Форма і толькі форма…

Кожны год напярэдадні 1 верасня бацькі ліхаманкава аглядаюць гардэроб свайго дзіцяці, каб упэўніцца, што ўсё адпавядае патрабаванням Мінадукацыі і праблемаў у школе не ўзнікне. Школьная форма, абутак, ранец, форма і абутак для фізры, асадкі, пенал, сшыткі, контурныя мапы, дзённік і яшчэ шмат што. Калі яшчэ дзіця – падлетак, то часцей за ўсё гэта ідзе ў камплекце з сапсаванымі нервамі ад «я такога не апрану», «не буду хадзіць з такім ранцам» і гэтак далей. Паход у краму з дзіцем для рыхтавання да школы – той яшчэ радасны занятак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Я ўвогуле не магу ўзгадаць, калі нашую школьную форму можна было б назваць прыгожай. У мой час для школьнікаў кожнай саюзнай рэспублікі была распрацаваная свая нібыта нацыянальная школьная форма. Для БССР гэта былі сінія сарафаны з сінтэтыкі, а для хлопчыкаў – гарнітур сіняга колеру, вядома, таксама сінтэтычны. Ён быў пашыты з такога матэрыялу, што пятая кропка, калені і локці заўсёды блішчалі. Нягледзячы на ​​тое, што ён быў сінтэтычны, ён увесь час быў нейкі мяты і ў каташках. Праўда, першы час дзяўчаткам дазвалялі насіць форму старога ўзору: карычневая сукенка з фартухом. Фартухоў павінна было быць два – чорны на кожны дзень і белы на святы.

У першы клас я пайшла ў такой форме. Матэрыял быў з чыстай воўны. Як потым высветлілася, гэта было тонкае імпартнае англійскае сукно. Мама набыла гэтую форму ў Ленінградзе, дзе была ў камандзіроўцы. Я тады ў гэтым зусім не разбіралася і паступова прывыкла да таго, што мяне спынялі ў калідоры настаўніцы, пачыналі мацаць сукенку і прыгаворваць: «Ах, якое хараство!» Але на гэтае хараство трэба было кожны тыдзень прышываць каўнерык і абшэўкі. Хто гэтым займаўся, той памятае, як гэты нюанс мог сапсаваць настрой, бо гэтыя каўнерыкі трэба было кожны раз адпорваць, мыць, прасаваць, а потым зноў прышываць, каб у панядзелак усё было як новае. Не самы прыемны занятак для дзіцяці. У мой час было не прынята, каб такую ​​працу рабілі за дзяцей бацькі. Лічылася, што дзяўчынка мусіць не проста сама гэта рабіць, а нават любіць гэтым займацца. Яна ж дзяўчынка. Але часам мне шанцавала і мама рабіла гэтую працу за пару хвілінаў.

Hавiны
У Мінадукацыі прыгразілі бацькам дзяцей, якія будуць хадзіць у школу без формы
2023.08.29 11:13

Не ведаю, як склаўся лёс гэтай сукенкі, таму што яна перадавалася па ланцужку наступным пакаленням, у каго дзіця ішло ў першы клас, таму што англійскае сукно – гэта не савецкі лёгпрам. Яго можна было насіць гадамі. Чаго не скажаш пра нашыя піянерскія гальштукі. Нам увесь час расказвалі, што гальштук у піянера адзін і потым ён захоўваецца ўсё жыццё як памяць. Як жа. Нашыя гальштукі пасля прання нагадвалі анучы з нейкімі абгрызенымі канцамі, і на іх нярэдка былі сляды пасты ад шарыкавых асадак.

Аднойчы я бегла на нейкае мерапрыемства і павесіла вымыты гальштук на таршэр, каб ён хутчэй высах. І тут тата адарваўся ад газеты: «Цікава: з якой дрэні яны шыюць гэтыя гальштукі? Чаго ён так смярдзіць?» Здаецца, за год даводзілася купляць мінімум пяць гэтых «святых для кожнага піянера» гальштукаў, каб яны выглядалі, як той, які «адзін на ўсё жыццё».

Часы мяняліся. Забыліся пра тыя аранжавыя анучы, але са школьнай формай нічога не змянілася. Яна так і засталася нязручнай, з нейкіх жудасных тканінаў, бяздарных фасонаў і расфарбовак. У 90-я і пачатку нулявых зразумела, што было не да яе – ёсць што апрануць і добра.

Загаварылі пазней у кантэксце таго, што форма дазваляе пазбегчы маёмаснай няроўнасці. З гэтым, безумоўна, можна паспрачацца, бо акрамя адзення ёсць іншыя прыкметы гэтай няроўнасці. Што ж датычыць школьнай формы, то дзецям і іхным бацькам зноў даводзіцца мець дачыненне з айчынным «Беллёгпрамам». Як быццам і не было некалькіх дзясяткаў гадоў. Усё тыя ж маркотныя і нязручныя фасоны і танныя сінтэтычныя тканіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дэкларатыўна патрабаванні да школьнай формы гучаць так, як і павінны гучаць: зручная, прыгожая, гігіенічная… Але на практыцы сінтэтыка, у якой дзіця кожны дзень некалькі гадзінаў сядзіць за партай і яшчэ на перапынках бегае па калідоры, зусім не той матэрыял, які спрыяе хаця б элементарнай гігіене.

Сёння ў школах дапускаецца нават макіяж у школьніц, але пры гэтым забараняецца насіць красоўкі. Дзяўчаткі павінны насіць толькі туфлі. Чаму? Але і з красоўкамі для хлопчыкаў усё не так проста. Аказваецца, нельга насіць красоўкі, калі яны чорныя, а падэшва белая ці наадварот. Цікава, што б на гэты конт сказалі іх вытворцы? Яны, хутчэй за ўсё, і не здагадваюцца, што ў адной краіне дзецям у школах забаронена насіць такі абутак. Праўда, нічога не гаворыцца пра красоўкі бела-чырвонага спалучэння. Відаць, мяркуецца, што вучань у іх і так не дойдзе да школы, а калі і дойдзе, то раз ці два. З гэтым дрэс-кодам разбярэцца іншае ведамства.

З дрэс-кодам чыноўнікі ўсіх заблыталі. Спачатку Лукашэнка заявіў: «Па школьнай форме павінна быць разнастайнасць, а не як за савецкім часам. Не павінна быць дрэс-коду, дзяцей не трэба заганяць у нейкую вузкую прастору. Не думаю, што нехта будзе загінаць кошты, усё пад кантролем».

Міністэрства адукацыі са свайго боку звяртае ўвагу бацькоў, што ў школе непрымальныя «скарочаныя блузкі, майкі і спадніцы, футболкі з яркай аплікацыяй, джынсы, якія аблягаюць, вячэрнія ўборы». Калі з вячэрнімі ўборамі ўсё больш-менш зразумела, хаця хто яго ведае, што яны маюць на ўвазе, то з джынсамі не да канца. Чаму яны мусяць быць шырокімі? Са штанамі таксама ёсць праблема. Нельга, каб яны былі завужаныя. Толькі прамыя. І зноў – чаму? Незразумела, якія менавіта аплікацыі будуць лічыцца яркімі, – пытанне ў колеры ці ў змесце?

Акрамя таго, кожная навучальная ўстанова выбірае сваю форму. Але трэба яшчэ выбраць штосьці з абавязковага стандарту, гэта значыць, «ужыць першы элемент». Што гэта такое? Тут ужо і пра «другі элемент» загаварылі.

Можа, міністр адукацыі патлумачыць, у чым рэч? А ён і растлумачыў на выніковай калегіі камітэту адукацыі Менгарвыканкаму. Спадар Андрэй Іванец сказаў літаральна наступнае: «…калі летась школа выбрала камізэльку, то сёлета можна будзе дапоўніць яе, напрыклад, штанамі альбо белай сарочкай, альбо гальштукам. Тут мы не абмяжоўваем у выбары. Бацькі разам з настаўнікамі павінны правесці шырокае абмеркаванне». А што тут абмяркоўваць? Выбар – гэта, вядома, добра, але як на мяне, то штаны лепшыя за гальштук. У іх цяплей, асабліва зімой. Ці ў міністра такая прамова, што не кожнаму смяротнаму дадзена яго зразумець?

Ды што там школьная форма для вучняў! «Беллёгпрам» распрацаваў форму для кухараў у школьных сталоўках. Яе з 1 верасня будуць насіць яшчэ буфетчыкі і пасудамыйкі. Яна больш падобная на маскарадныя касцюмы скамарохаў. Паводле прадстаўнікоў лёгпраму, яны распрацоўвалі гэтую форму разам з Цэнтрам моды. У гэта цяжка паверыць. Такое адчуванне, што той Цэнтр моды ў поўным складзе з’ехаў за мяжу, а гэта нейкі новы. Прадстаўнікі «Беллёгпраму» гавораць, што аналагаў у рэспубліцы няма. А вось у гэта верыцца. Чаму так сціпла? Напэўна, няма аналагаў ува ўсім свеце.

Форма кухараў менскіх школаў з 1 верасня 2023 года.
Фота: Концерн «Беллегпром» / Telegram

Што да дрэс-коду ў настаўніцкіх калектывах, то ён заўсёды неафіцыйна існаваў. Магчыма, не толькі неафіцыйна. Маглі асобныя ўстановы мець і нейкія інструкцыі, якія могуць датычыць даўжыні спадніцаў, ці яшчэ нейкія абмежаванні. Хацелася б пачытаць, ці не сказана там нешта наконт вячэрняга туалету. Ведаю адну настаўніцу – аматарку сукенак з разрэзамі і гіпюравымі ўстаўкамі.

Але далей за ўсіх пайшлі настаўніцы сталічнай 101-й школы. Яны ўвогуле вырашылі не затлумляцца наконт дрэс-коду і прыдумалі для сябе адзіную форму. Але і тут як у казцы. Не, не скамарохі. Гэта нібыта рэпліка сукенкі, у якую была апранутая акторка Наталля Андрэйчанка ў галоўнай ролі ў фільме «Мэры Попінс, да пабачэння». Можа, настаўніцы думаюць, што падобныя на гераіню фільму, але, як бы гэта мякчэй выказацца, выглядаюць крыху інакш. Нібыта Мэры Попінс падчас палёту выпусціла з рук паветраныя шарыкі. Шкада, не даставілі яны нам радасці бачыць гарнітур настаўніка-мужчыны. Калі б ён надзеў такую ​​сукенку, то быў бы выліты суддзя. Якая краіна, такія і асацыяцыі.

Фота: sch101.minsk.edu.by

Выглядае ўсё гэта камічна, але бацькам і дзецям ад гэтага не лягчэй. Урэшце ж праблема школьных сталовак вельмі сурʼёзная. І якая розніца, у якой форме будзе кухар, калі ежа нясмачная і нездаровая? Даўно не дызайнераў для сталовак трэба прыцягваць, а дыетолагаў. Але чаго чакаць ад тых пасяджэнняў? Хто сёння там можа сказаць, што настаўнікам трэба абуджаць цікавасць школьніка да свайго прадмету, а не сачыць, якой даўжыні ў яго майка і ці ёсць на ёй дзяржаўная сімволіка? Хто скажа тым настаўніцам са 101-й школы, што калі не валодаеш сваім прадметам, калі табе не падабаецца займацца педагогікай, то апраніся ты хоць Снежнай каралевай, дзеці не будуць цябе слухаць, бо ім нецікава?

Міністэрства адукацыі прэзентуе форму, прычым ува ўсіх сэнсах. Форму і толькі форму. Пра змест даўно гаворкі не ідзе. Значыць, камусьці гэта трэба.

Hавiны
Усіх менскіх школьнікаў з 2024 года прымусяць насіць уніформу з чырвона-зялёнай сімволікай
2023.08.27 15:25

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў