Расейцы затрымалі і кудысьці звезлі дырэктара Запарожскай АЭС


Пад вечар 30 верасня патруль акупацыйных сілаў пад Энергадарам спыніў машыну генеральнага дырэктара Запарожскай АЭС Ігара Мурашова, гвалтоўна затрымалі мужчыну і вывезлі ў невядомым напрамку, заяўляе ўкраінскі «Энергаатам».

Запарожская АЭС.
Фота: Энергаатом/Telegram

Што цяпер з Ігарам Мурашовым, невядома. Расейскі бок не каментаваў знікненне Мурашова.

«Энергаатам» адзначае, што затрыманы – ліцэнзіяваная асоба, якая нясе адказнасць за ядравую і радыяцыйную бяспеку, а ягонае знікненне стварае небяспеку для атамнай электрастанцыі.

«Энергаатам» патрабуе ад расейскіх вайскоўцаў, якія захапілі і кантралююць Запарожскую АЭС, а таксама ад супрацоўнікаў «Росатаму», якіх прывезлі працаваць на станцыю, спыніць «акты ядравага тэрарызму» і вярнуць кіраўніка станцыяў да выканання службовых абавязкаў.

Таксама «Энергаатам» звярнуўся з прычыны выкрадання да генеральнага дырэктара МАГАТЭ і да кіраўніка Сусветнай асацыяцыі аператараў АЭС. Імаверна, пра выкраданне пачуюць і наведнікі Генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ, што цяпер праходзіць у Вене – «Энергаатам» мае там выставачны стэнд пра працу падчас вайны.

Запарожская АЭС ва Украіне – найбуйнейшая з дзейных у Еўропе. Расейскія вайскоўцы захапілі яе 4 сакавіка – праз тыдзень з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Станцыя дагэтуль пад іхным кантролем, а цягам жніўня і верасня рэгулярна абстрэльвалася. МАГАТЭ і МЗС Украіны вядуць кансультацыі пра зону ядравай бяспекі вакол Запарожскай АЭС.

Hавiны
МАгАтЭ апублікавала справаздачу па выніках місіі на Запарожскую АЭС. Да якіх высноваў прыйшлі эксперты
2022.09.06 20:47

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў