Кажаны ў доме. Што рабіць, калі з вамі пасяліліся незвычайныя суседзі


Кажаны ў звычайным жыцці імкнуцца пазбягаць сустрэчы з чалавекам, але здараецца так, што жывёла можа заляцець у кватэру ці арганізаваць цэлай зграяй сховішча на даху ці ў гаўбцах. Разбіраемся, да каго звяртацца ў такіх выпадках і чаго дакладна не варта рабіць з кажанамі, чаму іх трэба берагчы і не пужацца пры сустрэчы. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Група кажаноў у іх натуральным асяроддзі. Ўэлінгтан, Новая Зеландыя. 1 лістапада 2021 года.
Фота: Lu Huaiqian / Xinhua News Agency / Forum

У межах Еўропы кажаны – жывёлы знікаючыя і рэдкія. Яны граюць вельмі важную ролю ў экасістэмах і карысныя ў сельскай гаспадарцы, бо знішчаюць шкодных для прамысловасці казурак. У сувязі з гэтым абсалютна ўсе віды кажаноў у Еўропе ахоўваюцца законам. Акрамя таго ёсць міжнародныя канвенцыі, да якіх Беларусь таксама прыядналася, і згодна з якімі асаблівай ахове ў нас падлягаюць усе віды кажаноў. Аднак у Чырвонай кнізе Беларусі налічваецца толькі 8 відаў кажаноў з 19-ці, якія жывуць у нашай краіне.

Як выбіраюць жыллё кажаны і чаму залятаюць да людзей

У кажаноў існуе прынцыповая розніца паміж зімовымі сховішчамі і сховішчамі летнімі. «Улетку так званым «мацярынскім» калоніям кажаноў трэба цёплае месца. Гэта трэба для таго, каб нармалёва ішла цяжарнасць і развіваліся малыя. Зімой ім трэба больш-менш халодныя сховішча, але са стабільным мікракліматам. Гэта тэмпература ад 0 да плюс 10 градусаў і высокая вільготнасць, каля 80%. Калі ўлетку кажаны жывуць дзе-небудзь на паддашку, напрыклад пад шыферам, то зімой яны будуць жыць у іншым месцы, падвалах ці паграбах – пад зямлёю. Таксама яны могуць злятаць ад нас на поўдзень», – кажа эксперт па кажанах.

Акрамя звычайных сховішчаў кажан можа заляцець у кватэру да людзей, але гэта выпадкова. Напрыклад у ліпені, калі гэта маленькія недасведчаныя кажаняткі і яны не разумеюць, куды ляцець. Тады яны могуць залятаць у жылыя памяшканні, аднак у іх няма намеру там жыць. У гэтым выпадку трэба проста паадчыняць вокны і кажан вылеціць сам. Калі кажанчык апынуўся на падлозе ці на сцяне, можна яго ўзяць рукой, але абавязкова ў пальчатцы, ці накрыць каробкай і выпусціць на вуліцы.

«Трэба разумець, што кажан – гэта жывёла бясшкодная. Ніякай небяспекі для чалавека яна не ўяўляе і на людзей яны не нападаюць, але яны могуць укусіць, калі іх браць голымі рукамі – гэта адзіны шанец атрымаць укус ад кажана», – тлумачыць эксперт.

Таксама кажаны могуць залятаць да людзей увосень, калі яны групамі ці зграямі ляцяць на поўдзень. «Некалькі гадоў таму ў Менску да аднаго хлопца заляцела ў кватэру каля 40 кажаноў, яны проста пераначавалі ў яго, адпачылі. Ён адчыніў вокны і на наступны дзень яны ўсе самі вылецелі», – узгадвае наш суразмоўца.

Калі кажаны засталіся на зімоўку дома

Кажаны могуць залятаць у жылыя дамы і для зімоўкі, звычайна цэлай зграяй. Напрыклад, яны могуць жыць паміж бетоннымі плітамі ў шматпавярховіку. У такім выпадку існуе праблема для ЖЭС, бо калонія кажаноў можа жыць у поласцях паміж бетоннымі плітамі і тады ніякай фізічнай магчымасці што-небудзь зрабіць няма, бо поласці могуць ісці па ўсяму дому.

Бывае, што кажаны могуць пасяліцца пад шыферам, на гаўбцах ці дахах дамоў. Калі падобныя выпадкі адбываюцца ўзімку і кажаноў можна дастаць, то час ад часу жывёлаў перадаюць у спецыяльныя цэнтры, каб яны не загінулі. Аднак трэба адзначыць, што кажаноў нельга проста выкінуць узімку на вуліцу – яны загінуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Двухтыднёвая экспедыцыя ў рамках праекту «Bat fauna inventory in Northern Belarus» у пошуках кажаноў у Паўночнай Беларусі. Ліпень 2020 года.
Фота: Кажаны Беларусі / Bats of Belarus

Улетку кажаны могуць жыць на паддашку, у дачным доміку, але з пачаткам халадоў яны злятуць адтуль самі. У такім выпадку трэба дачакацца, калі яны зляцяць са свайго месца жыхарства, упэўніцца, што там нікога няма і прыкладна ў верасні-кастрычніку ўсе дзіркі, праз якія яны трапляюць у сховішча, трэба чым-небудзь закрыць. Напрыклад, мантажнай пенай.

Адна з арганізацыяў, якія ратуе кажаноў узімку – гэта «Кажанаполіс». Яна працуе прыкладна з канца лістапада да пачатку красавіка і за апошнія 5 гадоў выратавала каля 1000 жывёлаў. Пасля зімоўкі ў красавіку ўсіх кажаноў  выпускаюць на волю.

Ці можна заразіцца ад кажаноў каронавірусам ці шаленствам

У кажаноў няма каронавіруса, зусім, кажа эксперт. Яны проста не хварэюць на каронавірус, а сама хвароба перадаецца толькі ад чалавека да чалавека.

«У арганізме кажаноў ёсць вірус, падобны да таго вірусу, які вызывае ковід, але ніякіх доказаў таго, што вірус перакінуўся ад кажаноў да чалавека за гэтыя чатыры гады не было».

Выпадкаў шаленства ад кажаноў у Беларусі таксама не было. Напрыклад еўрапейскія даследаванні за апошнія 40 гадоў паказваюць, што адсотак кажаноў, у якіх ёсць шаленства, досыць малы. Так, у Еўропе было выяўлена 5 выпадкаў за 50 гадоў. Для параўнання: ва ўсім свеце 50 тысяч чалавек штогод атрымліваюць шаленства ад катоў і сабак.

Таксама ў кажаноў ёсць цікавыя асаблівасці – яны жывуць з шаленствам вельмі шмат часу і ўжо адаптаваліся, таму ў іх няма агрэсіўнай стадыі. То бок нават калі кажан шалёны, па-першае, ён можа перахварэць і зноўку стаць здаровым, па-другое – ён на вас ніколі не нападзе. І паколькі шаленства перадаецца праз укус, то адзіная магчымасць атрымаць шаленства ад кажана – гэта ўзяць кажана голымі рукамі без пальчатак.

Таму якія б забабоны не былі звязаныя з кажанамі за іх незвычайны выгляд, для чалавека і для жывёлаў у нашых краях яны цалкам бясшкодныя, адзначае эксперт. Іх наадварот трэба берагчы і захоўваць, бо іх папуляцыя і так скарачаецца.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў