Беларускія чыгуначнікі даведаліся пра адпраўку ў Расею новай партыі вайсковай тэхнікі. Яна трапіць у Луганск


Супольнасць чыгуначнікаў паведаміла, што Беларусь працягвае перадаваць Расеі раскансерваваную вайсковую тэхніку. 21 кастрычніка ў суседнюю краіну выправілі 20 баявых машынаў пяхоты. Канцавы пункт прызначэння – акупаваны Луганск.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таварны цягнік едзе праз станцыю «Менск-Усходні».
Фота: Белсат

Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі ў сваім Telegram-канале паведаміла пра адпраўленне ў Расею чарговай партыі раскансерваванай тэхнікі. 21 кастрычніка на 10 вагонах-платформах са станцыі Урэчча ў Любанскім раёне Менскай вобласці вывезлі 20 гусенічных баявых машынаў пяхоты (БМП-2).

Паводле чыгуначнікаў, тэхніка скіравалася ў акупаваны Луганск транзітам праз Смаленскую, Бранскую, Курскую і Белгародскую вобласці Расеі.

Ва Урэччы месціцца 969-ая цэнтральная база рэзерву танкаў.

Пра тое, што з Беларусі ў Расею пачалі вывозіць вайсковую тэхніку і боепрыпасы, упершыню стала вядома 10 кастрычніка. У беларускім Міністэрстве абароны гэта тлумачылі «мадэрнізацыяй і пераабсталяваннем узброеных сілаў» краіны.

ВІДЭА
Ці кантралюе Лукашэнка сітуацыю ў краіне?
2022.10.20 18:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў