Папулісцкая прарасейская партыя на чале з былым прэм’ер-міністрам Робэртам Фіца перамагла на парламенцкіх выбарах у Славаччыне. Аднак самастойна сфармаваць урад яна не здолее.
Партыя «Кірунак – сацыяльная дэмакратыя» («Smer – sociálna demokracia») набрала амаль 23 % галасоў. Яе кіраўнік быў вымушаны пакінуць пасаду прэмʼер-міністра пасля забойства журналіста-расследавальніка Яна Куц’яка ў 2018 годзе. На гэтых выбарах ён абяцаў неадкладна спыніць вайсковае падтрыманне Украіны.
«Калі «Smer» увойдзе ва ўрад, мы не дашлём ва Украіну ніводнага патрона», – заяўляў Робэрт Фіца.
Раней Славаччына экспартавала ва Украіну зенітныя ракеты і гелікоптары ды нават ахвяравала ўвесь свой парк спісаных знішчальнікаў МіГ-29.
Былы прэм’ер-міністр і кіраўнік партыі «OĽaNO» («Obyčajní Ľudia a nezávislé osobnosti») Ігар Матавіч мяркуе, што Фіца скіруе краіну на падобны шлях, па якім пайшла Беларусь.
Тым не менш для стварэння ўраду «Кірунку» неабходна сфармаваць кааліцыю з іншаю партыяй, піша Бі-Бі-Сі.
Не пакідае надзеі сфармаваць урад і лідар праеўрапейскай «Прагрэсіўнай Славаччыны» («Progresívne Slovensko») Міхал Шымэчка. Ягоная партыя заняла другое месца і набрала каля 18 % галасоў.
Вызначаць лёс будучай кааліцыі будзе праеўрапейская партыя «Голас – сацыяльная дэмакратыя» («Hlas – sociálna demokracia»), якая заняла трэцяе месца, 14,7 %. «Голас» аддзяліўся ад «Кірунку» ў 2020 годзе.
Былы аднапартыец Фіца і цяперашні лідар «Голасу» Пэтэр Пэллегрыні пакінуў адкрытымі свае варыянты будучых кааліцыяў. Ён падкрэсліў, што «Голас» – партыя, без якой не можа быць створаная ніводная ўрадавая кааліцыя, якая б функцыянавала нармальна.
Таксама ў парламент праходзяць праеўрапейская кааліцыя «OĽaNO і сябры» («OĽaNO a priatelia») – 8,9 %, Хрысціянска-дэмакратычны рух – 6,8 %, еўраскептычная «Свабода і салідарнасць» («Sloboda a Solidarita») – 6,3 %, прарасейская Славацкая нацыянальная партыя – 5,6 %.
Нагадаем, што ў жніўні абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных справаў Славаччыны Міраславам Влахаўскім дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне і сітуацыю з вагнэраўцамі ў краіне.
Влахаўскі выказаў падтрыманне дэмакратычным сілам і беларусам, якія змагаюцца за дэмакратычныя змены. Падчас сустрэчы Ціханоўская ўзняла пытанне палітычных вязняў ды іхнага неадкладнага вызвалення. Абраная прэзідэнтка Беларусі падкрэсліла, што сітуацыя крытычная і патрабуе ўмяшання міжнародных арганізацыяў.
Якуб Хруст belsat.eu