У Нарвегіі і Нямеччыне распавялі, ці дадуць дакументы беларусам, якія будуць без пашпартоў


Улады Нарвегіі і Нямеччыны паведамілі, як будуць ставіцца да беларусаў, якія не здолеюць памяняць свае пашпарты ў выніку ўказу Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускі пашпарт і часовы від на жыхарства у Літве. Вільня, Літва. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Міністэрства юстыцыі Нарвегіі адказала мясцоваму Хельсінкскаму камітэту, што беларусы змогуць атрымліваць пашпарты замежнікаў, але кожная такая заява будзе разглядацца індывідуальна. У ведамстве адзначылі, што валодаюць інфармацыяй адносна сітуацыі ў Беларусі, але ім «цяжка адаптавацца да таго, як іншыя краіны вырашаюць рэгуляваць выдачу нацыянальных пашпартоў ці іншых дакументаў, якія сведчаць асобу, уласным грамадзянам».

Падобны адказ атрымаў і нямецкі дэпутат ад Хрысціянска-дэмакратычнага звязу Штэфан Роўэнгоф. З Міністэрства ўнутраных справаў і радзімы яму паведамілі, што для атрымання ці працягнення дакументаў, што дазваляюць знаходжанне ў Нямеччыне, у замежніка павінен быць пашпарт. Калі яго няма, адказны іміграцыйны орган будзе вырашаць «у кожным канкрэтным выпадку», ці можа быць выдадзены нямецкі дакумент, які замяняе пашпарт.

Агляд
На выпадак, калі сабраліся па пашпарт на радзіму: за што затрымліваюць беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы
2023.09.19 17:49

6 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікавалі ўказ № 278 аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў. Дакумент уступіў у моц 7 верасня. Ён змяняе парадак ажыццяўлення адміністратыўных працэдураў, а таксама натарыяльныя дзеянні, якія маюць права ўчыняць дыпламатычныя агенты і консульскія службовыя асобы. Указ забараняе амбасадам і консульствам выдаваць пашпарты беларусам, а таксама афармляць даверанасці.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі адзначыў, што ўказ Лукашэнкі павысіў цікавасць партнёраў дэмакратычных сілаў да тэмы пашпарту Новай Беларусі. Паводле яго, прызнанне пашпарта Новай Беларусі спросціць жыццё не толькі беларусам, але і ўладам тых краінаў, дзе беларусы жывуць, бо людзі будуць з дакументамі, што сведчаць асобу:

«Пашпарт не толькі дапамагае развязаць практычныя праблемы, ён адмаўляе рэжыму ў магчымасці кантраляваць жыццё людзей за мяжою».

Акрамя перамоваў з партнёрамі, цяпер рыхтуецца да друку ўзору пашпарта, які можна будзе паказаць зацікаўленым бакам.

Каментар
«Пашпартны» ўказ Лукашэнкі назвалі парушэннем міжнароднай канвенцыі
2023.09.29 20:30

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў