Кіраўнік «Bellingcat» Хрыста Грозэў быў вымушаны пакінуць Вену праз пагрозу жыццю


Балгарскі журналіст-расследавальнік і дырэктар «Bellingcat» Хрыста Грозэў праз пагрозу небяспекі з боку расейскіх спецслужбаў быў вымушаны пераехаць з Аўстрыі, паведамляе выданне «Falter». Ён пражыў у Вене амаль 20 гадоў.

Хрыста Грозэў.
Фота: hs.fi

53-гадовы Хрыста Грозэў быў вымушаны адмяніць сваё запланаванае вяртанне ў Вену з паездкі ў Злучаныя Штаты пасля таго, як кантакты ў выведнай супольнасці папярэдзілі, што ў выпадку вяртання яму можа пагражаць небяспека.

«Я падазраю, што ў горадзе больш расейскіх агентаў, інфарматараў і паслугачоў, чымся паліцыянтаў», – заявіў выданню Грозэў.

У межах праекту «Bellingcat» Хрыста Грозэў займаўся гучнымі расследаваннямі: справаю пра атручэнне расейскага падвойнага агента Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі ў 2018 годзе ў брытанскім Солсбэры, а таксама пра атручэнне Аляксея Навальнага ў 2020 годзе і забойства палітыка Барыса Нямцова. Пасля пачатку вайны ва Украіне журналісты «Bellingcat» публікавалі расследаванні пра ваенныя злачынствы РФ ва Украіне, «справу вагнэраўцаў» ды іншыя. Таксама Грозэў анансаваў расследаванне справы пра забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета і нядаўняй смерці Уладзіміра Макея.

У канцы кастрычніка 2022 года ў Расеі супраць Хрыста Грозэва распачалі крымінальную справу за распаўсюд фэйкаў пра расейскую армію. Тады журналіста абвесцілі ў вышук.

Праект «Bellingcat» 25 лютага 2022 года быў занесены ў спіс непажаданых у Расеі. У ліпені ФСБ абвінаваціла Грозэва ў дапамозе ўкраінскай выведцы, якая нібыта планавала скрасці расейскі вайсковы самалёт. Сам Грозэў тады растлумачыў, што не браў удзелу ў аперацыі беларускіх спецслужбаў, а расследаваў спробы ФСБ і Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны падмануць адно аднаго.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў