З 300 тысяч мабілізаваных расейцаў у зону баявых дзеянняў адправіліся ўжо 87 тысяч чалавек


Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў, што 87 тысяч чалавек з 300 тысяч мабілізаваных у Расеі адправілі зону баявых дзеянняў з Украінай. Паводле яго, вайскоўцаў тэрміновай службы адпраўляць на вайну не будуць.

Мабілізаваныя расейскія вайскоўцы.
Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

Сяргей Шайгу адзначыў, што з мабілізаванымі працуюць каля трох тысяч інструктараў, якія атрымалі баявы вопыт у ходзе баёў на тэрыторыі Украіны. Ён таксама прызнаў, што ў пачатку мабілізацыі ў працы ваенкаматаў былі выяўлены недахопы, і, паводле слоў Шайгу, іх устаранілі.

Шайгу 28 кастрычніка паведаміў расейскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну аб завяршэнні «частковай» мабілізацыі ў краіне. Паводле яго, агулам, як і планавалася, былі мабілізаваныя 300 тысяч чалавек.

Раней ён паведамляў, што сярэдні ўзрост мабілізаваных – 35 гадоў, адзначыў міністр. «Падчас частковай мабілізацыі было накіравана ў войскі больш за 1300 прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, больш за 27 тысяч прадпрымальнікаў. 13 тысяч грамадзянаў не дачакаліся позваў і адправіліся на фронт у якасці добраахвотнікаў», – даў справаздачу Сяргей Шайгу.

Шайгу дадаў, што ўдзельнікі баявых дзеянняў у зоне «спецаперацыі» атрымаюць статус ветэранаў баявых дзеянняў і «адпаведны пакет сацыяльных ільготаў».

Агляд
«Чамадан, вакзал…». Як вядомыя расейцы паехалі за мяжу з пачаткам мабілізацыі
2022.10.30 16:19

Нагадаем, раніцаю 21 верасня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам і абвесціў частковую мабілізацыю ў краіне. Міністр абароны Сяргей Шайгу заяўляў, што мабілізаваць плануюць 300 тысячаў з тых, хто ў запасе. Пасля гэтага расейцы пачалі масава з’язджаць з краіны, а праз некаторы час сталі зʼяўляцца паведамленні, што некаторых расейцаў, якія маглі б трапіць пад мабілізацыю, не выпускаюць з краіны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў