Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» аб перспектывах Мікалая Лукашэнкі стаць прэзідэнтам


«Белсат» папрасіў галоўнага рэдактара радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксея Венядзіктава падзяліцца сваімі ўражаннямі ад знаёмства з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама бачаннем палітычнай будучыні яго сямʼі. Паводле Венядзіктава, Мікалай Лукашэнка «вучыцца кіраванню, маніпуляванню, узаемадзеянню».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На плошчы Незалежнасці ў Менску прайшоў мітынг на знак падтрымання Аляксандра Лукашэнкі. За некалькі гадзінаў да пачатку ў раёне Дому ўраду зʼявіліся міліцыянты і спецтэхніка. На здымку — падчас выступлення Аляксандра Лукашэнкі перад народам Мікалай Лукашэнка стаіць у баку з аховай. Менск, Беларусь.
Фота: Беласт

– Калі і пры якіх акалічнасцях вы асабіста пазнаёміліся з Аляксандрам Лукашэнкам?

– Гэта быў 1994 год, яго першая прэзідэнцкая кампанія. Я тады наведваўся некалькі разоў у Рэспубліку Беларусь і асвятляў прэзідэнцкую кампанію. І тады для мяне пачалося знаёмства з Аляксандрам Лукашэнкам. У нас у 94 годзе тут, у Расеі, былі свае падзеі: чачэнская вайна і г. д. І, уласна кажучы, я калі вярнуўся сюды, я сказаў: хлопцы, ну вось хваля папулізму падымаецца, у Беларусі ёсць такі папуліст – Аляксандр Лукашэнка, напэўна, 35 % ён набярэ на першых выбарах. Схібіў, Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам. Схібіў я не наконт Лукашэнкі, а наконт беларускага народу, які прагаласаваў тады за Лукашэнку. Трэба сказаць, што мы сачылі за падлікамі, фальсіфікацыяў мы не бачылі. Значыць, беларускі народ выбраў, купіўся, калі хочаце, на тое, што казаў Аляксандр Рыгоравіч.

– А калі ў вас была першая грунтоўная сустрэча з Лукашэнкам? І якое ўражанне ён на вас зрабіў?

– Гэта было ягонае інтэрв’ю «Эху Москвы» ў 1997 годзе, ён тады прыязджаў у Маскву. Я памятаю, як тут усе мітусіліся, бо ён дзейны прэзідэнт. І я памятаю, тады была гісторыя вельмі важная, на мой погляд, для разумення Аляксандра Рыгоравіча. Быў журналіст НТВ Аляксандр Ступнікаў, які быў высланы з Беларусі. І калі прыехала перадавая каманда, кажуць: пытайся пра што хочаш, ён адкажа, толькі не пытай яго пра гэтага журналіста. А ў гэтага журналіста ў Беларусі заставалася жонка і пяцёра дачок. І мы павінны былі з маім намеснікам Сяргеем Бунтманам браць інтэрв’ю. І я сказаў: ну, добра, я не буду пытацца. Гэтыя людзі з беларускай амбасады сышлі, Сярожа пачаў на мяне гарлапаніць, што мы абавязкова павінны спытаць пра гэтага журналіста. Я кажу: «Дык гэта я не буду пытацца, а ты спытай. Гэта ж я сказаў, што я не буду пытацца». Прыязджае Лукашэнка з брыгадай, заходзіць да нас у кабінет, потым заходзім у студыю, сядаем. Пытаемся: Расея – Беларусь, Саюзная дзяржава… І потым Сярожа пачынае казаць: «Вось ведаеце, Аляксандр Рыгоравіч, сёння ставіцца пытанне на міжнародным узроўні: падзеленыя сям’і, пятае, дзясятае…» і тут Лукашэнка яму кажа фразу, якая ў нас як мэм існуе: «Не мучайся, Сірожа, я табе дапамагу!» І пачынае: «Вы хочаце мяне спытаць пра яго! Вось ніколі! Ніколі гэты нягоднік не пераступіць мяжы Беларусі! Потым, я ж не чуў, што ён хоча да нас прыехаць. Такога не было». Там, ззаду, я бачу, ужо губляе прытомнасць прэс-сакратар, пасол, начальнік пратаколу беларускі. «Я не чуў, каб ён хацеў, ага, значыць у Менску лепш, чым у Маскве?! Хай прыязджае!» І гэта ўсё ў адной фразе – ад «ніколі» да «хай прыязджае». І вось калі ён з’ехаў, кажу Сярожу: «Ну, блін, а вось як журналісты павінны з ім працаваць?» На працягу 7 секундаў чалавек цалкам змяніў пазіцыю.

Мікалай Лукашэнка падчас візіту ў Кіеў, 2014 год.
Фота: Krystian Maj/FORUM

– З 2007 года Лукашэнка стаў з’яўляцца на публіцы са сваім малодшым сынам Мікалаем. Для чаго ён усюды з сабой бярэ Мікалая?

– Відавочна, што Аляксандр Рыгоравіч будуе дынастыю. Можа быць не наўпрост спадчыннік, ён гэта рабіў з Віктарам. Гэтага вы ўжо, магчыма, не памятаеце, на самым пачатку Віктар быў побач увесь час – старэйшы сын Аляксандра Рыгоравіча. Зараз з ім побач Мікалай, ён яго прыцягвае. У мяне, ведаеце, быў такі лёгкі шок, калі, памятаеце, Аляксандр Рыгоравіч прыехаў у СІЗА да апанентаў, пасаджаных ім, і была размова. І я так доўга глядзеў кадры, кадры, кадры. І потым, калі ўжо з СІЗА выйшаў Віталь Шкляраў, ён мне распавёў, што Мікалай таксама быў там. Гэта значыць, Мікалай вучыцца кіраванню, маніпуляванню, узаемадзеянню. І Аляксандр Рыгоравіч робіць гэта не проста так. Бо даверыць камусьці прэзідэнцкую пасаду, нават найбліжэйшым – усё не сваяк. Ці зможа ён перадаць яму ўладу? Гэта пытанне ўжо іншае.

І я разумею Пуціна і падазраю, што яго гэта раздражняе. Тое, што ў Лукашэнкі ёсць пераемнік і спадчыннік, а ў Пуціна публічнага пераемніка і спадчынніка няма. Я ўяўляю Пуціна, які быў вельмі раздражнёны, калі нядаўна яны з Лукашэнкам былі ў Пецярбурзе і на катары яны абедалі ўтрох з Мікалаем. І думаю, што гэта было для Уладзіміра Уладзіміравіча не вельмі прыемна. Прэзідэнты, ланч прэзідэнцкі. Але калі кошт аб’яднання з Беларуссю, далучэння Беларусі, валодання Беларуссю, маніпулявання Беларуссю – у тым, каб паесці з хлопчыкам (Пуцін жа вельмі прагматычны), дык каго хочаш прыводзь, хоць усіх. Галоўнае – вынік.

Аляксандр Лукашэнка ў СІЗА КДБ.
Фота: «Пул первого»

– А наколькі верагодна, што Лукашэнка «здасць» Беларусь Расеі?

– Пакуль не ўзнікла пагрозы страты ўлады ўнутры Беларусі. Я маю на ўвазе падзеі 2020 года і наступныя за гэтымі падзеі – заходнія санкцыі. Лукашэнка выслізгваў, і вельмі ўдала, з гэтага самага аб’яднальнага працэсу. Калі стала зразумела, што ў яго пагрозы з трох бакоў, ён як бы апынуўся заціснуты паміж патрабаваннямі ўласнай апазіцыі, паміж патрабаваннямі заходніх краінаў і паміж патрабаваннямі Расеі, ён як такое мыла хацеў выслізнуць. Выскачыць не ўдалося, трэба выбраць кагосьці сабе ў саюзнікі, акрамя Кітаю, Казахстану і іншых. Ну, абраў Расею, бо ён не раз абводзіў расейскае кіраўніцтва вакол носа. Ён лічыць, што ён яшчэ раз абвядзе яго вакол носа. І мы бачым, як ён шмат разоў ужо пасля прэзідэнцкіх выбараў 20 года браў на сябе нейкія абавязкі, публічна браў і не публічныя на сустрэчы з прэзідэнтам Пуціным. І тым не менш ён адцягвае, ён адцягвае, адцягвае, потым відазмяняе, што кажа пра ягоную вялікую хітрасць.

Hавiны
Як дзяржмедыі запісваюць Лукашэнку і каго лічыць галоўным ворагам Рыгор Азаронак
2022.01.01 15:40

АМ belsat.eu

Стужка навінаў