19 гадоў калоніі прысудзілі былому вайскоўцу Паўлу Кучынскаму


Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра прысуд былому беларускаму вайскоўцу Паўлу Кучынскаму, які быў затрыманы ў верасні 2022 года. Вырак агучылі 15 снежня. Паўлу прысудзілі 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Былы вайсковец Павел Кучынскі, якога 15 снежня асудзілі на 19 гадоў калоніі.
Фота: spring96.org

Як паведамляюць праваабаронцы, справу Паўла Кучынскага разглядаў так званы суддзя Аляксандр Рыбакоў у Менскім абласным судзе. Разбор справы пачаўся яшчэ 4 кастрычніка.

Былога вайскоўца вінавацілі паводле сямі крымінальных артыкулаў. Яго судзілі ў тым ліку за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289 КК), «стварэнне арганізацыі для вядзення тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290.4 КК), «наўмыснае прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага транспарту» (ч. 1 арт. 309 КК) ды за іншае.

15 снежня Павел Кучынскі быў прызнаны вінаватым і асуджаны на 19 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Вясна» нагадвае, што летась «BYPOL» паведамляў, што Кучынскага, якога затрымалі ў верасні 2022 года ў сувязі з імавернай датычнасцю да так званай справы інкасатараў, пад катаваннямі прымусілі ўдзельнічаць у правакацыі супраць іх. Тады затрыманы нібыта выходзіў на сувязь з прадстаўнікамі «BYPOL» з прапановаю чыніць акцыі непасрэднага дзеяння.

«Суддзя» Аляксандр Рыбакоў, які разглядаў справу Паўла, працаваў раней у судзе Лагойскага раёну, дзе ў 2021 годзе вёў першы суд у «справе Сяргея Ціханоўскага».

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 2 студзеня 2024 года ў Беларусі 1452 асобы прызнаныя ў Беларусі палітвязнямі. Паводле праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby», у краіне – 1613 палітзняволеных. Насамрэч іхная колькасць можа быць большая ў некалькі разоў.

Гісторыі
«Я веру ў сілу напісанага». Як беларуска дапамагае лістам трапіць у Беларусь да палітвязняў
2024.01.02 09:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў