаў, якія не валодаюць лічбавымі тэхналогіямі, і асобаў з абмежаванымі магчымасцямі.

Сябры Еўрапарламенту таксама хочуць пераканацца, што некаторыя заяўкі на атрыманне візы не будуць адхіленыя, калі яны будуць пададзеныя з аднаго і таго ж IP-адрасу, як можа атрымацца ў некаторых раёнах з дрэнным падключэннем да інтэрнэту.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў