news
Агляд
Непрыемныя веды на Дзень ведаў: галоўнае пра стан беларускай адукацыі на 2023/24 год
Больш вучняў і менш школаў, незапатрабаваныя ВНУ, дзіўныя рэформы, рэпрэсіі і ваеншчына.
01.09.202318:16

У Беларусі ва ўмовах масавых рэпрэсіяў стартаваў чарговы навучальны год. Цяпер на дадатак да палітычнага пераследу педагогаў, вучняў і іхных бацькоў дадалася аспекты, звязаныя з суўдзелам Беларусі ў нападзе на Украіну. «Белсат» згадвае, што вядома аб стане беларускай адукацыі на 1 верасня 2023 года.

Больш вучняў – менш школаў і настаўнікаў

Дакладнай статыстыкі аб тым, колькі вучняў і студэнтаў пачалі 2023/24 навучальны год, пакуль няма. Дзяржаўнае агенцтва «БелТА» піша толькі, што за парты сядзе звыш мільёна школьнікаў і што гэта «на ўзроўні мінулага года».

Ігар Сяргеенка на лінейцы ў школе ў Аўсенцы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сергеенка на лінейцы ў школе ў Аўсянцы. Горацкі раён, Беларусь. 1 верасня 2023 года.
Фота: Андрэй Сазонаў / Sb.by

Імаверна, колькасць школьнікаў можа быць нават большай за мінулы год, яна за апошнія гады ўвесь час расце (PDF), і калі ў 2015-м агульную сярэднюю адукацыю атрымлівалі 969,1 тыс. дзяцей, то ў 2022-м было (PDF) ужо 1085,6 тыс. Яшчэ каля 10 тыс. дзяцей мае быць ва ўстановах пачатковай адукацыі і каля 20 тыс. – ва ўстановах базавай адукацыі.

Аднак школаў і настаўнікаў робіцца менш: у 2016/17 навучальным годзе ў Беларусі было 3155 установаў агульнай сярэдняй адукацыі, а сёлета засталося толькі 2856. Настаўнікаў у 2016/17 навучальным годзе было 116,1 тыс., у 2022/23 годзе засталося 105,1 тыс. І пры гэтым настаўнікаў працягваюць звальняць, ліцэі – закрываць, а прыватныя школы амаль не пускаюць у беларускую сістэму адукацыі.

Ці не самы вядомы (але далёка не адзіны) прыклад недахопу школаў – чэргі на запіс ў «Школу будучыні» ў Новай Баравой, што пад Менскам. Сітуацыя можа выглядаць як «бацькі хочуць аддаць дзяцей у элітную школу», ды на самай справе школа звычайная ва ўсім, акрамя будынку, а праблема палягае ў адсутнасці школаў у суседніх вёсках і кварталах, адкуль улады скіроўваюць вучняў у Новую Баравую.

Інтэрв’ю
«У беларускай сярэдняй адукацыі больш рэгрэсу, чым прагрэсу». Чаму вучаць у школах у Беларусі і за мяжой
2023.08.25 08:00

Падобная сітуацыя была і ў дашкольнай адукацыі: дзіцячых садкоў меншае, дзяцей большае. Аднак колькасць дашкольнікаў рэзка абвалілася пасля 2021 года: з тагачасных 405,5 тыс. да 378,2 тыс. летась і да цяперашніх 369 тыс. У сярэдне-спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ж скарачаецца і колькасць вучняў, і колькасць навучальных установаў.

Большымі становяцца і выдаткі на збор дзіцяці ў школу, а дзяржава параўнальна мала дапамагае бацькам школьнікаў – у Польшчы і Літве перад пачаткам навучальнага года бацькам выдаюць эквівалент пары сотняў беларускіх рублёў, а ў Грузіі першакласнікам наогул дораць ноўтбукі.

Ва ўніверсітэтах – недаборы

У вышэйшай адукацыі статыстыка іншая: колькасць студэнтаў змяншаецца значна хутчэй за колькасць універсітэтаў. У 2015 годзе студэнтаў было 336,4 тыс., а сёлета засталося 238,5 тыс. І хоць знікла амаль 100 тыс. студэнтаў, з 52 ВНУ застаюцца працаваць 49.

Выходзіць кур’ёзная сітуацыя: ёсць «умоўна бясплатныя» месцы ва ўніверсітэтах, на якія цяжка знайсці ахвотных. Некаторым ВНУ даводзіцца абвяшчаць данаборы і прымаць абітурыентаў з мінімальнымі баламі, скарачаюць колькасць платных месцаў. Не апраўдаў чаканняў і мэтавы набор: магчыма, патэнцыйных студэнтаў адпалохала доўгае абавязковае размеркаванне і блытаніна з маштабнымі эксперыментамі ў навучальнай сістэме. Але ўсё можа быць прасцей: вышэйшая адукацыя робіцца занадта дарагой – часам нават даражэйшай, чым у суседніх краінах.

Гісторыі
Як уладкаваць дзіця ў школу ў Польшчы, Грузіі, Літве. Гісторыі беларусаў
2023.08.20 10:00

Так ці іначай, малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі цяпер атрымлівае вышэйшую адукацыю не ў Беларусі, а ў Кітаі.

Калі было мала рэпрэсіяў, зараз будзе яшчэ і ваеншчына

Першы ўрок 1 верасня ў беларускіх школах праходзіў пад дэвізам «Беларусь і Я – дыялог міру і стваральнай працы». Ды ў краіне сітуацыя зусім не мірная, а ўлады не ідуць на дыялог з апазіцыйна настаўленым грамадствам. Наадварот: спецыяльна для дзяцей цяпер ствараюць адмысловыя пакоі для допытаў, не кажучы ўжо пра пастаянныя затрыманні педагогаў і навучэнцаў, паказальныя суды перад дзецьмі і падлеткамі.

Сілавікі нярэдка наведваюць сямейныя святы, дзе хваляцца дзецям зброяй і амуніцыяй
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сілавікі нярэдка наведваюць сямейныя святы, дзе хваляцца дзецям зброяй і амуніцыяй. Менск, Беларусь. 1 траўня 2023 года.
Фота: Я/МЫ ОМОН / Telegram

У Беларусі адкрываецца ўсё больш «вайскова-патрыятычных» класаў, а на дадатак улады збіраюцца адкрыць аналаг расейскага цэнтру вайскова-патрыятычнага выхавання «Авангард». Усё больш увагі надаюць «сувораўскім вучэльням». Для «патрыятычнага выхавання» беларускіх дзяцей шукаюць баевікоў расейскай Групы Вагнэра, ахвотных павыкладаць (тая якраз зарэгістравала адукацыйную фірму), а дзеля рассялення баевікоў у Полацкім раёне нават закрылі цэлую школу.

У беларускіх школах не толькі ўзмацняюць «патрыятычнае выхаванне» ў савецкім стылі, але і заклікаюць на «русскомирские» акцыі ды адкрыта (хоць часам у форме дзіўнаватага шаманства) даводзяць дзецям, што тыя – адзін народ з расейцамі. Для ўсіх школьнікаў таксама рыхтуюць падручнікі па «Генацыдзе беларускага народу», а ўлады ўжо хочуць «выхоўваць» не толькі вучняў, але і бацькоў.

Hавiны
Палітолаг назвала пяць «Д» неабходных, каб у беларускіх вну больш не было рэпрэсіяў
2023.07.23 12:27

Замежныя мовы цяпер заклікаюць выкладаць так, каб дзеці не «пагружаліся ў культуру і гісторыю носьбітаў мовы», хоць у беларускую гісторыю і культуру дзяцей па-ранейшаму «пагружаюць» па-расейску. Разам з тым у Беларусі скасавалі права нацыянальных меншасцяў навучацца на родных мовах.

І ўжо не толькі абавязваюць дзяцей насіць школьную форму, але і пагражаюць бацькам: з імі «будуць працаваць», калі дзіця прыйдзе не ў форме. Тое, што бацькі не бачаць сэнсу ў школьнай форме і не хочуць купляць прадукцыю «Беллегпраму», сітуацыі не мяняе.

Не тыя рэформы, якіх чакалі

Улады Беларусі увесь час спрабуюць неяк рэфармаваць сістэму адукацыі, але далёка не ўсе рэформы ўспрымаюцца пазітыўна. Гэтак, сёлета замест шмат крытыкаванага цэнтралізаванага тэставання абітурыентаў абавязалі здаваць цэнтралізаваны экзамен – фактычна, тое ж ЦТ, толькі спалучанае з выпускным школьным экзаменам. Ды першы ж ЦЭ павярнуўся скандалам: сістэму ацэнкі вучні і бацькі палічылі несправядлівай, яе давялося мяняць «на ляту», між экзаменамі.

Пасля таго скандалу ўлады анансавалі яшчэ адзін маніторынг сістэмы адукацыі. Але Лукашэнка ў выніку застаўся незадаволены і гатовасцю школаў да навучальнага года, і рэктарскім корпусам універсітэтаў.

Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская 1 верасня падзякавала сумленным настаўнікам і школьнікам, якія не вераць прапагандзе, а таксама заклікала бацькоў не хаваць праўду аб праблемах у адукацыі. Паводле яе, нават малыя дзеці разумеюць, што сітуацыя ненармальная.

Алесь Наваборскі belsat.eu