БАТЭ прадаў малады талент у Еўропу за € 500 тысяч


Арцём Шуманскі перайшоў з БАТЭ ў кіпрыёцкі футбольны клуб «Арыс». Каманда прывітала гульца ў новым статусе.

Кіпрыёцкі клуб павіншаваў Арцёма Шуманскага «з далучэннем да сямʼі».
Фота: Twitter / ArisLimassol

Выхаванец віцебскага футболу, 18-гадовы паўабаронца БАТЭ Арцём Шуманскі будзе выступаць на Кіпры за самы беларускі клуб выспы. Як сталася вядома карэспандэнту «Белсату», гульца хацеў купіць маскоўскі «Спартак», але Арцём абраў «Арыс» з другога паводле велічыні гораду Кіпру, Лімасолю. З рознымі бонусамі БАТЭ можа атрымаць за гульца да паўмільёна еўраў. Cёння, 3 студзеня, Шуманскі падпісаў кантракт на тры гады з чацвёртаю камандаю Кіпру – «Арысам».

Перадгісторыя кантракту

У Барысаў Арцём Шуманскі, выхаванец знакамітага віцебскага 71-гадовага трэнера Аляксандра Старавойтава, пераехаў яшчэ ў 2021-м. Але стабільным гульцом асноўнага складу зрабіўся толькі ў мінулым сезоне. За БАТЭ Арцём згуляў 24 гульні, забіўшы чатыры мячы, і стаўся бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі і ўладальнікам Суперкубка. Таксама гулец пачаў выступаць за юнацкую і моладзевую зборныя Беларусі.

Пасля такога паспяховага сезону попыт на гульца сур’ёзна вырас. Гэта быў адзін з нешматлікіх гульцоў з чэмпіянату Беларусі, да якога была цікавасць за мяжой. У выніку на БАТЭ выйшаў маскоўскі «Спартак», але гулец не захацеў ехаць у краіну пад санкцыямі і ў сусветнай ізаляцыі.

Клубам валодае беларус, трэнуе яго таксама беларус

У 2021 годзе кіпрыёцкі «Арыс» купіў беларускі бізнесовец Уладзімір Фёдараў. Інфармацыі пра тое, чым канкрэтна зарабляе гэты чалавек, у адкрытых крыніцах няма. Але ў першы ж год пры ім каманда паднялася ў вышэйшую лігу, а на наступны прабілася ў другі адборачны раўнд Лігі Канферэнцыяў.

Трэнуе «Арыс» 34-гадовы беларус Аляксей Шпілеўскі, які вырас у Нямеччыне, дзе і пачаў працаваць трэнерам. Нядоўга працаваў у берасцейскім «Дынама» часоў Аляксандра Зайцава, а затым зʼехаў у Казахстан, дзе з «Кайратам» выгуляў мясцовы чэмпіянат. А за маркетынг у «Арысе» адказвае беларускі журналіст Аляксей Дазорцаў, які раней працаваў на «Белсаце».

За «Арыс» ужо другі год гуляе футбаліст зборнай Беларусі Яўген Яблонскі. Ён на Кіпр прыехаў таксама з БАТЭ, падпісаўшы да гэтага праўладны ліст. Таксама за клуб выступае чэмпіён Беларусі ў складзе салігорскага «Шахцёра» Юліюс Сёке. А самы вядомы футбаліст клубу – расеец Аляксандр Какорын, які ў 2018 годзе за бойку амаль год правёў у расейскай турме, а потым зʼехаў у Італію, адкуль і перабраўся на Кіпр.

АЛ  belsat.eu

Стужка навінаў